У працы –  прыгажосць малой радзімы
Общество

У працы –  прыгажосць малой радзімы

  

Надаць роднай зямлі прыгожы выгляд, стварыць навокал дарог і будынкаў утульнасць і чысціню – галоўная мэта суботніка. Але гэта не звычайная карпатлівая праца, якую мы выконваем кожны дзень. У агульную задачу ўкладзены глыбокі сэнс – стаць бліжэй да малой радзімы, адчуць яе цяпло, надыхацца тым паветрам, якое пахне маленствам.

Трымаючы дадзенае слова, на суботнік у Лунінец прыехаў старшыня праўлення ЗАТ “Другі нацыянальны тэлеканал” Марат Маркаў. Спачатку разам са старшынямі: райвыканкама – Аляксандрам Пачко і райсавета – Віктарам Рафаловічам, дэпутатам Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Ігарам Неварам, членамі райвыканкама працавалі на пасадцы алей з ліпы каля Лядовай арэны, а пасля накіраваліся на ўзвядзенне малочнатаварнай фермы ў Галым Бары. Тут чакала па-сапраўднаму мужчынская работа: у адным з жывёлагадоўчых памяшканняў трэба было зрабіць бетанаваную сцяжку для кармавых сталоў.

Марат Маркаў не ўтойваў, што ўпершыню займаецца такой работай, падзяліўшыся ўражаннямі падчас кароткага перапынку:

– Удзячны за магчымасць у Год малой радзімы не проста наведаць Лунінец, акунуцца ў непаўторную яго атмасферу, а быць гораду карысным. Думаю, для кожнага чалавека важна пакінуць добры след у мясцінах, дзе ён нарадзіўся і вырас, каб вяртаючыся сюды праз дзесяцігоддзі, бачыць плён сваёй працы. Сёння асабіста ў мяне такая магчымасць ёсць. Мы папрацавалі на пасадцы маладых ліпак каля Лядовай арэны і на ферме – на бетонных работах. Паверце, для тых, хто на працягу доўгага часу нічога цяжэйшага за карандаш ці мікрафон  у руках не трымаў, гэта ні з чым непараўнальнае задавальненне. Так сталася, што часта прыязджаць у родны горад апошнім часам не атрымліваецца, таму сённяшні дзень, безумоўна стане асаблівым, бо толькі тут, на Лунінеччыне, магу паўнацэнна адпачыць душой, вярнуўшыся ў мясціны дзяцінства, сустрэцца з блізкімі, сябрамі… Гэта вельмі важна для кожнага чалавека – не губляць сувязь са сваёй малой радзімай.

Актыўная дзейнасць разгарнулася каля сажалак Баханова. Працоўны дэсант у складзе выратавальнікаў, работнікаў аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама, прадстаўніцтва Белдзяржстраху, падатковай інспекцыі і членаў БРСМ  ачысцілі берагі ад смецця, апаўшага лісця, зрэзалі сухастой.

Побач сваю пасільную дапамогу ў акультурванні малой радзімы аказвалі работнікі СПМК-17, ПМК-7, ПМК-19, ПМК-59,  ДРБУ-101, аддзела Дэпартамента аховы, водаканала, упраўлення капітальнага будаўніцтва і раённага вузла электрасувязі. Яны вызвалялі канал ад смецця і зараснікаў.

Актыўна ўключыўся ў акцыю калектыў стаматалагічнай паліклінікі. Працавалі ўсе захоплена і з выдатным настроем.

Побач, у водна-зялёнай зоне меліярацыйнага канала па вуліцы Заслонава, працавалі работнікі Лунінецкага ПМС. Нягледзячы на тое, што ў гэтым месцы ўборка праходзіць штогод, канал зноў паспеў ператварыцца ў сметнік. Бытавыя адходы, пластык, папера, гума, жалеза – чаго толькі тут не было… Прыкра, што людзі не цэняць клопат іншых…

Кіпела работа на месцах. Так, супрацоўнікі «Санты» прывялі ў належны парадак прылягаючую да магазіна  тэрыторыю, а шкляныя панарамныя вокны зазіхацелі на сонейку незвычайнай чысцінёй.

Двары, вуліцы, помнікі – прыблізна так можна акрэсліць аб’екты, якім надалі максімальную ўвагу падчас рэспубліканскага суботніка ў Мікашэвічах.

Калектыў гарвыканкама на чале са старшынёй Галінай Сыцэвіч наводзіў парадак на брацкай магіле ахвяр масавага растрэлу вязняў гета і мірных жыхароў у гады Вялікай Айчыннай вайны, а таксама на яўрэйскіх могілках. Педагогі і тэхнічны персанал СШ №2 пад кіраўніцтвам дырэктара Эдуарда Ярмоліча прыбіралі  тэрыторыю невялікага сквера на скрыжаваннях вуліц Садовай і Першамайскай. Мнагалюдна было і ў мікрараёне індывідуальнай забудовы №10. Там жыхары разам з дэпутатам гарадскога Савета депутатаў, работнікам РУВП “Граніт” Андрэем Стражэвічам займаліся ўзвядзеннем спартыўнага гарадка для дарослых і дзяцей, устанавіўшы зробленыя ўласнымі рукамі турнікі і арэлі. Працоўны дэсант шчыраваў і каля гарадскіх могілак па вуліцы Ленінскай. Там работнікі Мікашэвіцкай ЖКГ прыводзілі ў належны стан агароджу. Сродкі на фарбу для яе выдаткавала СТАА «Еўрашчэбень».

У кожным вялікім і малым населеным пункце Лунінеччыны ў суботу кіпела работа. Каля сядзіб і ўстаноў пахла свежай фарбай, заставаліся роўныя радкі ад высаджаных кветак на клумбах, здзіўляла арыгінальнасць афармлення. У аграгарадку Вулька 2 заўсёды чыста, бо пра належны выгляд населенага пункта клапоціцца не толькі мясцовая ўлада, але і самі жыхары. А вясна – самы прыдатны час, каб зрабіць наваколле найбольш прывабным.

Каля мясцовага СДК у навядзенні парадку і прыгажосці на прылягаючай тэрыторыі завіхаліся ўсе работнікі. Калектыў тут невялікі, таму жанчыны дружна ўзяліся за граблі і вёдры, прынеслі расаду розных кветак. Праз некалькі гадзін тэрыторыя набыла яркі выгляд, ад чаго палепшыўся настрой не толькі ў работнікаў, але ва ўсіх прахожых і наведвальнікаў.

Са стараннасцю наводзіўся парадак каля школы, дзіцячага сада, урачэбнай амбулаторыі, магазіна, сельсавета, аб’ектаў ААТ “Вулькаўскі світанак” і прыватных домаўладанняў. У адзіным жаданні стварыць чысціню людзі папрацавалі толькі дзень, а любавацца вынікамі сваёй работы і ганарыцца прыгажосцю родных мясцін будуць доўга.



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть