Общество

У Луніне адбылася цырымонія ўзнагароджвання абласной літаратурнай прэміяй імя Уладзіміра Калесніка

У чарговы раз дзверы Лунінскай яслі-сад-СШ гасцінна распахнуліся для гасцей, якія шчыра любяць Радзіму і прыгожую беларускую мову. Дзякуючы гэтаму, яны ствараюць таленавітыя творы, дзе ўслаўляюць наваколле і раскрываюць самыя патаемныя куточкі душы.

На ўваходзе ў будынак удзельнікаў урачыстасці сустракае партрэт натхняльніка і заснавальніка літаратурнага свята Міколы Елянеўскага. І вось загучала прыгожая мелодыя, у такт якой закружыліся мясцовыя настаўніцы ў нацыянальных касцюмах і з прыгожымі вышытымі рушнікамі.

Хлеб-соль ганаровым гасцям — намесніку старшыні Брэсцкага аблвыканкама Генадзю Барысюку, начальніку галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі аблвыканкама Таццяне Гагакавай, старшыні райвыканкама Аляксандру Пачко і яго намесніку Анатолю Захаркевічу — уручылі вучні Віталіна Салуйчык і Уладзіслаў Кішкевіч. А далей маленькая гаспадынька «Залатая восень», ролю якой выканала Ульяна Сацкевіч, запрасіла прысутных далучыцца да невялікай экскурсіі. Усе захапляліся выставамі літаратуры, народнай і мастацкай творчасці. Цёплае ўражанне засталося ад наведвання алеі «Лунінскай восені» і беларускага кутка, дзе знайшлося месца старадаўнім прыладам працы, вышыванкам, разнастайным экспанатам. А яшчэ госці з ахвотай пабывалі ў сялянскай хатцы, памеры якой нагадваюць сціплы побыт нашых продкаў. Ды толькі тут раскрылася сапраўдная гасціннасць палескай душы! Смак страў нацыянальнай кухні многіх гасцей прымусіў вярнуцца ў дзяцінства і зноў адчуць пах бабуліных аладкаў і каўбаскі.

Афіцыйная частка праходзіла ў актавай зале. Пад апладысменты на сцэну ўзняліся Мікола Антаноўскі, Таццяна Канапацкая і Наталля Кухліч. Таксама прагучалі прозвішчы Любові Красеўскай, Ірыны Морых і Мікалая Панасюка, якія, на жаль, не змаглі прыехаць на цырымонію.  Свае віншаванні ўсім адрасавалі Аляксандр Пачко і Генадзь Барысюк. Цёплыя словы ў адрас творчых людзей прагучалі ад старшыні Брэсцкага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі, старшыні Савета па прысуджэнні прэміі Брэсцкага аблвыканкама імя Уладзіміра Калесніка Таццяны Дземідовіч.

Якое ж свята без музыкі?! Лунінецкая зямля багата на таленты, у чым пераканаў канцэрт з удзелам народных ансамбляў песні і музыкі «Шляхцічы» і «Вандроўнікі», узорнага ваканальнага калектыву «Залатое птушаня» , узорнага ансамбля «Сунічка», народнага клуба аматараў песні «Весніца», асобных выканаўцаў — Уладзіміра Калянковіча, Канстанціна Насковіча, Аляксея Рамановіча, Марыі Лукашэвіч і Алега Грудзько.

Теги
Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть