Общество

“У НАС ТАННА І ЯКАСНА, а выбар – за кліентам!”

Трыццаць два гады – такі працоўны шлях у майстра Лунінецкага камбіната бытавога абслугоўвання Галіны СУХІНІНАЙ. Ура-джэнка Міншчыны на Лунінеччыну трапіла, дзякуючы будаўніцтву завода “Палессеэлектрамаш”. Яе муж Аляксандр быў сярод тых, хто ўзводзіў прадпрыемства. Тут крыху пазней атрымаў добраўпарадкаваную кватэру…
Лунінец стаў родным горадам для іх дачкі Аксаны і сына Алёшы, а цяпер ужо і для траіх унукаў. 
– Вось рыхтуюся перадаваць свае рабочыя “паўнамоцтвы” маладым, – расказвае Галіна Уладзіміраўна. – Шкада пакідаць калектыў, у які калісьці прыйшла звычайным кантралёрам. Тым не менш, раблю гэта свядома, – здароўе апошнім часам падводзіць. Зараз, здаецца, ужо не засталося ні ўстаноў, ні прадпрыемстваў, дзе б людзі, як і мы, працавалі  на энтузіязме і разуменні, што калі не сёння, то заўтра абавязкова ўсё наладзіцца: будзе неабходны аб’ём работы і адпаведная зарплата. Гэта адчулі з пачаткам будаўніцтва аграгарадкоў, якое паспрыяла адраджэнню комплексных прыёмных пунктаў у вёсках раёна. Маем іх 20, аднак, справы ідуць не вельмі добра. Страцілі мы свой “кантынгент” за часы заняпаду. Людзі забылі, што менавіта ў нас можна якасна і найбольш танна пашыць паліто, ці паўпаліто, мужчынскі ці жаночы касцюм, спадніцу ці штаны… А дробны рамонт? Напрыклад, падлажыць штаны каштуе 17 тысяч рублёў, памяняць маланку – каля 15 тысяч, у куртцы – ад 37 да 47. Швейнымі справамі займаюцца восем вопытных майстрых на чале з закройшчыцай Ганнай Балук. Ім, ды сучаснаму абсталяванню, якім аснашчаны цэх, пад сілу і вялікія аб’ёмы, – напрыклад, пашыў спецадзення. Аднак мясцовыя прадпрыемствы і арганізацыі чамусьці не спяшаюцца размяшчаць заказы ў нас: па іншых раёнах ездзяць. Падтрымліваюць нас у гэтай справе ліцэй і гімназія, будаўнікі з ПМК-7 і ПМК-19. Яны ўпэўніліся ў якасці нашага адзення і ў гнуткасці цэн. 
Крыху лепшая сітуацыя з запатрабаванасцю цырульных паслуг. Не сакрэт, людзі сталі больш увагі прыдаваць свайму знешняму выгляду.  Аднак ці ведаеце вы, што менавіта ў нашым калектыве вырас адзін з лепшых майстроў краіны па стварэнню жаночых прычосак. Гэта Вольга Ждановіч, якая два гады таму заняла 2-ое месца ў рэспубліканскім конкурсе. Цяпер чакаем яе выхаду з водпуску па догляду за дзіцём. Паспяхова працуюць яе паслядоўніцы Ксенія  Кузняцова, Наталля Садзько. Стараецца юная практыкантка Юля Бірыла. Аб майстэрстве дзяўчат сведчыць спіс іх пастаянных кліентаў. Не “кусаюцца” цэны: жаночая стрыжка каштуе 25 тысяч рублёў, мужчынская – 23. 
Памыць бялізну для маладых не праблема, у многіх ёсць машыны-аўтаматы, а вось старым людзям і тым, хто іх даглядае, варта было б ведаць, што менш як за 6 тысяч у нас можна памыць, высушыць і адпрасаваць кілаграм сухой бялізны. Па-ранейшаму застаецца праблемай для гаспадынь догляд ватных коўдраў. Прыносьце іх да нас. Праз тры дні вернем іх чыстымі і сухімі. Тое ж і з пухавікамі. Дарэчы, хутка зможам чысціць і пуховыя падушкі і коўдры. Для гэтых мэт набываем пухова-пер’евую машыну.
З’эканоміць грошы кліенты змогуць і на дробным рамонце абутку: найбольш папулярная замена набоек каштуе, у залежнасці ад матэрыялу і аб’ёму, ад 17 да 25 тысяч рублёў. А хочаце за 20 хвілін сфатаграфавацца і атрымаць фота на дакумент? Калі ласка, прыходзьце, ды не толькі час, але і, зноў жа, грошы з’эканоміце. Усё гэта можна зрабіць у КБА. Тут жа можна заказаць жалезабетонныя агароджы і тратуарную плітку. Аказвае прадпрыемства транспартныя і рытуальныя паслугі (разам з традыцыйнымі рэчамі тут прапануюцца і касцюмы). Усяго у КБА працуе 72 чалавекі, штат укамплектаваны, за выключэннем бухгалтара. Шукаем сюды чалавека вопытнага і працавітага.
Крыху больш як месяц таму КБА ўзначаліў Валерый Страмаус, які асноўнай мэтай свайго кіраўніцтва лічыць забеспячэнне людзей і абсталявання работай: 
– Нам не трэба “лёгкіх” грошай. Гатовы і можам зарабіць іх сваёй працай. Дзеля гэтага не дастае толькі аб’ёмаў. Нядаўна асвоілі новую прадукцыю – шыем па заказах кліентаў паралонавыя матрацы на ложкі. Матэрыял мясцовы – атрымліваем з “Беларганікі”. Таму ў параўнанні з аналагічнай, выпускаемай у краіне, наш тавар больш танны, ды і памеры па заяўках кліентаў могуць быць нестандартнымі. Мы робім усё, каб быць бліжэй да кліентаў. Дзеля чаго мяркуем адкрыць комплексныя прыёмныя пункты на Залессі і ў раёне Сельгастэхнікі. А работу вясковых ладзіць па прынцыпу: ты – для кліента, а не кліент – да цябе. З сельскіх КПП хочацца адзначыць добрую работу прыёмшчыкаў у аграгарадках Дзятлавічы, Кажан-Гарадок, Багданаўка, Сінкевічы, Вулька 2.
Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть