Сонцам будні сагрэты — дзякуй лёсу за гэта
Общество

Сонцам будні сагрэты — дзякуй лёсу за гэта

DSC_0358 - копияВясковыя жыхары не прывыклі да лёгкіх будняў. Кожны дзень тут напоўнены справамі. Яны, здаецца, і не вельмі важныя ці асаблівыя, але без іх сялянскі падворак будзеі пустым, а сэрцы гаспадароў сціснуцца ад суму і адзіноты. Рабочыя проблемы тут своеасаблівыя, часцей звязаныя з жывёлай ці руплівасцю на полі.

Менавіта у такім рытме прайшла значная частка жыцця Кацярыны Міхайлаўны і Івана Адамавіча КАЛЯНКОВІЧАЎ з вёскі Любачын. Іх шлях у прафесію быў прамой дарогай да працоўных перамог, яны не баяліся цяжкасцей. Муж увесь час быў вадзіцелем у мясцовым калгасе, жонка прысвяціла сябе жывёлагадоўлі. І пра больш лёгкія і простыя дасягненні ў сям’і нават не задумваліся, лічачы, што ўсякая справа патрэбна, і прыкласці свае сілы можна дзе заўгодна.

Пачыналася ўсё 40 год таму, калі яны — радасныя, прыгожыя, натхнёныя на перамогі — стварылі сям’ю і марылі пра шчасце. Мясцоваму юнаку спадабалася дзяўчына з суседняй Азярніцы. Тады 7 лістапада лічылася асаблівым святам, і менавіта ў гэты дзень маладыя абмяняліся заручальнымі пярсцёнкамі. Хаця за наступныя дзесяцігоддзі значнасць Кастрычніцкай рэвалюцыі стала менш актуальнай, у асабістым жыцці Калянковічаў тая восеньская дата засталася светлым момантам, які сагравае ў халодныя зімы і дае глыток радасці ў час праблем. Нядаўні юбілей — часовы прыпынак для падліку страт і набыткаў, якімі поўніліся іх будні і святы…

Каця расла адна ў сям’і, і адзінота часам трывожыла дзяўчынку, без брата ці сястрычкі, якім хацелася даверыць першыя сардэчныя тайны. Яны з мужам нарадзілі траіх. І ў хаце ніколі не было цішыні, пакуль дзеці не разляцеліся з бацькоўскага гнязда.

Цяпер старэйшым засталіся цёплыя ўспа-міны пра тыя клапатлівыя дні, калі малыя патрабавалі ўвагі, клікалі працоўныя абавязкі і прыспешвалі справы на прысядзібным участку. Адкуль толькі браўся час усюды паспець! Але разам з тлу-мам і нялёгкай фізічнай працай сэрцы поўніліся радасцю — усё ішло па сваёй адладжанай каляіне.

Жыццёвая сцяжынка прывяла Кацю, выпускніцу дзесяцігодкі, у Пінск. Тут яна папрацавала на камбінаце. Але неўзабаве вярнулася да родных мясцін, бо матуля засталася зусім адна. І з таго часу дарога на ферму стала абавязковай у штодзённым раскладзе дня, бо на такой рабоце рэдка бываюць выхадныя — і ў святы жывёла патрабуе догляду і ўвагі. Ды наракаць на занятасць не ў правілах вяскоўцаў, яны разумеюць адказнасць даручанай справы і любяць сваіх гадаванцаў. Для Кацярыны Міхайлаўны статак кароў — гэта жывыя істоты, якім трэба стварыць выдатныя ўмовы, каб потым патрабаваць ад іх аддачы. Пачынала яна лабаранткай, а потым да самага выхаду на пенсію жанчына была загадчыцай фермы. Работа вельмі клапатлівая і ў многім залежала ад людзей. Калі жывёлаводы несвоечасова раздалі кармы — не чакай добрых надояў. Калі даяркі спазніліся са сваёй работай — таксама ўсё адбіваецца на выніку. А часам не хапала працоўных рук, здараліся і іншыя накладкі, якія трэба было «разрульваць” своечасова. Калгасы часта перажывалі не самыя лепшыя часы, але хлеб, малако і мяса патрабаваліся заўсёды. І сытным наш стол быў толькі дзякуючы самаадданасці і мужнасці вяскоўцаў. Каб прысвяціць значную частку часу і сіл рабоце, немагчыма не заручыцца падтрымкай блізкіх людзей. Іван Адамавіч заўсёды з разумением адносіўся да імкнення Кацярыны Міхайлаўны дасягнуць працоўных перамог. I сам ён з усёй адказнасцю падыходзіў да абавязкаў. Таксама 30 год таму атрымаў новы аўтамабіль ГАЗ-53 і, з’яднаўшыся з тэхнікай, скалясіў на ёй усе знаёмыя і незнаёмыя дарогі. Куды толькі не пасылалі яго машыну, якіх толькі грузаў не дастаўляў! Самая гарачая пара заўсёды была ў час жніва. I не дзеля ўзнагарод імкліва мільгала пад коламі прасёлачная гравійка. Раўнамерная чыс-тая работа рухавіка гучала прыгожай мелодыяй, а лёгкія недакладнасці ў тэхніцы адчуваліся амаль інтуітыўна. Калі жалез-ны конь патрабаваў рамонту, завіхаўся каля яго да позняга вечара, не баючыся марозу ці спякоты.

Дзеці з маленства самі прывучаліся да працы, бо бачылі цудоўны і прыклад дарослых. Часта ім самім даводзілася даглядаць жывёлу на падворку, упарадкоўваць агарод ці гатаваць абед. Не заўсёды мама і тата паспявалі дапамагчы з дамашнімі заданнямі, ды малыя імкнуліся і не турбаваць іх па дробязях, больш прыкладваючы намаганняў спраўляцца самас-тойна. Але дзяцінства згадваецца найбольш светлымі момантамі, бо заўсёды тут адчуваліся любоў і ўзаемаразуменне.

Хуткакрылай птушкай пранесліся гады і зараз усе трое маюць свае сем’і. Святлана жыве ў Любані, працуе медсястрой у дзіцячым садзе. Віталь застаўся ў Любачыне — вадзіцель у РАНС. Малодшая Іна настаўнічае ў мясцовай школе. У дзядулі з бабуляй зараз 5 унукаў, ста-рэйшаму з іх Сашы — 19 год, а малодшы Жэнька толькі ў 2 класе.

2014 год для Калянковічаў быў багатым на юбілеі. Муж і жонка адзначылі 60-год-дзе з дня нараджэння, 40 — мінула з дня іх вяселля. А яшчэ — значныя даты ў працоўных перамогах, якія цяпер засталіся ва ўспамінах гаспадыні, што нядаўна пайшла на заслужаны адпачынак. Больш сталі непакоіць хваробы, бо не заўсёды належная ўвага ўдзялялася свайму здароўю.

Гаспадар працуе, хаця прыйшоў час і яму зрабіць выбар, ці варта надалей заставацца ў агульным страі. Але не так проста змяніць свой лад жыцця, пазбавіцца ад паўсядзён-най паспешлівасці, не адчуваць звыклага паху бензіну і не сустракацца з калегамі.

Некалі пасля вяселля Кацярыне Міхайлаўне давялося жыць з бацькамі мужа. Жанчыны знайшлі агульную мову, старэйшая прыняла нявестку, як дачку. Лёс непрадказальны, і цяпер, нібы ў падзяку за той клопат, малодшая даглядае свякроў пасля інсульту. Ганне Сцяпанаўне зараз 87 год, яна не ўстае з ложка. Не хоча пакідаць сваю хату, таму ёй прыносяць усё патрэбнае. А, здаецца, зусім нядаўна яны ўдваіх дзяліліся сакрэтамі рукадзелля, бабуля здзіўляла самаробнымі тканымі вырабамі. Вышыванкамі маглі захапляцца разам у зімовыя вечары, калі быў час прысвяціць сябе любімаму за-нятку. Шкада, што ўсё так хутка мінае…

Дагледжаны дом Калянковічаў на ўскрайку вёскі прыязна паблісквае вокнамі. Іх жыццёвы шлях — прыклад самаадданай працы, любячай сям’і, звычайнага вясковага побыту беларусаў. Ніколі яны не схіляліся перад цяжкасцямі — працавалі, гадавалі дзяцей, знаходзілі задавальненне ад сваіх маленькіх перамог. І не шукалі лепшага недзе ў іншых краінах — тут, на Радзіме, сярод знаёмых краявідаў іх шчасце і доля.

Марыя ЯРАХОВІЧ



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть