Званы заклікалі да міласэрнасці
У Сінкевіцкай СШ адбылася прэм’ера відэафільма, прысвечанага памяці настаяцеля храма Пакрова Бажай Маці в. Мокрава Епіфанія Валашчука (1905-1944), закатаванага фашыстамі.
Лейтматывам літаратурнай праграмы, што суп-
раваджала сустрэчу, стала думка: “Мы жывём у мірны час. Але наш шматпакутны народ зведаў жудасны час вайны, калі жорсткасць і міласэрнасць, лютасць і гуманнасць ішлі побач”. Яе падмацоўвалі вершы. Гучала і “Балада аб чатырох заложніках” Аркадзя Куляшова (адначасова ўшанаваўшы імя паэта з нагоды яго 100-гадовага юбілею).
Вядомыя з часоў вучобы ў школе радкі:
“Перад бацькам Мінаем
Станьце, усе бацькі, на калені!”.
Іх сэнс тлумачаць многія вучні, даказваючы сваё асэнсаванне маральных паняццяў.
У памяць пра ахвяр фашызму гучаць “Малітва” Генадзя Бураўкіна і яшчэ адна балада – “Балада пра смяротнікаў” Уладзіміра Караткевіча:
“У час, як знікнуць звады праклятыя, –
помніце, помніце нас.
У час вялікага свята, – помніце, помніце нас.
Каб заўсёды была чалавечнасць,
Каб шчасце сялілася ў хатах,
Каб давеку жыла Радзіма, –
Не забывайце нас”.
Жыхары Сінкевіцкага сельсавета выконваюць гэты запавет. Гэта датычыць вяскоўцаў даваеннага часу, якія пахавалі свайго свяшчэнніка на могілках каля Свята-Георгіеўскай царквы, даглядалі за яго магілай, а потым наказвалі рабіць гэта сваім дзецям. Гэта датычыць педагогаў і школьнікаў 1990-ых год, якія збіралі звесткі ў гісторыка-дакументальную хроніку “Памяць. Лунінецкі раён” і ўвекавечылі імя вясковага настаяцеля – ахвяры фашызму. Гэта датычыць сённяшніх настаўнікаў і вучняў, якія падрыхтавалі музычна-літаратурную вечарыну.
Праграма завяршылася праглядам тэлефільма, у здымках якога прымалі ўдзел многія юныя і дарослыя жыхары. Яны разам сядзелі ў актавай зале, быццам даказваючы, што памяць аб вайне яднае пакаленні, як і агульная прага міру на такой неспакойнай зямлі…