«Светят окна школы номер два…»
Общество

«Светят окна школы номер два…»

сш 2Как хранят нас молитвы мамы, направляют наказы отца,
Так и школа для многих стала путеводной звездой до конца.

З поўным правам гавару гэта пра СШ №2 г. Лунінца, якая сёлета адзначае 70-годдзе утварэння.

За сваю гісторыю школа мела шмат назваў і нумерацый, тры адрасы. З восені 1944-га вучні займаліся ў класах па вуліцы Гомельская, 3. Першага верасня 1945-га адзначылі наваселле ў школе па вуліцы Савецкая, 20. А ў 1981-ым юных лунінчан запрасіла самая вялікая новабудоўля горада па вуліцы Лісовіча, 5.

СШ№2Школа стала роднай…

Але школа — гэта не сцены, а дух. Ён быў насычаны высокім інтэлектам, імкненнем да ведаў, духоўнасцю і маральнасцю. Лепшыя рысы гарманічна развітай асобы ўвасаблялі ў сабе педагогі, якія сталі сапраўднай легендай Лунінца. I хаця была выпускніцай-1967 іншай школы, але ў СШ №2 вучылася з 1-га па 9-ы клас.

Незабыўная першая настаўніца — Ізаліна Паўлаўна Бельская. Малады спецыяліст потым, закончыўшы ВНУ, выкладала і гісторыю. У свой час пераехала ў Мінск, але яшчэ ўдзельнічала ў святкаванні 50-годдзя школы. Пашчасціла на класнае кіраўніцтва Емяльяна Емяльянавіча Кірыковіча (матэматыка), выкладанне Георгія Антонавіча Касцючэнкі (хімія) і Арнольда Сямёнавіча Файгера (нямецкая мова), з якіх усе мы бралі прыклад энцыклапедычнасці і высакароднасці, а нашы хлопчыкі — яшчэ і галантнасці.

У 1982-ым годзе я, былая вучаніца, вярнулася настаўніцай пачатковых класаў. Амаль 30 год аддадзена калектыву. З 1988-га па 2010-ы была намеснікам дырэктара па вучэбнай рабоце. Гэта быў шчаслівы час, напоўнены радасцю за малышоў, якія на вачах сталелі, але на развітанні са школай не саромеліся слёз. З цягам часу нашымі выхаванцамі станавіліся дзеці, а потым і ўнукі першых вучняў. Школа прыцягвала новымі методыкамі, цікавымі справамі, вялікай дзейнасцю па патрыятычным выхаванні. Галоўнае ж — захопленымі настаўнікамі.

Педагогам твоим
На виски выпал снег.
Поклонимся живым
И тем, кого уж нет…

Кіруючы корпус

Безумоўна, прыклад калектыву паказвалі дырэктары. Першы кіраўнік — Васіль Дарафеевіч Казак. Аб вартасцях другога, былога лётчыка-франтавіка Фёдара Георгіевіча Жагалава, гаворыць яго службовы рост: першы сакратар Дзяржынскага райкама партыі Міншчыны, потым — дырэктар Вялікага тэатра оперы і балета ў сталіцы. Добрую памяць пакінула аб сабе Марыя Канстанцінаўна Ратнер, якая пазней выехала ў Аргенціну. У сэрцах многіх калег і вучняў жыве Таісія Аляксееўна Шылкіна, якая знайшла апошні спачын у Лунінцы.

Як і Анатоль Арсеньевіч Яначкін. Памяць аб ім захоўвае горад, якому ён цалкам аддаў сябе. Яго арганізатарскія здольнасці грунтаваліся на тонкім пачуцці псіхалогіі чалавека. Нельга было дапусціць, каб яго даручэнне не выканалі ці справіліся з заданием не на “пяцёрку”. Выдатны настаўнік фізікі, ён выкладаў у старэйшых класах, даводзіў іх да выпуску. Урок для дырэктара быў святой справай. Узяўшы класны журнал, папярэджваў: нават калі будзе тэлефанаваць міністр адукацыі, мяне з урока не выклікаць… (Глыбокімі ведамі і прынцыповасцю вызначаўся і прыйшоўшы на месца выкладчыка Віктар Аляксеевіч Фёдараў, які таксама меў вопыт дырэктарства — інтэрната і ліцэя…)

Потым дырэктарам СШ №2 стаў Георгій Міхайлавіч Паграбенны. Школа была родная для яго і яго сястры, настаўніцы пачатковых класаў Святланы Міхайлаўны Заляцёнка, абодва — нашы выпускнікі. Шмат год бібліятэкарам працавала іх мама Ніна Васільеўна (потым “гаспадыняй кніжнага царства” стала Надзея Сямёнаўна Кацуба, якая пакінула гэты свет сёлетняй восенню. Светлая памяць светламу чалавеку…). Новы дырэктар беражліва захоўваў традыцыі калектыву. Як педагог, Георгій Міхайлавіч працягвае і сёння даваць вучням трывалыя веды па інфарматыцы.

Патрабавальнасцю вызначалася настаўніца матэматыкі Ефрасіння Цімафееўна Нуфрыенка. Бясцэнны яе адміністрацыйны вопыт — больш як 10 год была намеснікам дырэктара па вучэбнай рабоце. Грунтоўным гісторыкам стала яе дачка Таццяна Сяргееўна Харытановіч, якая цяпер таксама стала завучам.

Пашчасціла працаваць і з іншымі намеснікамі дырэктара па вучэбнай рабоце — дзелавымі, адказнымі, сумленнымі педагогамі. Марыя Афанасьеўна Андраюк была цудоўным настаўнікам матэматыкі. Алена Мікалаеўна Канапацкая, выкладчык біялогіі, адна з першых у школе на прафесійным узроўні засвоіла асновы інфармацыйных тэхналогій. Разам са школай адзначае ўласныя юбілеі Наталля Аляксееўна Ерамяевіч. Наша выпускніца, пачаўшы з педагога-арганізатара, больш як 20 год узначальвала вельмі адказны ўчастак — была намеснікам дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце. Таленавіты, адказны і творчы чалавек. Дагэтуль запатрабавана як настаўнік гісторыі.

Пройдут года, столетий нити
Утонут в синей бездне звезд.
Но слово теплое — «учитель» —
Всегда растрогает до слез.
Всегда заставит вспомнить что-то
Родное, близкое тебе…
В двадцатом веке и в двухсотом
Учитель вечен на Земле!

“Прыгажосць ратуе свет”

Са шкадаваннем адзначаю, як многа педагогаў з Вялікай Літары давялося праводзіць у апошні шлях. Але. Дакладна сказаў класік: “Быў. Ёсць. Буду”. Вольга Ільінічна Біруковіч — першая з настаўніц, адзначаная вышэйшай узнагародай савецкага часу — ордэнам Леніна. Ганна Хацімаўна Эстэркіна, якая была ўдастоена ордэна “Знак Пашаны”. (У другім паўшар’і, у ЗША, асталявалася цяпер яе дачка — таксама наша настаўніца Нінель Майсееўна Рэзнік. Як многа вучняў, уключаючы мяне, захоўваюць удзячную памяць аб яе высокім прафесіяналізме і вытанчанай інтэлігентнасці!).

А незабыўная Валянціна Іванаўна Некрашэвіч! Настаўніца рускай мовы і літаратуры першая (і, можа, адзіная) у раёне была адзначана высокім званнем “Выдатнік народнай адукацыі СССР”. I гэту асобу можна назваць незаменнай. Дагэтуль ніхто ў Лунінцы не пераўзышоў яе ў мастацкім чытанні, калі мы адчувалі перад сабой Вялікую Актрысу.

Урокі спеваў давала выхаванка дзіцячага дома Паліна Ільінічна Гардзіевіч. Яна самааддана любіла музыку, стварыла ці не лепшы ў горадзе хор! Працяг дынастыі — яе нявестка Святлана Антонаўна, выдатны настаўнік роднай мовы.

Цяпер прынята дарыць карціны, што потым упрыгожваюць холы. У нашай школе гэта былі творы выкладчыка малявання і чарчэння, першага камсамольца Лунінца Георгія Сцяпанавіча Ішчанкі. Пашчасціла на сапраўднага мастака! Аб любові да яго вучняў сведчыць мянушка “Дзядуля”… Традыцыя аднавілася, калі ў школу настаўніцай выяўленчага мастацтва прыйшла Валянціна Фёдараўна Трухановіч. Цяпер яна больш вядома як выкладчык Лунінецкай ДШМ. Але калі глядзела пра яе фільм, створаны на тэлеканале БТ-1, з радасцю адзначала: наша школа!

Наталля КАНАПАЦКАЯ,
выдатнік адукацыі Рэспублікі Беларусь, ветэран педагагічнай працы.



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть