Спачатку было СЛОВА
Общество

Спачатку было СЛОВА

У нядзелю ў Ганцавічы сабраліся госці не толькі з нашай краіны, але і дзясятка краін свету – на Дзень беларускага пісьменства – вялікае нацыянальнае свята, якое, па словах кіраўніка дзяржавы Аляксандра Лукашэнкі, «акцэнтуе ўвагу на неабходнасці захавання і развіцця багатай культурнай спадчыны і духоўных здабыткаў нашага народа”.


 


Напярэдадні ў горад прыбыла навукова-творчая экспедыцыя «Дарога да святыняў” з благадатным агнём, запаленым ад гроба Гасподняга. З самай раніцы ў Свята-Ціханаўскай царкве адслужылі літургію.

Апоўдні на гарадской плошчы адбылося ўрачыстае адкрыццё Дня беларускага пісьменства з тэатралізаваным прадстаўленнем і падарожжам у гісторыю. Тут жа на галоўнай сцэне свята адзначылі пераможцаў рэспубліканскага конкурса на лепшы твор мінулага года ў розных жанрах. Заслужаныя ўзнагароды пісьменнікам і паэтам уручыў першы віцэ-прэм’ер Анатоль Тозік. Са словамі вітання звярнуліся старшыні: Брэсцкага аблвыканкама – Канстанцін Сумар і Ганцавіцкага райвыканкама – Уладзімір Столяр, Архіепіскап Пінскі і Лунінецкі Стэфан. Віншавальны адрас удзельнікам свята даслаў Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка.


З Ганцаўшчынай цесна звязана імя Якуба Коласа. У мясцовай школе вёскі Люсіна пачынаўся працоўны і творчы шлях песняра беларускага народа. Ён вывучаў побыт тутэйшых сялян, пільна сачыў за ўкладам іх жыцця. Потым многія люсінцы сталі прататыпамі герояў напісанай ім першай кнігі «У палескай глушы” аўтабіяграфічнай аповесці «На ростанях”. Праз многія гады пясняр пранёс светлыя ўспаміны аб сваім першым працоўным месцы, з глыбокай удзячнасцю згадваў «сваіх цельшынцаў”, абменьваўся з імі лістамі, дапамог пабудаваць у іх вёсцы новую школу.

Яшчэ адно слаўнае імя мае непасрэднае дачыненне да Ганцаўшчыны – Аляксандр Сержпутоўскага. Вядомы фалькларыст, этнограф, мовазнаўца і публіцыст збіраў матэрыялы для сваіх навуковых і творчых кніг, якія пакінулі прыкметны след у гісторыі вывучэння народнай творчасці беларусаў-палешукоў.


Можна сцвярджаць, што гэтыя творцы паклалі пачатак літаратурнай плыні на Ганцаўшчыне і менавіта з іх каранёў вырасла галінастае літаратурнае дрэва новага пісьменніцкага роду. Сёння тут ганарацца землякамі, якім паэтычная муза не пашкадавала натхнення і сапраўднай удачы для стварэння высокамастацкіх твораў, — Васілём Праскуравым, Міхасём Рудкоўскім, Віктарам Гардзеем, Уладзімірам Маруком, Іванам Кірэйчыкам, Алесем Каско, Іванам Лагвіновічам, а таксама заслужанымі тэатральнымі дзеячамі Вячаславам Пакумейкам, Мікалаем Варвашэвічам, музыказнаўцам Адамам Чопчыцам і многімі іншымі.

Каля краязнаўчага музея разгарнуліся «Горад майстроў”, выставы кніг з фондаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, арыгінальных экспанатаў Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа, гісторыка-культурнай спадчыны Ганцавіцкага раёна, экспазіцыя «Самая старая кніга з сямейнай бібліятэкі”. У той жа дзень у горадзе адкрылі новы помнік Якубу Коласу. Упэўнены, што гуляць і адпачываць на Алеі пісьменства будзе не толькі моладзь.


Жыхары і госці горада мелі ўнікальную магчымасць пагуляць сярод шматлікіх экспазіцый, якія разгарнуліся на Фестывалі кнігі і прэсы, купіць выданні з аўтографамі аўтараў, выказаць свае думкі і меркаванні выдаўцам… Годна была прадстаўлена і наша раённая газета «Лунінецкія навіны”. Шырока раскінуліся на вуліцах горада і гандлёвыя рады, асаблівай папулярнасцю карысталася экспазіцыя лунінчан з беларускім каларытам і «Песняй пра зубра”…

Спачатку было Слова. Роднае! Якое гучыць з далечыні стагоддзяў… Якое не патрымаеш у руках, але адчуеш прыгажосць. Мы – беларусы! І ганарымся гэтым!


 


 



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть