Шчаслівае “бальнічнае” знаёмства Паўлусевічаў
Общество

Шчаслівае “бальнічнае” знаёмства Паўлусевічаў

Бальніца ў кожнага з нас выклікае не зусім прыемныя адчуванні, тым больш цяжка заставацца ў ложку лячэбнай установы ў перыяд юнацтва і росквіту сіл. Але здараецца так, што некалькі змрочных дзён знаходжання ў палаце становяцца лёсавызначальнымі, жыццёвая дарога робіць круты віраж і вядзе два сэрцы да жаданага сямейнага шчасця.
Менавіта так здарылася ў лёсах дзяўчыны з Лахвы і хлопца з Перунова. Яны да драбніц памятаюць сваю першую сустрэчу ў чарзе за таблеткамі, якая стала пачаткам сяброўства і запаліла ў сэрцах агеньчык кахання. Пасля вяселля Анатоль і Валянціна ПАЎЛУСЕВІЧЫ пасяліліся ў Лахве. На ўскрайку вёскі купілі дом, які ператварылі ва ўтульны куточак. У сям’і выхоўваецца чацвёра дзяцей. Старэйшы Дзмітрый закончыў школу, у політэхнічным каледжы атрымлівае спецыяльнасць электрыка. Дачушка Святлана вучыцца ў 10 класе, займалася вырабамі з бісеру і вышываннем. Віктар – сямікласнік. Захапляецца футболам, тэнісам. Малодшы Міша наведвае дзіцячы сад.
Анатоль Міхайлавіч прысвяціў сябе нялёгкай справе выратавальніка. Ішоў да гэтага не зусім звычайным шляхам, пасля школы паступіў ва ўніверсітэт на сельскагаспадарчую спецыяльнасць. Атрымаўшы дыплом зааінжынера, прызваўся на вайсковую службу ў якасці пагранічніка. Вярнуўся з арміі, шукаў работу. Знаёмы выпадкова падказаў, што ў тагачасны пост ваенізаванай пажарнай аховы ў Любані патрабуецца пажарны. Прыступіў да абавязкаў з асцярожнасцю – не быў упэўнены, што гэта яго справа.
Але ўсё атрымалася. Праз паўтара года прыняў абавязкі камандзіра аддзялення, дзе была магчымасць праявіць сябе і ўпэўніцца ў правільнасці жыццёвага выбару. Расчаравання не наступіла, зразумеў, што не хоча займацца нечым іншым. Новыя перамены прыйшлі з рэарганізацыяй. Цяпер Анатоль Паўлусевіч – камандзір аддзялення ПАВЧ №2 г. Мікашэвічы.
За 21 год даводзілася сутыкацца з самымі рознымі надзвычайнымі сітуацыямі, але падчас любой з іх галоўным было і застаецца імкненне прыйсці на дапамогу людзям, засцерагчы ад непапраўных наступстваў, нават рызыкуючы сваім жыццём – ратаваць чужое. Самым цяжкім лічыць невядомасць – едзеш на выклік і ніколі не ведаеш, што там здарылася. З болем пераносіць непапраўнае, калі выратаваць чалавека ўжо немагчыма. Сяброўскія адносіны з калегамі дапамагаюць адчуваць сябе камфортна ў калектыве. Тут ёсць з кім параіцца, навучыцца нечаму новаму і неабходнаму.
Для сыноў і дачушкі тата з’яўляецца прыкладам мужнасці і адвагі, яны хочуць быць такімі ж моцнымі духам і смелымі. Для жонкі прафесійныя абавязкі мужа – пастаяннае хваляванне, да рабочых змен немагчыма прывыкнуць нават за дзесяцігоддзі. Але яна не падае выгляд, разумее, што яго служба – пачэсная і важная для людзей. Нядаўна ўсе разам віншавалі галаву сям’і з цудоўнай нагодай – А.М. Паўлусевічу прысвоена чарговае званне “старшы прапаршчык”.
У вольны час гаспадыня любіць займацца выпечкай. Торт у некалькі ярусаў – нескладаная задача. Шмат святаў у сям’і прыпадае на студзень. Акрамя агульных – дні нараджэння, якія адзначаюцца ў цёплай атмасферы. Асаблівая дата – Дзень выратавальніка, які шануецца з асаблівай павагай не толькі гаспадаром, але і яго каханай жанчынай, і ўсімі нашчадкамі. Яны разумеюць, што ў мужа і таты асаблівая задача, якую няпроста выконваць.
Анатоль Міхайлавіч з болем згадвае сваю малую радзіму. У яго маленстве Перунова развівалася. Цяпер, бываючы ў матулі Ульяны Васільеўны, ён бачыць іншы малюнак – шмат пустуючых хат, мала жыўнасці і не чуваць галасоў. Змяншаецца колькасць насельніцтва і ў Лахве. Гэта выклікае апасенне, што малодшым давядзецца шукаць шчасце на чужыне.
Вядома ж, у нашчадкаў будзе права на самастойны выбар. Да таго ж, памятаючы сваё знаёмства ў бальніцы, бацька ведае пра супадзенні і выпадковасці. Галоўнае, чаму навучае крывінак – у любой сітуацыі заставацца справядлівымі, сумленнымі і добрымі, з годнасцю насіць сваё прозвішча. Тата-выратавальнік проста не ўмее жыць і выхоўваць сваіх дзяцей іначай.



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть