Общество

Што лета прынясе?

Надакучыў сусед сваімі роспытамі пра рыбалку. А я што? Забарона – пакуль нераст не пройдзе. Ён жа па-ранейшаму на сваім стаіць: “На адну ж вуду можна. Схадзіў бы на рэчку, глядзіш, і на юшку налавіў”.
А якая ж рыбалка цяпер, калі яшчэ напрыканцы красавіка абмялела рэчка. Ды так, што ў некаторых месцах добраму хлопцу і пераскочыць на другі бераг можна.
Прыхапіў гнуткае бярозавае вудзільна, якое пабачыла не адзін трафейны экзэмпляр, падаўся да вады. А тут ужо рыбаловаў, як машкары ля жывёлы на пашы. Вырашыў прайсціся па старых мясцінах – паспрабаваць на водмелях, ля крутых берагоў, у зацішку. І што вы думаеце? Адазвалася рыба. Ды яшчэ якія плоткі на апарыша пайшлі – адно задавальненне. У кагосьці на чарвяка акуні спакушаюцца, іншы на чародку пячкуроў натрапіў, а хтосьці добрых шчупакоў выцягнуў. А вось бляшня пакуль маўчыць. Воблер нядрэнна працуе, не лянуйся толькі на ціхіх плёсах пакідаць прынаду. Абавязкова трапіць зубастая. Варта толькі перад гэтым жменьку-другую падкінуць у ваду замочанага пшанічнага вотруб’я для верхаводак. Тут паспяшайся ўжо спінінг кідаць.
Ажылі ў вадаёмах карасі, што згаладаліся за зіму. Іх лёгка заўважыць у азёрах ды меліярацыйных каналах, уздоўж маладой берагавой расліннасці. Часта пузацікам па смаку прыходзіцца гноевы чарвяк, здобраны хлебны мякіш. Многія ловяць на аўсяныя шматкі. Насадзіць іх на кручок лепш з дапамогай сырой бульбіны. Робіцца гэта так: разразаем яе на палавіну, выкладваем зверху 3-4 геркулесіны і нанізваем на востры кручок. Падыдзе і хлебны мякіш з дабаўленнем маладога кропу.
Разыграць апетыт у рыбы і затрымаць яе на адным месцы можна з дапамогай рачнога пяску, раз за разам кідаючы паблізу каля вуд. Добрай прынадай паслужаць дзіцячая малочная сумесь, паніровачныя сухары і аўсяныя шматкі.

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть