Сведчанні гісторыі захоўваюць архівісты
Общество

Сведчанні гісторыі захоўваюць архівісты

архивАрхіўная служба Пінска адзначае 75-годдзе.

Яе гісторыя пачалася ў лютым 1940 года, калі Савет народных Камісараў БССР прыняў Пастанову №182 “Аб арганізацыі архіўнай справы ў Баранавіцкай, Пінскай, Вілейскай, Брэсцкай і Беластоцкай абласцях”. Сваю дзейнасць дзяржаўны архіў Пінскай вобласці пачаў 11 лютага 1940 года. Размяшчаўся ён у падвале будынка выканкама Пінскага абласнога Савета дэпутатаў працоўных. Працавала 10 штатных супрацоўнікаў.

Усе пачынанні спыніла Вялікая Айчынная вайна. Пасля вызвалення Пінска, 14 ліпеня 1944 года, аблвыканкам праняў рашэнне аб аднаўленні дзейнасці архіва. Пасля вызвалення тэрыторыі рэспублікі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў прымаліся тэрміновыя меры па выратаванню і прывядзенню ў парадак дакументаў. У большасці сваёй яны былі ў вельмі дрэнным стане, некаторыя з іх архівістам даводзілася збіраць з россыпу. Да 1954 года займаліся ў асноўным канцэнтрацыяй і навукова-тэхнічнай апрацоўкай дакументаў польскага перыяду (1919-1939 гг.) і часоў Вялікай Айчыннай вайны.

У сувязі са скасаваннем Пінскай вобласці, 15 лютага 1954 года архіў быў рэарганізаваны ў Філіял дзяржаўнага архіва Брэсцкай вобласці ў Пінску. Адчуваліся недахоп плошчаў і недастатковасць матэрыяльна-тэхнічнай базы.

Сітуацыя да лепшага змянілася ў 1986 годзе, калі архіўная служба Пінска набыла пастаянную прапіску ў трохпавярховым будынку на 200 тысяч адзінак захоўвання. Архіўныя справы ўтульна размясціліся на сучасных перасовачных стэлажах, а ў супрацоўнікаў паявіліся ўтульныя кабінеты. Недасведчанаму чалавеку цяжка сабе ўявіць вялізны аб’ём работы, які клаўся на плечы архівістаў пасля пераезду. Трэба было ўпакаваць, а затым распакаваць дзясяткі тысяч каштоўных дакументаў, забяспечыць іх поўную захаванасць, наладзіць улік.

Сёння ў “Занальным дзяржаўным архіве Пінска захоўваюцца дакументы, якія ўтварыліся ў выніку дзейнасці органаў дзяржаўнай улады, устаноў, арганізацый і прадпрыемстваў, грамадска-палітычных арганізацый Палескага рэгіёна (горада Пінска, Драгічынскага, Іванаўскага, Лунінецкага, Пінскага і Столінскага раёнаў) і дакументаў прыватнага паходжання з 1944 года. Усе матэрыялы адкрыты для навуковага, практычнага і сацыяльна-культурнага выкарыстання. Дзяржаўны архіў усю работу ў галіне выкарыстання дакументаў будаваў на цесным супрацоўніцтве з даследчыкамі, установамі,
арганізацыямі. Адной з распаўсюджаных і традыцыйных формаў работы з’яўляецца публікацыя артыкулаў і падборак дакументаў у раённых сродках масавай інфармацыі. Асобнае месца ў публікацыйнай дзейнасці заняла падрыхтоўка і выданне даведніка.

З дакументамі карыстальнікі архіўнай інфармацыі працуюць у чытальных залах. З кожным годам колькасць тых, хто цікавіцца матэрыяламі, павялічваецца. Толькі з 2010 па 2014 год да нас звярнуліся 260 чалавек, якім былі выдадзены 5064 справы. Цікаўнасць да архіўных дакументаў праяўляюць не толькі журналісты, пісьменнікі, аспіранты, выкладчыкі, але і студэнты, школьнікі, прадстаўнікі грамадскіх арганізацый, культуры, адукацыі, эканамічнай сферы. У тэматыцы адзначаецца тэндэнцыя да паглыбленага вывучэння гісторыі нашага краю. Усе даследчыкі атрымліваюць кансультацыі і дапамогу пры падборы дакументаў.

Дзеля забеспячэння законных правоў і інтарэсаў грамадзян архіў супрацоўнічае з органамі сацыяльнай абароны, унутраных спраў, судамі, пракуратурай, юрыдычнымі кансультацыямі, натарыяльнымі канторамі, архівамі ЗАГС і іншымі. Зацікаўленыя ўстановы звяртаюцца сюды па пытаннях працоўнай дзейнасці грамадзян, аб заработнай плаце, працоўных і маёмасных правах, аб адукацыі, узнагароджванні і іншыя. За перыяд з 2010 па 2014 гады такіх запытаў паступіла 5881. Акрамя таго, у ходзе асабістага прыёму атрымалі кансультацыю 1567 грамадзян. Апошнім часам павялічылася колькасць зваротаў па электроннай пошце з краін СНД, Еўрасаюза, краін далёкага замежжа.

Пачынаючы з 1990 года архіў перайшоў на новыя формы гаспадарання, спалучаючы бюджэтнае фінансаванне з даходамі ад выканання платных паслуг і работ на падставе дагавораў з юрыдычнымі асобамі. Выконваюцца работы, звязаныя з навукова-тэхнічнай апрацоўкай дакументаў і ўдасканальваннем дакументацыі ва ўстановах, арганізацыях і прадпрыемствах. Да 1992 года гэтымі справамі ў архіве займаўся гаспадарча-разліковы аддзел, пасля яго ліквідацыі — аддзел камплектавання.

У сховішчах архіва знаходзяцца бясцэнныя каш-тоўнасці, па крупіцы сабраныя рознымі пакаленнямі архівістаў, якія робяць усё, каб зберагчы гісторыю роднай зямлі.

Марына СЦЕФАНОВІЧ,
архівіст I катзгорыі.



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть