Святам працы сустракалі май
Общество

Святам працы сустракалі май

1 мая 2015 02Лунінеччына, як і мільёны жыхароў нашай краіны, урачыста адзначыла Свята працы. Цёплае, сонечнае надвор’е, якое шчодра сагравала ўдзельнікаў мерапрыемства ў гэты дзень, нагадвала, што на вуліцы вясна, якая заклікае да абнаўлення ў прыродзе і дасягнення новых працоўных поспехаў, без чаго немагчыма ўявіць росквіт роднага краю.

Адкдкрыў урачыстасць намеснік старшыні райвыканкама Уладзімір Кавалевіч. Звяртаючыся да прысутных, ён заўважыў, што духоўны пад’ём майскіх дзён надае жыццёвага аптымізму, энергіі, надзеі і веры ў свае сілы. Тым не менш, Першамай — гэта даніна павагі людзям працы, тым традыцыям, што былі імі закладзены і да гэтага часу беражліва захоўваюцца і перадаюцца з пакалення ў пакаленне. Мы маем гарантаваныя Канстытуцыяй правы, на рэалізацыю якіх накіравана праграма сацыяльна-эканамічнага развіцця краіныі на 2011-2015 год. Будучыня Айчыны і дабрабыт яе жыхароў залежаць ад паўсядзённай працы кожнага з нас. Віншуючы прысутных са святам, Уладзімір Міхайлавіч выказаў надзею, што высокі прафесіяналізм і стараннасць землякоў дазволяць дасягнуць значных вынікаў у эканамічнай, сацыяльнай і культурнай сферах. А яшчэ пажадаў кожнаму цікавай і патрэбнай работы, накіраванай на дабрабыт сям’і і роднай Беларусі. “Каб яна прыносіла радасць і задавальненне, з’яднала грамадства і павялічыла нацыянальны дабрабыт”.

1 мая 2015 01Лаканічным было выступленне лідара раённага аб’яднання прафсаюзаў Ігара Гапона. Ён адзначыў, што дзяржава ганарыцца сваім народам, які не пакладаючы рук працуе на палях і фермах, прадпрыемствах і арганізацыях, выхоўвае і навучае дзяцей, аказвае медыцынскую дапамогу, захоўвае спакой і прыносіць прыгажосць у нашу паўсядзённаць. Менавіта ў працоўных калектывах ідзе сапраўднае жыццё, дзейнічаюць законы маралі і выхаванасці. Асаблівую падзяку Ігар Іванавіч выказаў ветэранам вайны і працы за мір, суверэнітэт і сённяшні светлы дзень. Падзякаваў ён і прадстаўнікам прафсаюзаў — за добрасумленную працу, высокі прафесіяналізм і вывераную грамадзянскую пазіцыю, накіраваную на кансалідацыю і далейшае развіццё грамадства. Лепшыім з іх Ігар Іванавіч уручыў Ганаровыя граматы, прэміі і падарункі.

Ад працоўных калектываў павіншавалі лунінчан і гасцей райцэнтра старшыня прафкама ААТ “Лунінецкі малочны завод” Ірына Цяльпук і ветэран прафсаюзнага руху Наталля Ераміевіч.

Урачыстасць на гэтым не закончылася. Прысутных запрасілі на адкрыццё фантана. Прыгожа аздобілі, здавалася б, звычайнае мерапрыемства работнікі культуры. Вось маленькія дзяўчынкі ў касцюмах дзьмухаўцоў, гэтыя цёплыя і сонечныя кветачкі мая, выстраіліся ў чародкі і заплясалі ламбаду. Ды гэтак захапляльна, што здавалася, у скокі кінулася ўсё наваколле. Іх змянілі выхаванкі Ганны Бандарэнка. З веснавой лёгкасцю, прадэманстраваўшы замыславатыя ўбранні, дзяўчаты адыйшлі на другі план, вылучыўшы наперад самую незвычайную — Вясну, якой і было дадзена права адкрыць сезон фантана. Лёгкі ўзмах залацістай палачкай і ён заззяў у промнях сонца серабрыстымі струменьчыкамі-кроплямі… Яны ліліся, а на імправізаваную сцэну ўжо выйшаў танцавальны калектыў ГДК “Абіссаль” і закружыўся ў старым як свет, і такім юным, як яго выканаўцы, вальсе. Яго змянілі дзяўчаты-мажарэткі, а пазней — веласіпедысткі, якія ўпрыгожылі свае транспартныя сродкі яркімі кветкамі.

А свята працягвалася: на плошчыі Леніна яшчэ доўга гучаў цудоўны канцэрт.

1 мая 2015 03У гэты ж дзень у гарадскім Доме культуры прайшоў раённы конкурс ваенна-патрыятычнай песні “Жыву любоўю да Беларусі”. Таленты ацэньвала журы ў складзе намесніка начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Наталлі Качаноўскай, дырэктара раённага арганізацыйна-метадычнага цэнтра Таццяны Лівінец, настаўніка па вакалу Лунінецкай ДШМ Віктара Кругліка, кіраўніка раённага ансамбля песні і музыкі “Шляхцічы” Сяргея Місікава. Лепшымі з выканаўцаў былі прызнаны: ва ўзроставай катэгорыі ад 9 да 13 год — Дар’я Трухановіч (1 месца, Мікашэвіцкая гімназія) і Ангеліна Карульская (2 месца, Палеская ДМШМ); ад 14 да 25 год — Ксенія Калошыц, СШ №1 г. Мікашэвічы, Дзіяна Мальцава, СШ Вулька1, Ліна Жук, Дзятлавіцкі ЦСДК. У намінацыі “Вакальны ансамбль” першае месца прысуджана трыа “Кураж” (Аліна Кучук, Крысціна Занько, Арына Яворская) — Палеская СШ; другое месца — дуэту “SPRING” (Алеся Лукашэвіч і Святлана Брэзіна) — Лунінецкая гімназія. Пераможцам былі ўручаны Дыпломы і памятныя падарункі. Акрамя таго, Дыпломы за ўдзел у конкурсе атрымалі спевакі Вікторыя Шарай (СШ №1 г. Лунінца), Варвара Місікава (СШ №2 г. Лунінца), Аляксандра Ячмяновіч (Дварэцкая яслі-сад-школа), Крысціна Занько (Палеская СШ), Арына Яворская (Палеская СШ), Аліна Кучук (Палеская СШ), Стас Дударга (Палеская СШ).

Галіна КУЧЭЙКА



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть