Сілкуе ЛЮБОЎ ДЗЯЦЕЙ
Общество

Сілкуе ЛЮБОЎ ДЗЯЦЕЙ

90-годдзе адзначыў жыхар в. Дзятлавічы Кузьма Лукіч ХАРТАНОВІЧ (на здымку – з дачкой Галінай).

Людзі гэтага пакалення вынеслі на сабе  цяжар бядот, якія былі наканаваны нашаму заходняму краю. Нястача пры панскай Польшчы, нядоўгая воля нацыянальнага вызвалення «пры першых Саветах” – і зноў тры доўгія гады нямецка-фашысцкай акупацыі. Нялёгка было і адраджаць разбураную вайной гаспадарку, але той, хто выпрабаваў «сороковые – роковые”, ведае сапраўдны кошт міру.
У перыяд калгасаў з «палачкамі-праца-днямі” за шчасце было атрымаць цвёрдую зарплату ў Люшчанскім леспрамгасе. Адкуль браліся сілы ў невысокага вяскоўца далёка не асілкавага целаскладу? Работа на раскрыжоўцы патрабавала значных фізічных намаганняў. Моцны дух дапамагаў спраўляцца з цяжкай працай. У сям’і адзін за адным нарадзіліся пяцёра дзяцей, дзеля якіх і шчыраваў бацька на лясных дзялянках.
Зялёнае наваколле выручала не толькі дарамі прыроды, што было істотным дадатковым заробкам для мнагадзетнай сям’і (і застаецца захапленнем маючых ужо сваіх дзяцей і ўнукаў трох дачок і двух сыноў юбі-ляра). Дапамагаў лес і пасля тых жудасных здарэнняў, калі полымя з суседніх двароў перакідвалася на дом Кузьмы Лукіча. Тройчы бяда пажараў напаткала сям’ю. Па году даводзілася жыць у бабулі па маме на станцыі Дзятлавічы. Але на месцы згарэўшага адбудоўваўся новы дом, каб насуперак стыхіі захаваць спадчынны ўчастак зямлі. І «любовь к родному пепелищу” перамагла ўдары лёсу. «Чырвоны певень” пакінуў у спакоі гэтую частку вёскі, дзе шчасліва зажыла дружная працавітая сям’я.
Усё, як ва ўсіх, – работа, клопат аб прысядзібнай гаспадарцы, адпачынак у спрадвечныя праваслаўныя святы. Калі выдаваўся вольны час, аматар рыбнай лоўлі марыў толькі аб рэчцы. Шукаў і знаходзіў цішыню, любуючыся бягучым люстрам Цны. Дзеці прыгадваюць малюнкі дзяцінства: шчупакі, якія не змяшчаліся ў «начоўкі”, і радасць бацькі ад удачнага «трафея”. Усміхаюцца яго былой маладой азартнасці: калі з вуды зрывалася нейкая вялікая рыбіна, на досвітку спяшаўся на тое самае месца ў спадзяванні вярнуць упушчаную здабычу.
Бадзёры выгляд 90-гадовага юбіляра прымушае пажартаваць, ці не заглядваецца на дзяўчат? Дружна смяюцца дочкі: 
– Гэта ў нашага дзеда трэба было спытаць! Бацькаву бацьку больш чым 93 гады лёс адмераў. І да апошняга часу ён прыкмячаў радасці жыцця. Глядзіць у акно: «Якая прыгожая дзяўчына ідзе па вуліцы! Эх, дзе мая маладосць…”.
Кузьма Лукіч застаўся адданым сваёй Надзеі Пятроўне, якая ўжо 15 год жыве ў памяці мужа і дзяцей. Не адну страту давялося вынесці – заўчасна закончыўся зямны шлях зяця, унука… Але жыццё аддзячвае старога і падставамі для радасці. Напярэдадні юбілею згулялі вяселле малодшай унучкі. Павялічваецца род Кузьмы Лукіча, у якім тры дачкі і два зяці, два сыны і дзве нявесткі, дзесяць унукаў і трынаццаць праўнукаў.
Ён любіць гэтую лічбу – нарадзіўся ж 13 лістапада. І хіба толькі ў гэты дзень дазволіў сабе пасядзець. Каля тэлефона, прымаючы віншаванні ад блізкіх і дальніх сваякоў… Потым – за сталом з гасцямі: старажыла ўшанавалі начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Ірына Семянчэнка і дырэктар тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Тамара Патурай, выказаўшы ўдзячнасць за выхаванне сумленных, працавітых, добразычлівых дзяцей. 
Звычайна ж стары паволі рухаецца па дому і двары, гаспадарчым вокам пазіраючы, што дзе трэба прыбраць ці падрамантаваць. Вядома, самому ўжо не пад сілу многія заняткі, але для іх выканання побач – дачка з зяцем. Маладзейшыя гаспадары ўважліва ставяцца да запытаў бацькі. А што яшчэ трэба чалавеку для старасці ў спакоі і павазе?! На пажаданні ж сустрэцца на стогадовым юбілеі, Кузьма Лукіч павольна адказвае:
– Хочацца прапраўнука дачакацца, а там – паглядзім…



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть