У Лунінцы судзілі мужчыну за язду без правоў. Яшчэ адкажа і за махлярства
МикашевичиНовости районаОбществоПроисшествия

У Лунінцы судзілі мужчыну за язду без правоў. Яшчэ адкажа і за махлярства

Ролю няўдалага бізнесмена прымераў на сябе 30-гадовы жыхар Жыткавіч. Мужчына прапанаваў знаёмаму адрамантаваць яго аўтамабіль. Узяў папярэднюю аплату за запчасткі і аванс за сваю работу, аднак да рамонту нават не збіраўся прыступаць…

Як расказала «ЛН» старшы памочнік пракурора Лунінецкага раёна Ганна Пенер, дамаўляючыся аб здзелцы, “спецыяліст” апеляваў тэрмінамі, апісваючы, як збіраецца прыводзіць машыну ў належны стан. Не дзіўна, што пачутыя аргументы не выклікалі ў аўтаўладальніка ні кроплі сумненняў. Гаспадар перадаў ашуканцу 1800 рублёў, вось толькі ні рамонту, ні грошай так і не дачакаўся… Як высветлілася пазней, атрыманымі фінансамі той распарадзіўся па-свойму: маўляў, “на дробныя расходы”. Стаміўшыся ад пустых абяцанак, мужчына звярнуўся з заявай у міліцыю. За завалоданне чужой маёмасцю шляхам падману ўзбуджана крымінальная справа.

Здавалася б, прыкры факт павінен быў спыніць супрацьпраўныя дзеянні. Але ж не… Ці то адчуванне беспакаранасці, ці то залішняя самаўпэўненасць прывялі да ўчынення новых правапарушэнняў. Так, яго тройчы затрымлівалі дзяржаўтаінспектары РАУС і складалі пратаколы за язду без правоў, прычым, не толькі ў Жыткавіцкім, але і ў Лунінецкім раёне. Наўмысныя дзеянні грамадзяніна Н. кваліфікавалі па частцы 1 артыкула 317-2 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь.

У судзе мужчына вёў сябе па іншаму. Чыстасардэчна раскаяўся і прызнаў віну ў поўным аб’ёме. За ўвагу ўзяты ўсе абставіны злачынстваў, за якія прыгавораны да двух год абмежавання волі з накіраваннем у выпраўленчую ўстанову адкрытага тыпу, яшчэ на пяць – пазбавілі права займацца дзейнасцю, звязанай з кіраваннем транспартнымі сродкамі.

 



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть