Общество

Складаная місія – вучыцца…

У Мінску завяршыў работу Рэспубліканскі педагагічны савет. Разам з калегамі за тым, пра што вялася гаворка на галоўным настаўніцкім форуме, праз СМІ пільна сачылі дырэктары Мікашэвіцкай гімназіі імя Уладзіслава Нядзведскага Сяргей ВЫСОЦКІ, Багданаўскай СШ – Алена ЯРМОЛЬЧЫК і гімназіі г. Лунінца – Аляксандр ГРУШЭЎСКІ. Мы папрасілі іх падзяліцца з нашымі чытачамі ўласнымі меркаваннямі аб канцэптуальных падыходах да развіцця беларускай адукацыі.

Вядучы. Напярэдадні былі агучаны галоўныя тэмы настаўніцкага форуму. У прыватнасці, гаварылася  аб пераходзе да абавязковай агульнай сярэдняй адукацыі, якая стане гарантам паспяховай сацыялізацыі беларускай моладзі. Прычым неаднаразова падкрэслівалася, што грамадства практычна гатова да гэтага кроку,  бо такую адукацыю ўжо атрымліваюць выпускнікі не толькі школ, але і прафесіянальна-тэхнічных і сярэдніх спецыяльных устаноў. Больш таго, у Кодэксе        аб адукацыі  ўжо ёсць адпаведныя заканадаўчыя артыкулы. Адначасова стала вядома, што да новага навучальнага года дапрацаваны і зменены школьныя праграмы па ўсіх прадметах. Як сустрэлі такую навацыю  ў навучальных установах?

Высоцкі. Лічу, што такі крок апраўданы і наспеў даўно. Міжпрадметныя сувязі трэба было ўключыць нашмат раней, бо абсалютна нельга зразумець, чаму некаторыя тэмы па фізіцы вучні праходзяць раней, чым адпаведныя – па матэматыцы. Менавіта па гэтай прычыне тую ж фізіку пачалі вывучаць не з 6-га, як было раней, а з 7-га класа. Аднак высветлілася, што ў праграме для сямі-класнікаў таксама ёсць матэрыял, які не паддаецца засваенню і разуменню, таму яго выключылі і перанеслі ў праграмы 8-га і 9-га класаў. Тое ж датычыць усіх астатніх прадметаў. Іншая справа, што ў плане іх састыкоўкі пакуль робяцца толькі першыя крокі. Як першыя крокі робяцца ў напрамку стварэння якасных падручнікаў – яркіх, даступных. Пакуль жа настаўнікам давядзецца нямала папрацаваць, прыстасоўваючы старыя падручнікі да новых праграм. Але ўвогуле  мы – на правільным шляху.

Грушэўскі. Больш таго. Лічу сёння неабходным прыстасоўваць праграмны матэрыял з улікам узросту дзіцяці, яго псіхалогіі і здольнасцей, прапаноўваць яго ў такім выглядзе, каб ён быў цікавым, вобразна кажучы, “зачапіў” дзіця. Прывяду прыклад з уласнай педагагічнай практыкі выкладання гісторыі. Пры вывучэнні перыяду пачатку ХХ стагоддзя ў падручніку столькі факталогіі “набіта”, што ў вучняў гэта выклікае адваротную рэакцыю. Не патрэбна для дзіцяці ў беларускай школе распісваць лістападаўскую рэвалюцыю ў Германіі ад пачатку паўстання ў Кілі ў 1918 годзе да Веймарскай канстытуцыі 1920-га! Калі яму трэба будзе дасканала ведаць гісторыю гэтага ці іншага перыяду, то ў 10-ым класе пойдзе на профіль і будзе вывучаць прадмет у паглыбленым варыянце. Прыкладна такая ж сітуацыя па ўсіх астатніх прадметах. Іншая справа, што за тры месяцы праграму, прыстасаваную па ўсіх параметрах – гуманістычных, псіхалагічных, узроставых – стварыць проста немагчыма. На гэта патрэбен час. І яшчэ. Увасабляючы ў жыццё асабова-арыентаваную мадэль адукацыі, мы чамусьці ідзем па шляху, так бы мовіць, старога заказу, які прадугле-джваў, што выпускнік павінен быць усебакова адукаваным, прасцей кажучы, быць здольным паступіць ва ўсе ВНУ адразу. Але сёння гэта губляе сваю актуальнасць. Мы павінны ўлічваць здольнасці аднаго асобна ўзятага дзіцяці і дапамагаць развіваць іх. І новыя праграмы павінны настаўніку ў гэтым усебакова дапамагаць.

Ярмольчык. Думаю, якраз па гэтай прычыне сёння асабліва актуальна гучыць тэма прафесіянальнай арыентацыі дзетвары. Але што атрымліваем на справе? Па прычыне таго, што на трэцяй ступені адукацыі практычна няма прававога рэгулявання, ці, прасцей сказаць, механізма адсейвання нематываваных на вучобу вучняў, мы павінны ў 10 клас браць усіх, хто пажадаў. Нягледзячы на іх здольнасці і, урэшце, элементарнае жаданне вучыцца…

Высоцкі. Я супраць такога дробнаўласніцкага падыходу: прасцей за ўсё выкінуць дзіця на вуліцу. Так не павінна быць. Іншая справа, што менавіта задача настаўніка ў адказны перыяд дапамагчы вучню зразумець яго галоўнае прызначэнне ў жыцці. Прычым, зрабіць гэта мудра і тактоўна.

Вядучы. Ці не павінна ў такім выпадку дзейсным аргументам стаць сістэма ацэнкі ведаў? Недарма ж сёння ідуць гарачыя баталіі наконт таго, застацца на 10-бальнай       ці перайсці на колішнюю 5-бальную сістэму.

Высоцкі. Кажучы простай мовай, сістэма адзнак існуе для таго, каб нейкім чынам лічбамі абазначыць узровень ведаў вучняў. Мяняючы яе, мы, перш за ўсё, павінны зразумець, для чаго гэта робім? Адказ вядомы – каб павысіць якасць ведаў і адукацыі ў школе. Паўплывае на гэта змена сістэмы ацэньвання? Наўрад ці, бо галоўным  для настаўніка было і застаецца – даць якасныя веды вучням. Мы дастаткова доўга прыстасоўваліся да 10-бальнай сістэмы. Большасць педагогаў на той час самі некалі вучыліся і працавалі пры 5-бальнай сістэме, і яна здавалася дасканалай. Але ўспомніце, як настаўнік іншы раз казаў вучню: “Стаўлю “чацвёрку”, але ведай, што яна – з мінусам” або: “Маладзец, стаўлю “чацвёрку” з плюсам, бо да “пяцёркі” пакуль не дацягваеш”. Іншымі словамі гэтай “разбалоўкі” нярэдка не хапала. І якраз 10-бальная сістэма ліквідавала недахоп, даючы настаўніку магчымасць больш шырокага спектру выстаўлення адзнак і ацэнкі ведаў вучня. І ў гэтым сэнсе знакамітая “пяцібалка” прай-грае. А калі ўлічыць, што ацэнкі “1” і “2” будуць мець статус нездавальняючых, то спектр наогул зву-зіцца да 3-ох балаў! Няпроста будзе настаўнікам і не менш складана – вучням.

Ярмольчык. Адназначна падтрымліваю 10-бальную сістэму. Яна больш гуманная. Магчыма, тая, ранейшая, была прыстасаванай да колішняга грамадства, але час мяняецца. Сёння асабліва актуальнай становіцца неабходнасць індывідуальнага падыходу да вучня, і 10-бальная сістэма якраз і дае магчымасць больш дакладна ацэньваць веды дзіцяці. Раней была толькі “чацвёрка”, а цяпер – “6”  і “7”, раней толькі “пяцёрка”, а цяпер – “8”,“9” і “10”. І тое, што сёння настаўнік пазбаўлены магчымасці ставіць нездавальняючую адзнаку, лічу несумненна станоўчым. Вы ж памятаеце, што раней былі другагоднікі з кляймом “двоечніка”. Хіба пакіданне на паўторнае вывучэнне курса выправіла каго з іх? Не. Але якой была для дзіцяці траўма! З двоечнікамі ніхто не хацеў сябраваць, у класе нярэдка ставіліся да іх пагардліва. Ды і настаўнік нярэдка забываў, што дзіця, якое прайшло медыцын-скую камісію і прызнана здольным вучыцца ў звычайнай школе, мае права на станоўчую адзнаку. І тое, што іншы раз не дацягвае да яе, віна не толькі самога вучня, але і настаўніка, бацькоў, урэшце. І тут трэба ўсімі магчымымі спосабамі ўключаць механізм матывацыі! Вядома ж, бываюць іншыя, больш складаныя выпадкі. Але для гэтага ў краіне існуе сістэма спецыяльнай ці інтэгрыраванай адукацыі.

Грушэўскі. Падтрым-ліваю Алену Аляксандраўну. Я таксама за 10-бальную сістэму, якая садзейнічае імкненню прафесійна працаваць у адукацыйным полі, дапамагаючы не забываць пра тое, што дзіця – асоба. Дазволю сабе, калегі, нагадаць, што і ў савецкі час многія вядомыя і заслужаныя настаўнікі спрабавалі апрабіраваць больш шырокую сістэму балаў. Той жа Шаталаў, не абмяжоўваючыся адзнакай  “выдатна”, ставіў вучням і “7”, і “8”, і “9”… Але, паўтараю, не з таго мы сёння пачынаем. Мы павін-ны думаць, як павысіць якасць адукацыі, больш пільна заняцца методыкай выкладання, якаснай распрацоўкай праграм, якія, на жаль, пакуль застаюцца сырымі…

Ярмольчык. І менш “рэвалюцый” і “пераваротаў”, каб настаўнікі і вучні маглі спакойна працаваць.

Высоцкі. Тым больш, што сістэма адукацыі Беларусі знаходзіцца на дастаткова высокім якасным узроўні і мяняць у ёй што-кольвечы трэба вельмі выверана.

Вядучы. Дзякую за цікавую аргументаваную размову. Віншую з пачаткам новага навучальнага года і жадаю плёну ў няпростай і высакароднай справе – вучыць вучыцца.

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть