Общество

“Свіцязь вяртае ў маладосць…”

махахейІван МАХАХЕЙ, у свой час узнагароджаны знакам “Выдатны работнік Беларускай чыгункі», сёлета адзначыў 85-годдзе.
Ён жыве на невялікай вулачцы ў цэнтры Лунінца, дзе тры сціплыя драўляныя домікі суседнічаюць з трыма “дзвюхпавярхоўкамі” грамадскіх будынкаў. У дні сту-дзеньскіх завей работнікі, ідучы на службу, не сустракалі перашкод. Па даўняй звычцы Іван Пятровіч з раніцы расчысціў снег уздоўж сваёй агароджы, каб зручней было людзям. У любы перыяд года ён падмятае ўчастак вуліцы і вывозіць смецце ў вызначанае для гэтага месца. Улетку парадкам на агародзе, дзе “пад лінеечку” высаджаны агародніна і клубніцы, захапляюцца ўсе прахожыя. Наведваючы юбіляра дома, захапляюся такой жа акуратнасцю на белай верандзе (у гэты колер пафарбавана і ўся мэбля ў пакоях). Не магу не ўра-зіцца словамі гаспадара, што пакуль спраўляецца сам – не давярае чужому чалавеку прыбіраць у яго доме! Пліта, якая паліцца на кухні, дадае ўтульнасці.
– Як жа інакш? – здзіўляецца Іван Пятровіч. – Чалавек павінен пакідаць дабратворны след на зямлі. Так мяне вучылі бацькі, так я вучу нашчадкаў…
Ён з любоўю расказвае пра малую радзіму – вёску Юравічы паблізу старажытнага Міра. Потым твар азмрочваецца ўспамінамі аб акупацыі. Уся сям’я знаходзілася ў небяспецы, але выратавала савецкага афіцэра. Узрост не дазволіў юнаку стаць у рады Чырвонай Арміі, а два старэйшыя браты былі на фронце. Адзін – прапаў без вестак, другі – вярнуўся з Перамогай.
Як лёс звязаў з Лунінцам? Яшчэ ў пачатку ХХ стагоддзя на буйнеючую станцыю перасялілася сям’я аднавяскоўца. Яго сын перад вайной узяў у жонкі сястру Івана, да якой у 1948-ым і прыехаў малодшы брат (другая сястра пазней стала жонкай швагра І.П. Махахея). Уладкаваўся на працу ў аднаўленчы цягнік. Спачатку быў аўтагеншчыкам, такелажнікам, працягваў майстрам уздымкі. Усведамляючы неабходнасць адукацыі, да сваіх трох класаў польскай школы і двух – рускай, дадаў вячэрнюю, а ў 1971-ым закончыў Вільнюскі тэхнікум чыгуначнага транспарту па спецыяльнасці “цеплавозная гаспадарка”. Гэта дазволіла заняць пасаду намесніка начальніка.
– Доўга магу пералічваць аб’екты, на якіх кіраваў работамі, а галоўнае – пабудаваў базу для арганізацыі, – з годнасцю адзначае плён сваёй службовай дзейнасці Іван Пятровіч. – У наш час адказнасць і стараннасць былі нормай жыцця, таму і працавалі, як кажуць, не за страх, а на сумленне.
Гэта пацвярджае і працоўная кніжка ветэрана, дзе на адной старонцы – усяго чатыры радкі запісу аб амаль 40-гадовым служэнні аднаму калектыву, а на ўсіх астатніх – столькі ж загадаў аб падзяках і заахвочваннях. Са зразумелым гонарам “Выдатны работнік Беларускай чыгункі» расказвае аб тым, што пабудаваў сядзібу сабе і дапамог ва ўзвядзенні дамоў дзвюм сёстрам, што яго сталярскае ўменне занатавана ў выдатных дзвярах і вокнах не толькі гэтых будынкаў.
Івану Пятровічу заўсёды хапала часу і на працу, і на адпачынак. Самым вялікім захапленнем была рыбалка. У такім жа ідэальным парадку ўтрымліваў домік на рацэ Прыпяць, куды ахвотна запрашаў калег і сяброў, прывабліваючы гасцей катаннем на лодцы. З задавальненнем дагэтуль кіруе аўтамабілем. За рулём не адчувае ўзросту, ажыццяўляючы падарожжы па Беларусі – перш-наперш, на сваю малую радзіму.
Не пашчасціла з жонкай адсвяткаваць залатое вяселле: вось ужо 20-ы год яго Валянціна Паўлаўна жыве толькі ў памяці сям’і… Моц духу падтрымліваюць дачка і сын, чацвёра ўнукаў, восем праўнукаў. Дарэчы, Яўген Іванавіч Махахей працуе слесарам у лакаматыўным дэпо, а яго сын Генадзь – памочнік машыніста – з’яўляецца прадаўжальнікам чыгуначнай дынастыі ў 5-ым пакаленні (пачынаючы з дзеда і бацькі бабулі).
Пытаюся ў ветэрана, якому падарунку да юбілею быў бы асабліва рады. Іван Пятровіч усміхаецца:
– Ужо тэлефанавала кадравік, прапаноўвала пуцёўку ў санаторый. Штогод карыстаюся гэтай ільготай. І сёлета дамовіўся, што вазьму, але крыху пазней. Спачатку паеду на любімую Свіцязь. Няма мясцін прыгажэйшых, чым родныя. Выдатнае лячэнне забяспечваюць у санаторыі, але мне здаецца, што на Гро-дзеншчыне ў маладосць вяртаюся, таму і здаравею душой…

Аляксандр МАТОР,
старшыня прафкама лакаматыўнага дэпо Лунінец.
Фота Таццяны ВАСІЛЬЕВАЙ.

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть