Школьный дневник

З музыкай ісці ў горы і радасці

хлябовичСярод нас ёсць людзі, пра якіх мы ведаем вельмі мала, а яны заслугоўваюць значнай увагі і павагі. Асабліва прыемна, што чалавек, пра якога хачу расказаць, зусім малады і змог за кароткі час дасягнуць значных поспехаў у любімай справе.
Аляксандр Хлябовіч родам з Сінкевіч. Звычайны вясковы хлапчук з дзяцінства захапляўся музыкай. Падтрымаўшы інтарэс юнака, маці аддала яго ў музычную школу, хаця аддаленасць ад райцэнтра і дадавала вялікія нязручнасці. Потым быў каледж у Брэсце па такому ж профілю. Будучы ўпэўненым у правільнасці выбару, для ўдасканальвання прафе-сійнага майстэрства ён паступіў у Акадэмію музыкі ў Мінску. За ўвесь час навучання былі толькі станоўчыя водгукі і выдатныя адзнакі. Завяршылі працэс атрымання ведаў заняткі ў магістратуры…
З духавымі інструментамі Аляксандр звязаў сваё сённяшняе і марыць займацца гэтым у будучым. Работа ў аркестрах – прэзідэнцкім і Міхаіла Фінберга, яшчэ раз паказала, што музыкант на сваім месцы. Тройчы поспехі нашага таленавітага земляка адзначаны на самым высокім узроўні. Ён атрымліваў прэмію і стыпендыю ад Прэзідэнта, мае званне лаўрэата Прэзідэнцкага фонду, рэспубліканскага і міжнароднага конкурсаў.
Свае здольнасці палескі хлопец паказаў у далёкай Паўночнай Карэі, дзе працаваў два гады назад. Чужая краіна ветліва прыняла беларуса, даўшы новы стымул для творчасці. Зараз падрыхтаваны новы кантракт, ужо ў Паўднёвую Карэю, куды Аляксандр адправіцца на днях. Доўгія пералёты, новыя краявіды, і загучыць музыка, якую аднолькава разумеюць на ўсіх мовах і кантынентах. Натхняюць яго на выдатныя паказчыкі ў любімай справе самыя блізкія людзі – васьмігадовая дачушка Сняжана і жонка Вікторыя.
Музыку прынята ўспрымаць з радасцю, але не заўсёды светла на душы ў таго, хто яе выконвае. Пазнаёміліся з Аляксандрам у няпросты перыяд жыцця. Два тыдні назад пахавалі яго бацьку – Валерыя Уладзіміравіча Хлябовіча. Пачуццё няяснай трывогі за роднага чалавека інтуітыўна прывяло сына з далёкай паездкі дадому якраз перад тым, каб паспець развітацца назаўсёды. 8 год мужчына змагаўся з інсультам, які падкошваў няшчаснага чалавека чатыры разы. Колькі сіл і намаганняў па догляду за мужам спатрэбілася матулі Любові Мікалаеўне, якая працуе майстрам на “Палімеры”. Як балюча жанчына ўспрыняла цяжкую страту якраз тады, калі хвароба, здавалася, ужо стала адступаць. Мужнасць ёй спатрэбіцца і надалей, для догляду за 80-гадовай матуляй, інвалідам 2 групы.
У Сінкевічах яны не мясцовыя, гэта з гадамі тут усё стала сваім. Прыехалі яшчэ ў савецкі час, як калгасныя спецыялісты, тут атрымалі жыллё. Родам яна з Лельчыц, нябожчык Валерый – з Удрыцка, пры-гранічнай часткі Украіны. Тут маладая сям’я знайшла разуменне і падтрымку, але мала спазнала сямейнага шчасця.
Зараз сіл і цярплівасці дадаюць дзеці, хоць за іх трывога таксама не пакідае ніколі. Неспакойна Любові Мікалаеўне адпускаць сына ў далёкі край, але пачуцці яна схавае глыбока ў сабе, бо з разуменнем адносіцца да выбару маладых.
Дачка Вольга з мужам жывуць у Мінску. Пакуль яна даглядае маленькага Мікітку, з якім прыехала падтрымаць родных у цяжкі час. Другая дачушка Вікторыя, юрыст па адукацыі, таксама гадуе сына, жыве непадалёку.
Бацькоўская хата на ўскрайку вёскі сабрала ўсіх родных, каб развітацца назаўсёды з часцінкай сваёй душы, лепшымі дзіцячымі ўспамінамі, светлымі момантамі юначай абароненасці. Больш ніколі яны не будуць усе разам. Гукі трубы Аляксандра на пахаванні гучалі пранікнёна і жаласна, выклікаючы слёзы не толькі ў блізкай радні. Здольнасці спатрэбіліся, каб аддаць музыкай усю сваю сыноўнюю ўдзячнасць і павагу…
Няхай надалей толькі радасная ўрачыстасць гучыць у выкананні музыканта, якому з маленства чулася меладычнасць у спеве птушак, шуме знаёмага бору ці ў размераных кроплях дажджу. Свет вялікага мастацтва пакарыўся прадстаўніку Лунінеччыны. І цяпер многія з нас будуць з асаблівым пачуццём слухаць гукі аркестра, ведаючы, што шматлікія творы часта выконвае наш зямляк, зліўшыся ў адно цэлае з вялікім калектывам. Ён з любога куточку свету будзе абавязкова славіць наша роднае Палессе, перадаючы свае адчуванні не словамі, а музыкай.

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть