11 дзяцей выгадавалі ў сям’і Арэхва з Велуты
Общество

11 дзяцей выгадавалі ў сям’і Арэхва з Велуты

Па беларускім заканадаўстве мнагадзетнымі лічацца сем’і, якія маюць траіх ці больш дзетак. Звычайна гэта загадкавае словазлучэнне “ці больш” асацыіруецца з лічбамі 4 і 5, ну зрэдку 6. Маці-гераіняй з’яўляецца тая жанчына, якая выхавала пяцярых нашчадкаў. А як тады назваць Ганну АРЭХВА з Велуты, што разам з мужам выгадавала 11 сыноў і дачушак? Да яе сённяшняга статусу ўпаўне падыходзіць выказванне двойчы гераіня і тройчы мнагадзетная!

Ганна Іванаўна нарадзілася і вырасла ў вёсцы Сошна Пінскага раёна. У бацькоўскай сям’і іх было дзесяць, таму пра сум і адзіноту ў родных сценах яна не ведала і не ведае нічога. Таксама як і будучы выбраннік Васіль, які пазнаваў вялікі свет у ваколіцах Велуты. Па рэдкаму супадзенню ён меў такую ж колькасць братоў і сясцёр. У юнацтве ім наканавана было сустрэцца, заўважыць адзін аднаго і аб’яднаць свае памкненні ў адзінае і агульнае.

Шлюб зарэгістравалі ў 1975 годзе, пастаянным месцам жыхарства выбралі малую радзіму мужа. Вядома ж, хацелі, каб дом поўніўся дзіцячымі галасамі, але пра вельмі вялікую колькасць малышоў не задумваліся і не марылі. Ды Бог паслаў іх з такой шчодрасцю, што цяпер самі на імгненне змаўкаюць, калі пералічваюць па імёнах: “Хаця б не забыцца пра каторага, а то сорамна будзе…”.

Першай на свет паявілася дачушка Алена. Зараз гэта 41-гадовая жыхарка Сошна, якая выхоўвае чацвёра дзяцей і працуе на жывёлагадоўчай ферме. Другім агучыў пакоі сын Анатоль, які ў самастойным жыцці застаўся верным краявідам роднай вёскі. Зразумела, што выхадзец з такой багатай сям’і і сваю не ўяўляў без нашчадкаў. Гэта і паспрыяла таму, што разам з жонкай адкрылі дзіцячы дом сямейнага тыпу і гадуюць 5 выхаванцаў.

Васіль – таксама жыхар Велуты, сацыяльны работнік. А Сяргей пасяліўся ў Малькавічах. Раней быў індывідуальным прад-прымальнікам у сферы будаўніцтва, цяпер шукае іншае прызначэнне свайму ўменню. Абодва – мнагадзетныя бацькі, у сваіх сем’ях маюць па трое сыноў і дачушак.

Ажно васьмярых нарадзіла Таццяна, якая асталявалася ў Сошна. Працавала прадаўцом, зараз знаходзіцца ў водпуску па догляду за малодшым. Братам і сёстрам цяжка зраўняцца з яе дасягненнямі, пакуль менавіта іх прыезд у бацькоўскую хату аказваецца самым шумным і мнагалюдным. Тады толькі паспявай пералічыць усіх па імёнах ды не пераблытаць.

Калі ў старэйшых дамашнімі адрасамі з’яўляюцца свой ці блізляжачыя раёны, то Вольга ў параўнанні з імі аказалася занадта далёка. Яна прысылае родным весткі з Кемерава. Але традыцыю мнагадзетнасці абедзвюх бабуль і матулі не парушыла – выхоўвае траіх нашчадкаў. Менавіта іх прыезд да бацькоў з’яўляецца нагодай для ўсіх братоў і сясцёр сабрацца разам у родных сценах. Каб згадаць маленства, параіцца па на-дзённых пытаннях і галоўнае – бліжэй пазнаёміць малышоў новага пакалення паміж сабой.

Юрый жыве ў Велуце. Вадзіцель, шукае работу па спецыяльнасці. Пакуль няма цікавых прапаноў, таму часова ўладкаваўся сацыяльным работнікам. Яны з жонкай гадуюць адно дзіця. Таксама толькі аднойчы стала мамай Іна, якая асталявалася ў Са-лігорску. Працуе бухгалтарам. Малады ўзрост дае ўпэўненасць, што адставаць ад старэйшых яны не будуць, іх дамы яшчэ ў поў-най меры спазнаюць звон галасоў і тупат ножак маленькіх насельнікаў.

Пра асабістую сям’ю пакуль няма часу задумвацца Андрэю, які атрымаў вышэйшую адукацыю і спецыяльнасць праграміста ў Брэсце. Уладкаваўся на работу ў міжнародную фірму.

Не так даўно апрануў вайсковую форму яго брат Леанід. Маючы спецыяльнасць электрыка, адклаў цывільныя справы надалей. Зараз бацькі ганарацца яго дасягненнямі ў выкананні нарматываў па страявой падрыхтоўцы і ўмеламу выкананню баявых задач у Слуцку.

Агульнай любіміцай у старэйшых заўсёды была Кацярына – самая малодшая з дзяцей. Хаця і яна ўжо дарослая – навучэнка 3 курса педкаледжа. Атрымліваючы ўдосталь увагі ад братоў і сястрычак, яна марыць сваю дабрыню і пяшчоту аддаваць іншым дзяўчынкам і хлопчыкам. Вядома ж, у яе гэта атрымаецца, бо прайшоўшы праз цеплыню і давер у час свайго сталення, ведае, як лепш падарыць іх малышам.

Не абмінула вялікую сям’ю Ганны Іванаўны і Васіля Сцяпанавіча і горкая страта. Няшчасце здарылася больш як два дзесяцігоддзі таму, калі моцна і негатыўна адчуваліся на забруджанай тэрыторыі наступствы Чарнобыльскай катастрофы. Васьмігадовы сынок Віктар на “выдатна” закончыў другі клас, ніколі не скардзіўся на недамаганне. Ды нечакана адчуў сябе дрэнна, звярнуліся да дактароў. Праведзеныя даследаванні паказалі, што выратаваць дзіця немагчыма, літаральна за некалькі тыдняў яго не стала…

Перажыць непапраўнае дапамагалі дамашнія клопаты і рабочыя абавязкі. Муж быў запраўшчыкам у калгасе, пазней – вартаўніком. Не пакідае работу і цяпер, хаця 5 год ужо атрымлівае пенсію. Жонка працавала даглядчыцай на ферме, зараз на заслужаным адпачынку. Дагэтуль майстрыха працягвае шчыраваць на швейнай машынцы, якая заўсёды была добрай памочніцай для сям’і, дзе не адчувалася вялікай раскошы. Пастаянна нешта трэба было перашыць для малых, падагнаць пад рост і памер. Здаралася, выручала і знаёмых, атрымліваючы за стараннасць хоць нейкія капейкі дадатковага заробку.

Разам Васіль і Ганна 42 гады. Пры першым знаёмстве з імі згадаліся вядомыя героі Івана Мележа з трылогіі “Людзі на балоце” з такімі ж імёнамі. На шчасце, каханне нашых рэальных сучаснікаў аказалася больш шчаслівым. Аб гэтым сведчыць багатая статыстыка – 23 унукі родныя і пяцёра прыёмных, якіх дзядуля з бабуляй не адрозніваюць ад сваіх. Дарэчы, толькі за 2016 год сям’я папоўнілася на чатырох нованароджаных. А на агульным фотаздымку мы налічылі амаль 4 дзясяткі самых блізкіх родзічаў. І гэта далёка не ўсе! Цяжка нават уявіць, якой будзе гэта лічба праз які дзясятак год, калі ўзрост столькіх унукаў наблізіцца да паўналецця, і яны пачнуць адорваць дзядулю з бабуляй праўнукамі і праўнучкамі.

Цяпер іх родная хата часта патанае ў цішыні. У маладзейшых свае клопаты, і заставацца пад утульным бацькоўскім крылом ім не хапае часу. Але вяртанне сюды, хоць на хвілінку, кожнаму дадае новых сіл, дапамагае знайсці супакой і разуменне. А з прыходам новага лета, канікулаў і водпускаў тут будзе цесна. Але адначасова радасна і прыемна ад адзінства, любові і ўзаемапавагі, якім навучылі сваіх сыноў і дачушак мужныя і старанныя Тата і Мама.

Теги



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть