ЗдоровьеМикашевичиМолодежьНовости районаОбщество

Сёлета ў Лунінецкі раён на першае месца работы прыехала 7 маладых урачоў

Установы аховы здароўя Лунінеччыны сёлета сталі першым месцам работы для 17 маладых спецыялістаў, 7 з якіх з’яўляюцца ўрачамі. Наша знаёмства з імі адбылося ў адміністрацыйным будынку цэнтральнай раённай бальніцы, дзе для новых калег ладзілі сустрэчу з галоўным урачом Святланай Хлебус.

Акрамя Святланы Іванаўны, дыялог з  юнакамі і дзяўчатамі вялі яе намеснік Эдуард Канапацкі, начальнік аддзела кадраў Алена Глінка і старшыня прафкама Наталля Рагажынская. Размова, якая датычыла ў тым ліку ўражанняў ад месцаўладкавання і вырашэння пытанняў з жыллём, атрымалася шчырай і канструктыўнай.

– Усе хвалюючыя праблемы, калі яны ўзнікнуць, вырашым у рабочым парадку, – падкрэсліла галоўны ўрач. – Спадзяюся, на Лунінеччыне ў вас будзе ўдалы старт у медыцынскай кар’еры, вы зможаце паказаць сябе сапраўднымі прафесіяналамі, створыце тут сям’ю, у каго яшчэ няма, і застанецеся з намі назаўсёды.

Па меншай меры на 2 гады Лунінец стане блізкім для пінчаніна Міхаіла АСІПЧУКА. Урач траўматолаг-артапед прыступіў да прыёму пацыентаў у паліклініцы ў райцэнтры:

– Сваю прафесію выбраў, калі ўпершыню  пабываў у стацыянары, – расказвае малады спецыяліст. – Вучыўся ў Гомелі. Лічу, што траўматолаг павінен быць дастаткова моцным чалавекам, што абумоўлена пэўнай спецыфікай.  Яшчэ гэта фізічна даволі цяжкая работа, дзяўчыны сярод нас – рэдкасць. Увогуле, у медыцыне будзе складана тым, хто не гатовы ўсё жыццё ўдзяляць свайму рамяству. Паверце, выпадковых урачоў не бывае…

Медыцынская сфера Лунінеччыны заўсёды славілася сямейнымі дынастыямі. У жніўні іх пабольшала, дзякуючы прыезду Вольгі і Уладзіслава ЛЯЎКОЎСКІХ.

Жонка – урач агуль-най практыкі, узначаліла вясковую амбулаторыю ў Дварцы. Муж – па спецыяльнасці хірург, часова будзе весці прыём у Мікашэвічах, а крыху пазней (і гэта асноўнае месца работы) – у паліклініцы ў райцэнтры.

Вольга пайшла па прафесійнай сцяжынцы сваёй бабулі, якая 44 гады адпрацавала медсястрой у былым скурвендыспансеры. Сёння дзяўчына з лёгкасцю можа ўзяць на сябе сімвалічную ролю экскурсавода для Уладзіслава, таму што тут яе карані. Калі выпускніца лунінецкай гімназіі павезла дакументы ў Гомельскі медуніверсітэт, ведала, што абавязкова вернецца на малую ра-дзіму, але не ўяўляла, што адзін з аднагрупнікаў акажацца будучым выбраннікам. Ураджэнец Жлобіна пакарыў сэрца дзяўчыны. Маладажоны згулялі вяселле на шостым курсе. Сям’я пакуль жыве ў бацькоў, але будуе смелыя планы і з упэўненасцю глядзіць у будучае.

Горад Іванава – малая радзіма Яўгеніі СНІТКО.

Як і многія з герояў  гэтай публікацыі, сваю спецыяльнасць – урач-педыятр – дзяўчына таксама атрымала ў Гомельскім універсітэце. Па словах маладога спецыяліста, яна заўсёды любіла дзетак, таму выбар прафесіі для яе быў відавочным. Дапамагае вяртаць здароўе хлопчыкам і дзяўчынкам, якія трапляюць у стацыянар Мікашэвіцкай бальніцы. Жыве на здымнай кватэры.

Для ўраджэнкі Сінкевіч Анастасіі РУДЗЬКО ў нас усё знаёма, тым не менш, ёсць да чаго прывыкаць. Напрыклад, што цяпер яна – загадчыца Краснавольскай участковай бальніцы.

Атрымаўшы пасведчанне за курс базавай школы, вяскоўка паступіла ў тагачасны ліцэй г. Лунінца. І хаця вучылася па філалагічным профілі, тым не менш, гэта не перашкодзіла стаць студэнткай медуніверсітэта ў Гомелі. Як на адным дыханні, праляцеў час заняткаў. Інтэрнатуру Анастасія праходзіла ў нашай ЦРБ.

– Першыя некалькі дзён на рабоце было ўсё ў навінку, потым крыху асвоілася, – падзялілася сваімі ўражаннямі ўрач агульнай практыкі. – Калектыў як у амбулаторыі, так і ў бальніцы добры. Персанал дружалюбны, кожны імкнецца дапамагчы, дзесьці падказаць і навучыць весці дакументацыю. Што датычыць жылля, то прапанавалі кватэру ў Міжлессі. Пакуль там ідзе рамонт, на работу дабіраюся на машыне.

Максім АКАВІТЫ родам са Століншчыны. Вучыўся на педыятрычным факультэце ў Беларускім дзяржаўным медуніверсітэце.

Канчатковы выбар прафесіі зрабіў у 9 класе  школы, хаця значна раней захапіўся біялогіяй і ўсім, што з ёй звязана. Практыку праходзіў спачатку на малой радзіме, а на пятым курсе – у Мінскай абласной дзіцячай клінічнай бальніцы ў Бараўлянах. Першы вопыт у якасці доктара-інтэрна набываў у Пінску. Цяпер Максім лечыць дзетвару ў Мікашэвіцкай паліклініцы. Як прызнаўся сам, у калектыве прынялі прыязна і з жаданнем дапамагчы, падказаць. Адразу маладому чалавеку прадаставілі жыллё ў інтэрнаце. У далейшыя планы ўваходзяць развіццё сябе, як урача-педыятра, і па магчымасці атрыманне вузкай спецыялізацыі.

Не прывыкаць да нашых мясцін і ўрачу агульнай практыкі Аляксандры МОЛЧАН з Мікашэвіч.

З дзяцінства маленькая Саша марыла, што калі-небудзь апране белы халат, як цёця. Закончыўшы гімназію, ажыццяўляць задуманае накіравалася ў Віцебск. У родным горадзе ў паліклініцы Аляксандра праходзіла практыку і інтэрнатуру. За гэты час, можна сказаць, “прыкіпела” да калектыву, асвоілася і вывучыла многія нюансы. Паколькі з жыллём пытанняў няма, у перспектыве маладога доктара – працаваць, удасканальвацца ў сваёй справе, дапамагаць людзям.

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть