Общество

СПЯШАЙЦЕСЯ РАБІЦЬ ДАБРО!

Адбылася справаздачна-выбарная канферэнцыя раённага аддзялення ГА “Беларускі саюз жанчын”.

Жаночы рух на Лунінеччыне адноўлены ў 2006 годзе. Спачатку раённае аддзяленне ўзначальвала Аляксандра Кулага, якая шмат зрабіла для станаўлення арганізацыі. З 2008-га на чале грамадскай структуры – галоўны рэдактар “ЛН” Таццяна Вайцяхоўская.

За гэты час актывісты правялі нямала заслугоўваючых увагі мерапрыемстваў. Гэта збор сродкаў для дапамогі манагадзетным сем’ям у падрыхтоўцы дзяцей да школы; цёплыя сустрэчы ў сацыяльным прытулку для дзяцей-сірот і аддзяленні кругласутачнага знаходжання адзінокіх пажылых людзей; падтрымка сем’яў, у якіх выхоўваюцца дзеткі-інваліды; Калядныя і Велікодныя акцыі з уручэннем прадуктовых набораў для адзінокіх пажылых людзей… Прычым, выбіраць актывісты жаночай арганізацыі заўсёды стараліся найбольш аддаленыя сельсаветы. І як горка станавілася, калі не паспявалі сагрэць увагай адзінокіх пажылых людзей, сустракаючы сумную вестку пра тое, што іх ужо няма…

Спяшайцеся рабіць дабро. Гэты просты выраз стаў своеасаблівым дэвізам дзейнасці арганізацыі. Мацярынскі боль прыводзіў членаў жансавета ў сем’і, якія ў далёкім Афганістане страцілі сыноў, сілкаваў імкненне збіраць сродкі для хворых дзетак, браць пад свой патранаж дзіцячыя дамы сямейнага тыпу ў Мікашэвічах і Язвінках.

Асобным радком дзейнасці арганізацыі стала ўвага да таленавітых дзетак. Разам з раённай арганізацыяй РГА “Белая Русь” на тэрыторыі Гарадоцкага сельсавета правялі акцыю “Якія нашы дзеці!”. У ходзе вельмі шчырага і цёплага мерапрыемства ў мясцовым СДК былі ўшанаваны выдатнікі вучобы з Кажан-Гарадоцкай сярэдняй, Цнянскай базавай і Дрэбскай пачатковай яслі-сад-школы. Дзеці падрыхтавалі выдатны канцэрт, а дарослыя аддзячылі іх падарункамі.

“Выратуем жанчыну – выратуем свет”… Акцыя пад такой назвай па ініцыятыве жаночай арганізацыі і непасрэднай падтрымцы медыкаў раёна прайшла на тэрыторыі Вулькаўскага і Дзятлавіцкага сельсаветаў. Накіравана яна была на папярэджанне рака малочнай залозы ў жанчын. У ходзе выязнога прыёму ўрач ультрагукавой дыягностыкі Наталля Рагажынская на ранняй стадыі выявіла небяспечнае захворванне у 10 пацыентак. 10 выратаваных мацярынскіх жыццяў… Гэта не статыстыка, гэта высакародная справа, да якой самае непасрэднае дачыненне мае раённае аддзяленне ГА “Беларускі саюз жанчын”. Сёлета акцыя будзе працягвацца.

У актыве арганізацыі – безліч іншых добрых пачынанняў. Збор бібліятэчак для аздараўленчага цэнтра “Спадарожнік” і Дома састарэлых; ушаноўванне юбіляраў-старажылак, якія шмат зрабілі для Лунінеччыны, а сёння незаслужана забыты; набыццё навагодніх падарункаў для дзяцей-сірот… Многія з акцый міласэрнасці так і не змаглі б адбыцца, калі б не падтрымка верных сяброў арганізацыі. Сардэчная ўдзячнасць за разуменне і імкненне дапамагчы была выказана старшыні праўлення райспажыўтаварства Максіму Сумару, начальніку станцыі Лунінец Валерыю Вярэнічу, фермерам Уладзіміру Навіцкаму і Міхаілу Грыневічу, начальніку ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Ірыне Семянчэнка, прадпрымальнікам Віктару Бройдзе, Генадзю Лешыку, Валянціне Болатневай і многім іншым.

Асаблівай удзячнасці заслугоўвае спонсарская падтрымка дырэктара ПВУП “Вікторыя” Таццяны Ўдавенка. Яна, а таксама дырэктар філіяла райспажыўтаварыства “Грамадскае харчаванне” Валянціна Швед і пенсіянерка Галіна Мар’іна атрымалі ад праўлення арганізацыі Падзячныя лісты. Працягваць добрыя справы заклікалі ў сваіх выступленнях намеснік дырэктара ААТ “Спецжалезабетон” Тамара Меляшкевіч і памочнік пракурора Надзея Некрашэвіч. Яны ж прапанавалі станоўча ацаніць работу арганізацыі і перавыбраць на новы тэрмін яе старшыню Таццяну Вайцяхоўскую.

Актывісты жаночай арганізацыі ў ходзе канферэнцыі вызначыліся таксама з тым, хто будзе прадстаўляць іх арганізацыю на аналагічным абласным форуме.

Выдатным заключным акордам мерапрыемства стаў невялікі канцэрт, падрыхтаваны выхаванцамі Цэнтра дзіцячай творчасці.

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Не копируйте текст!
Закрыть
Закрыть