Тут пішуць гісторыю горада…
Общество

Тут пішуць гісторыю горада…

ЗАГС

Днём іх нараджэння лічыцца 18 снежня 1917 года, калі быў прыняты Дэкрэт РСФСР “Аб грамадзянскім шлюбе, дзецях і вядзенні кніг актаў грамадзянскага стану”. Паявіліся спецыяльныя аддзелы запісаў шлюбаў і нараджэнняў. Ад выканання падобных функцый цэрквы аддзялілі, і частку захаваных архіваў метрычных кніг перадалі ў новыя структуры.

– У хуткім часе, 16 верасня 1918-га, – расказвае начальнік аддзела ЗАГС райвыканкама Святлана Яроцкая, – быў прыняты першы ў гісторыі савецкага права Кодэкс законаў аб актах грамадзянскага стану, шлюбным, сямейным і апякунскім праве, апублікаваны 22 кастрычніка таго ж года. З таго часу нараджэнне, смерць, заключэнне і скасаванне шлюбу, устанаўленне бацькоўства, усынаўленне, змена імя падлягаюць рэгістрацыі ў ЗАГСе.

На Брэстчыне такія структуры паявіліся пазней. Прычына крыецца ў тым, што цяперашняя тэрыторыя вобласці (да 1954-га падзялялася на Баранавіцкую, Беластоцкую, Брэсцкую, Вілейскую і Пінскую) увайшла ў склад БССР толькі пасля верасня 1939 года. Лунінецкі аддзел ЗАГС райвыканкама вядзе летапіс з 1945-га. Пэўны час праіснавала аналагічная арганізацыя гарадскога ўзроўню. У 1997-ым абодва аддзелы аб’ядналіся.

Рэгістрацыя шлюбу, выдача дакументаў аб нараджэнні і смерці – далёка не адзіныя прафесійныя абавязкі. У нас ёсць свой архіў запісаў актаў грамадзянскага стану. Па іх можна прасачыць гісторыю Лунінца, вобласці і нават рэспублікі. Захоўваюцца кнігі на працягу 75 год на стэлажах у спецыяльна абсталяваным памяшканні з пажарна-ахоўнай сігналізацыяй. Паколькі яны з’яўляюцца бясспрэчным доказам зафіксаваных фактаў, сістэматычна праводзім візуальную экспертызу, а ў выпадку неабходнасці – рэстаўрацыю кніг.

Штогод мы складаем больш як 1000 запісаў актаў, выдаем і высылаем да 3000 дакументаў (накшталт даведак, паведамленняў, пасведчанняў, у тым ліку паўторных), пацвярджаючых рэгістрацыю актаў грамадзянскага стану. Значны аб’ём займае работа па ўнясенню дапаўненняў, змяненняў і выпраўленняў (каля 100 спраў у год). Пры іх выкананні звяртаем увагу на захаванне законнасці, паўнату і пра-вільнасць у афармленні. Прыярытэтным застаецца імкненне вырашыць спрэчныя, праблемныя пытанні, нават пры адсутнасці канкрэтных звестак, якія дазваляюць весці неабходныя пошукі.

Асноўны прынцып дзейнасці – абсалютная ўвага да ўсіх запытаў, заяў, зваротаў грамадзян. Дарэчы, апошнім часам павялічылася колькасць просьбаў дапамагчы аднавіць дакладную дату нараджэння ці смерці ў адносінах пайшоўшых з жыцця братоў, сясцёр, дзядуль і бабуль. Звесткі патрэбны для ведання іх нацыянальнасці, замены ці ўстаноўкі помнікаў. У такіх сутуацыях даводзіцца не толькі быць юрыстамі, даючы прафесійную кансультацыю, але і псіхолагамі, каб выслухаць і параіць чалавеку. Тым не менш, генеалагічныя пошукі і даследаванні ў кампетэнцыю органаў ЗАГСа не ўваходзяць.

Адной з першасных задач дэмаграфічнай палітыкі з’яўляецца адраджэнне аўтарытэту сям’і, каштоўнасцей роду, павышэнне культуры адносін. Праводзім урачыстыя ўшанаванні юбілейных дат сумеснага жыцця. Разам з данінай павагі людзям старэйшага пакалення, якія ва ўзаемных любові і павазе праходзяць многія дзесяцігоддзі, шчаслівыя юбіляры становяцца наглядным прыкладам для нашчадкаў, “жывым” узорам для вы-хавання маладых сем’яў. Дарэчы, заўважу, што для падобных мерапрыемстваў дастаткова толькі паведаміць аб сваім жаданні – плаціць не трэба.  А вось урачыстыя рэгістрацыі нованароджаных, якія можам правесці на рускай ці беларускай мовах, з’яўляюцца платнымі. У кожным выпадку распрацоўваецца індывідуальны сцэнарый з улікам пажаданняў грамадзян, нацыянальных традыцый і звычаяў.

Запісала Наталля ГРУДЗЬКО.



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть