Общество

СЛУЖЫЦЬ СПРАВЕ І ЛЮДЗЯМ

Простае вызначэнне ўрача, вядомае з папулярнага літаратурнага твора, блізкае тэрапеўту Іне Якаўлеўне ХАНАВЕЦ, якая разам з асабістым юбілееем сёлета адзначае і 45-годдзе працы ў Лунінцы.

Выпускніца Гродзенскага медыцынскага інстытута па размеркаванню 2 гады адпрацавала ў абласным цэнтры. Атрымаўшы прызначэнне ў наш край, ураджэнка вёскі Майская Жлобінскага раёна Гомельшчыны з цікавасцю пачала даведвацца пра новыя для яе звычаі і асаблівасці палесскай глыбінкі.

Не споўнілася і 33-ох, як Іну Якаўлеўну прызначылі загадчыкам тэрапеўтычнага аддзялення раённай бальніцы. І на працягу яшчэ 33 год яна не толькі кансультавала і вяла прыём пацыентаў, спрыяла паляпшэнню самаадчування хворых у палатах стацыянара, але і арганізоўвала належны лячэбны працэс у аддзяленні. Адначасова адказвала за вельмі важны ўчастак ва ўстановах аховы здароўя ва ўсім нашым раёне.

У народзе паважаюць прафесіяналаў, але ўдвая большая ўдзячнасць тым, хто падрыхтаваў сабе годную замену. І гэтая вартасць увасоблена ў Іне Якаўлеўне. Дачка тэрапеўта і хірурга Алена Іванаўна Ханавец дакладна ведала, што стане ўрачом, а вось на выбар спецыяльнасці, відавочна, паўплываў мамін аўтарытэт. Працуючы поруч з Інай Якаўлеўнай, дачка пераймала веды і вопыт, удасканальваючы іх сучаснымі набыткамі лячэбнай тэорыі і практыкі. Удастоеная ганаровага звання “Лепшы тэрапеўт Брэстчыны”, у 2006-ым годзе яна змяніла маму на пасадзе загадчыка аддзялення. Іна Якаўлеўна са спакойнай душой магла б ісці на заслужаны адпачынак. Але…

Галоўны ўрач ЦРБ Мікалай Кочык:

– У той перыяд склалася вельмі напружанае становішча з кадрамі тэрапеўтаў. Ці трэба казаць, наколькі важнай была нам праца гэтага вопытнага прафесінала!? Адміністрацыя шчыра папрасіла Іну Якаўлеўну застацца ў рабочым страі. Адказны і сумленны ўрач прыняла нашу прапанову, не ставячы нейкіх асаблівых умоў, што іншы раз дазваляюць сабе маладыя спецыялісты. Іна Якаўлеўна – вельмі надзейны чалавек, таму што ўласныя жаданні падпарадкоўвае патрэбам калектыву. У шырокім сэнсе можна сказаць, што на такіх людзях трымаецца грамадства.

Урач-тэрапеўт Валянціна Сергіевіч:

– Усё маё працоўнае жыццё звязана з Інай Якаўлеўнай. Пачынала ў 1980-ым у Лахвенскай бальніцы, якую яна, раённы тэрапеўт, трымала пад сваім клопатам і кантролем. У пэўнай ступені наша пакаленне можа назваць сябе вучнямі Іны Якаўлеўны. Дагэтуль у складаных выпадках запрашаем яе на кансіліумы, абмяркоўваем ход лячэння цяжкіх хворых. Вельмі важны вердыкт прафесіянала ва ўдакладненні дыягназу. Што датычыць умення зносін з пацыентамі, вопыт Іны Якаўлеўны сапраўды бясцэнны, асабліва для маладых спецыялістаў.

Старшая медсястра тэрапеўтычнага аддзялення Алена Ціханчук:

– Многія пацыенты, уключаючы захварэўшых нашых родных і знаёмых, імкнуцца трапіць на прыём менавіта да Іны Якаўлеўны. Яна настолькі ўважліва выслухоўвае тых, хто звяртаецца, улічвае самыя дробязныя скаргі, каб самым пільным чынам падабраць патрэбныя лекі і прызначыць курс лячэння. Дарэчы, для многіх людзей важны кансультацыі, дакладней, парады Іны Якаўлеўны і па пытаннях, не звязаных з яе прафесійнай дзейнасцю. І ўрач ніколі не адмаўляе, дзеліцца жыццёвай мудрасцю, якой ён не займаць.

Прымаючы віншаванні з юбілеем, Іна Якаўлеўна адзначыла, што гатова служыць справе і людзям, пакуль запатрабавана і неабходна. Застаецца падзякаваць юбілярцы за плёную працу на ніве аховы здароўя і, разумеючы празмерную занятасць урача, усё ж пажадаць дастаткова вольнага часу, каб яго хапала на любімыя захапленні – чытанне кніг і любаванне прыродай.

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть