Школьный дневник

Закружыўся ў танцы «Васілёк»

У Цэнтр дзіцячай творчасці г. Лунінца прыбыла як раз да заканчэння генеральнай рэпетыцыі перад справаздачным канцэртам калектыву «Васілёк». Каля танцавальнай залы – родныя юных артыстаў.

Прайсці ў холе практычна немагчыма. На лаўках – партфелі і адзенне, а ў люстэрках на ўсю сцяну адбіваюцца ўсмешкі ў разнокаляровасці яркіх касцюмаў. З-за дзвярэй чую па-салдацку строгія ўказанні настаўніцы. Бацькі супакоілі:

– Самі паспрабуйце справіцца адразу з такой колькасцю хлопчыкаў і дзяўчынак, ды яшчэ і прымусіць іх рухацца, як трэба. Дзеці любяць свайго выкладчыка і слухаюцца, на строгасць не крыўдзяцца, разумеюць, што прыходзяць сюды займацца справай, а не гуляць.

Праз дваццаць хвілін пачнецца канцэрт, а значыць, ёсць час пагутарыць з кіраўніком калектыву Вольгай Мікіцюк, якая сапраўды, нягледзячы на знешнюю строгасць, выклікае прыязнасць да сябе.

– Нарадзілася і вырасла ў Міжлессі. Пра тое, што будучую прафесію хачу звязаць з педагогікай, зразумела з малых год. Мама – выхавальнік, не раз прыводзіла да сябе на работу, дзе я ўяўляла сябе як масавік-забаўнік. Закончыўшы Пінскі каледж мастацтваў і адпрацаваўшы харэографам у дзіцячай школе мастацтваў уладкавалася ў ЦДТ. Тады і ўзнікла ідэя стварыць калектыў «Васілёк». З імпэтам узялася за сваю першую групу маленькіх танцораў. З назвай вызначыліся адразу. Нездарма  кажуць, што дзеці – кветкі жыцця. Ды і сама расліна такая ж трапяткая, адчувальная да цяпла, як і мае выхаванцы. За чатыры гады існавання групы многія ўжо выраслі, але застаюцца вернымі свайму «Васільку». Разам прыдумляем пастаноўкі, прапрацоўваем ідэю танца. Заўсёды прыслухоўваюся да меркавання маіх падапечных, даю магчымасць выбару, такім чынам яны могуць адчуць усю значнасць і адказнасць сумеснай творчасці і не дапускаць памылак.

Не пакідае па-за ўвагай настаўніца і дзетак з вёсак. На базе Язвінскай СШ навучае харэаграфічным “па” дзяўчынак і хлопчыкаў. На пытанне, што дапамагае справіцца з пяццю рознаўзроставымі саставамі (ад 5 да 12 гадоў), адказвае з усмешкай:

– Вельмі люблю сваю работу! Нават муж мяне да яе раўнуе і кажа, што я сюды хаджу, як на свята. І гэта сапраўды так!

Маленькіх танцораў пазнаюць на вуліцах горада, а з іх танцамі-візітоўкамі «Бэтмен», «Маша і мядзведзь», «Бойфрэнд» час ужо ладзіць флэшмобы, бо рухі, як і самі кампазіцыі, лёгкія ў запамінанні.

– Мелодыі выбіраем вясёлыя, душэўныя і папулярныя ў народзе. І вельмі прыемна, калі з калектывам пачынаюць падтанцоўваць гледачы.

Вольга Рыгораўна прызнаецца, што нейкі асаблівы адбор у групы не вядзе. Дзеткі, не схільныя да танцаў, як правіла, не прыходзяць.

– Я – патрабавальны педагог. Строга сачу за дысцыплінай і наведвальнасцю. Зацікаўліваю выступленнямі на святах раёна, прымаем удзел на мерапрыемствах горада. Танцы, як правіла, у нас сюжэтныя, каб  было цікава і дзеткам, і гледачу. Перад кожнай пастаноўкай вяду размову з выхаванцамі. Напрыклад, перад тым, як ставіць кампазіцыю «Вясна 45-га года», расказала аб гэтай трагедыі, каб яны пранікліся. Трэба аддаць належнае і бацькам. Яны падтрымліваюць калектыў не толькі маральна, але і матэрыяльна: дапамагаюць з касцюмамі, транспартам, суправаджаюць у паездкі.

Але танец складаецца не толькі з ідэі і «па». Хлопчыкам і дзяўчынкам даводзіцца быць сапраўднымі артыстамі:

– Вучу ўсміхацца «зубкамі», каб  нават у апошнім радзе бачылі іх ўсмешкі. Перад кожным выступленнем ніводнага не выпушчу на сцэну, пакуль асабіста не праверу касцюмы, знешні выгляд дзяўчынак.

І вось – галоўны момант, да якога рыхтаваліся год – справаздачны канцэрт. Адна за адной выходзілі прыгажуні з ўсхода, з зачаравальным танцам «Клеапатра», «іспанкі» з гарачым танга і ўсмешлівыя беларусачкі з усімі любімым «Крыжачком». І хоць пакуль гэта не сцэна палаца Рэспублікі, а невялікі зал ЦДТ, затое побач самы ўдзячны глядач: мамы і таты, дзядулі і бабулі, якія не шкадавалі авацый і кветак для сваіх любімых артыстаў.

Наталля АРАШКЕВІЧ. Фота аўтара.

Теги



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть