Сустрэчы пад спякотным сонцам
Общество

Сустрэчы пад спякотным сонцам

прафсУборачная кампанія на Лунінеччыне перайшла 70-працэнтную мяжу.

Вызначыліся першыя экіпажы камбайнаў, якія намалацілі па 1000 тон зерня, вадзіцель-тысячнік. Згодна з умовамі раённага спаборніцтва заслужаныя ўзнагароды атрымалі экіпажы камбайнаў у складзе Сяргея і Артура Івановых, Генадзя і Канстанціна Бірылаў, а літаральна праз дзень да іх далучыліся Мікалай Боўбель і Іван Лусевіч, а таксама вадзіцель на адвозцы зерня ад камбайнаў Мікалай Кіндрук. Штогод самаадданай працай яны праслаўляюць сваю родную гаспадарку – СВК “Гарадоцкі”.
З ганаровай місіяй на мінулым тыдні завітаў на Лунінеччыну старшыня абласнога аб’яднання прафсаюзаў Мікалай Басалай. Разам з начальнікам упраўлення райсельгасхарчу Яўгенам Бойка і старшынёй райкама прафсаюза АПК Аляксандрам Дубінічам пабывалі ў СВК “Дварэцкі”, дзе самыя вялікія ўборачныя плошчы – 2377 гектараў, на якіх штодзень шчыруюць да 10 экіпажаў камбайнаў.

Міжволі прыслухаліся да мелодыі жніва… Пад гарачым сонцам яна лілася рокатам камбайнаў і аўтамабіляў, у які раз-пораз урываліся клёкат шматлікіх буслоў, што павольна хадзілі ўздоўж валкоў з саломай. У гэты момант кожны з прысутных адчуў той салёны пот, з якім здабываецца хлеб, калі паветра літаральна дыхае на цябе гарачынёй. З пытання, ці дзейнічаюць у камбайнах кандыцыянеры, Мікалай Іванавіч пачаў знаёмства з перадавікамі жніва – Аляксандрам Кіндруком і Сяргеем Ільючыкам, намалот якіх з улікам рапсу перавысіў тысячу тон. Пачуўшы станоўчы адказ, прафсаюзны лідар незаўважана ўцягнуў хлебаробаў у шчырую гаворку. Руплівыя камбайнеры з задавальненнем расказвалі пра добрую арганізацыю жніва, смачнае харчаванне, якім забяспечваюць іх падчас работы, пра ўвагу з боку кіраўніка гаспадаркі і прафсаюзнай пярвічкі… З цікавасцю слухаў Мікалай Басалай і пра тое, як рыхтавалі да работы свой камбайн хлебаробы.
– Каб упэўніцца ў на-дзейнасці механізмаў, “Джон-Дзір” уважліва праверылі, адрамантавалі. Тэхніка імпартная, але за 10 год яна стала настолькі сваёй, што ўжо не тоіць ніякіх сакрэтаў, толькі б запчасткі былі больш даступнымі…
Не ўпусцілі з-пад увагі і спрэчныя пытанні, накшталт таго, што ў агульны намалот не залічваецца ўбранае імі зерне рапсу.
Нягледзячы на тое, што Аляксандр Кіндрук і Сяргей Ільючык – працаўнікі не абдзеленыя ўвагай, падарункі, а гэта былі насценныя гадзіннікі з сімволікай сёлетняга жніва, – прымалі з вялікай удзячнасцю. Гэтак жа аднёсся да ўвагі і малады камбайнер Дзмітрый Марза, якому ўручылі кепку і майку. Такіх жа сувеніраў былі ўдастоены вадзіцелі на адвозцы збожжа Аляксандр Казун і Сяргей Шабан.
Крыху не пашанцавала ў гэты дзень мінулагоднім лідарам на жніве Сяргею Калюцічу і Мацвею Мацкевічу, “Джон-Дзір” якіх знаходзіўся на мехдвары, дзе хлебаробы падбіралі да зламанага замежнага механізму айчынны падшыпнік. Справы ладзіліся не вельмі, не надавала настрою і ўсведамленне, што трэба будзе як мага хутчэй навёрстваць упушчанае. Падбадзёрылі хлебаробаў увага і ўручаныя ў падарунак гадзіннікі.
Перш чым пакінуць гаспадарку, Мікалай Басалай пацікавіўся ў Аляксандра Дубініча, якія яшчэ формы работы можна праводзіць з працаўнікамі падчас жніва, паабяцаў на больш высокім узроўні падняць пытанне наконт распрацоўкі летняй формы спецадзення і абутку для хлебаробаў.



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть