Общество

У калгаснай скарбніцы – крупінка з кожнае хаты…

Усім “рассветаўцам” – шчасця і міру. Са святам!
Яшчэ некалькі год таму ў такія высокія вытворчыя паказчыкі нельга было паверыць! Гэтыя словы сталі лейтматывам многіх выступленняў на святкаванні 60-годдзя нашай калектыўнай гаспадаркі. А першым прыгадаў іх былы брыгадзір Мікалай Сцяпанавіч Кісель, які трымаў слова ад ветэранаў калгаснай вытворчасці. Лепшыя з іх, у свой час удастоеныя за працу ордэнаў і медалёў, былі адзначаны кветкамі і падарункамі, як і ўсе, хто аддаў калектыву 35 і больш год працы.
Цяперашні СВК “Вулькаўскі світанак” шануе сваю гісторыю, адметную многімі слаўнымі імёнамі. У ліку кіраўнікоў гаспадаркі быў Канстанцін Сумар. Прывітальны адрас губернатара Брэстчыны зачытаў старшыня райвыканкама Васіль Агіевіч. Шэраг працаўнікоў, якія ўнеслі самы значны ўклад у калектыўны дабрабыт, узнагароджаны ганаровымі граматамі і каштоўнымі падарункамі.
Удзельнікі ўрачыстасці з цікавасцю праглядзелі відэафільм пра сучасны стан гаспадаркі, дзе ўзведзены першы ў раёне малочны блок на 700 галоў з даільным комплексам. Шчырыя словы падзякі за супрацоўніцтва старшыні СВК Уладзіміру Соцу выказвалі партнёры з КУП “Міжлескі”, СВК “Гарадоцкі” і “Чучавічы”, НВК “Палессе”, ДРБУ-101, ААТ “Малочны завод” і “Пінскі мясакамбінат”.
Юбілейная дата адзначалася напярэдадні 8-га сакавіка і нагадвала пра вясновае свята шматлікімі кветкамі, што ўручаліся не толькі прадстаўніцам прыгожай паловы чалавецтва. Выдатным падарункам жанчынам стаў канцэрт, які далі народныя ансамблі “Шляхцічы” ГДК, “Вандроўнікі” Дварэцкага ЦСДК і “Прымакі” ДК чыгуначнікаў. 
Марыя ЯРАХОВІЧ. в. Вулька 2.
ххх
Вось і ўсё… Ён, закончыўшы справы,
Сядзе ціхенька ля баразны,
Баль шыкоўны завея свой справіць,
А зямелька ўглыбіцца ў сны.
“Вось і ўсё, – уздыхне ён з палёгкай.
– Адпачнем, – скажа ёй і сабе, –
Даўся бохан нам вельмі нялёгка,
Але дзякуй, зямліца, табе.
Ты ўзрасціла калоссе на ніве,
Травы росныя клала ў валкі,
Дзе над калівам кожным рупліва
Пелі песні свае жаўрукі.
Ты чароўнай валодаеш сілай,
Несучы яе з нетраў глыбінь.
Я ніколі цябе не пакіну,
Твой пакорны слуга – селянін.
Хоць здараецца вельмі нялёгка
Мне ісці да працоўных высот,
Клапаціцца я буду пра крохкі,
Кволы, хіленькі кожны усход.
І зайграе, узнімецца жыта,
Пахам тонкім зап’яніць палі,
Каб узімку вячэраю сытай
Сілкаваліся, пелі, жылі.
Дзякуй, родная, кожнай пясчынцы –
Найкаштоўнейшы скарб у жыцці,
Бараніці цябе ад чужынцаў,
Крыж пачэсны нашчадкам нясці”.
Вось і ўсё… І трымаючы ў жмені
Па крупінцы з узгоркаў, раўнін,
Перад роднай зямлёй на калені
Стане мужны ўладар – селянін.

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Не копируйте текст!
Закрыть
Закрыть