Юбілей сустрэнем з «Васількамі»
Школьный дневник

Юбілей сустрэнем з «Васількамі»

василькиГледзячы на тое, з якім агеньчыкам у вачах расказвае пра сваіх выхаванцаў педагог дадатковай адукацыі Цэнтра дзіцячай творчасці Вольга Мікіцюк, дзіву даешся — захопленасць, натхненне і фантазія адчуваюцца ў кожным слове таленавітага харэографа.

Другі год запар хлопчыкі і дзяўчынкі ад 5 да 11 год займаюцца ў калектыве “Васількі”. Па словах Вольгі Рыгораўны, занята праходзяць два разы ў тыдзень. Звычайна пачынаюцца яны з размінкі, затым паўтараюць рэпертуар. Уваходзяць у яго танцы: народны ў сучаснай апрацоўцы (“Беларусь”, “Іван Купала”, “Дражнілкі”, “Кадрыль”), сучасна-эстрадны (“Маша і мядзведзь”, “Бэтмэн”, “Клеапатра”, “Антошка”, “Султан” — на здымку). Па такой жа схеме вучацца і юныя вяскоўцы ў Язвінках, дзе ў мясцовай школе таксама дзейнічае танцавальны гурток. Як прызналася кіраўнік аб’яднання па інтарэсах, нярэдка пешшу дабіраецца ў райцэнтр, а па дарозе прыдумвае новыя ідэі. Шматлікімі падказкамі, што і як зрабіць, дзеляцца самі малышы.

Задавольвае педагога і той факт, што бацькі выхаванцаў з разуменнем ставяцца да прапаноў, не адмаўляюць, калі трэба, у фінансавай дапамозе. Пры іх падтрымцы ажыццяўляюцца паездкі на розныя конкурсы і фестывалі. Летась “Васількі” ўпершыню ўдзельнічалі ў рэспубліканскіх танцавальных спаборніцтвах “Брава, дзеці!”, адкуль прывезлі спецыяльны прыз. Сёлета сапернікі аказаліся крыху мацнейшымі. Нашы дзеткі асабліва не сумавалі: вераць, што, удасканаліўшы майстэрства, яшчэ паявіцца шанц праявіць усе артыстычныя здольнасці!

Неўзабаве юныя танцоры прадэманструюць новую тэатралізаваную пастаноўку “Вясна 45 года”. Цікавая гісторыя распавядае пра каханне маладых людзей, шчаслівыя мары на будучыню якіх перакрэсліла вайна… Гатова музычнае афармленне, падрыхтаваны касцюмы (асабліва дапамагла бабуля Данілы Кіпцэвіча — Людміла Пятроўна Сыцінюк, чый бацька з’яўляецца ветэранам Вялікай Айчыннай), вывучаны тэксты. “Васількі” чакаюць запрашэнняў! Сваім выступлением упрыгожаць любое свята, асабліва сімвалічна — да юбілею Вялікай Перамогі!

На здымку: з задавальненнем займаюцца танцамі Ганна КАЗЛОЎСКАЯ, Паліна КАЦЮКОВА, Анастасія ЛАЗІЦКАЯ, Яна МАКСІМОВІЧ, Валерыя АЛЯШКЕВІЧ, Дар’я СІМЯНЮК, Дар’я СКІБА, Дор’я ТОКАР, Ксенія ЯРАХОВІЧ, Андрыяна ГУРЭЙ і Раман ДАНІЛОВІЧ.

Наталля ПАЎЛЮКЕВІЧ



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть