У сямейных заступніках – Святы Валянцін
Общество

У сямейных заступніках – Святы Валянцін

12Сёлета 14 лютага выпала на аўторак. Жадаючых звязаць сябе вузамі Гіменея ў Дзень  закаханых было няшмат. У сямейныя заступнікі Святога Валянціна выбрала адна пара –  Яўген і Вольга Гумінскія.

“Віноўнік” шчасця –  сябар і клубнічны край

Яны не сядзелі разам за адной партай, не жылі ў адным горадзе і не вучыліся ў адным універсітэце. Яўген – з Мінска, Вольга – лунінчанка, але воляй лёсу іх сустрэча адбылася на Палессі. “Віноўнікам” іх сямейнага шчасця стаў сябар Жэні – Віктар, які прыглядзеў таварышу будучую жонку, прыехаўшы закупляцца салодкай ягадай.

– Памятаю, тэлефануе мне Віця: «Жаніцца будзеш?». Я разгубіўся, не зразумеў, да чаго гэта ён. Аказваецца, сватаўством заняўся. Даў мне нумар Олі. Так расхваліў, што ісці назад нельга было. Патэлефанаваў, запрасіў у мясцовы рэстаран. Прыйшла яна не адна, пабаялася, сястру з сабою ўзяла. Гэтакі двайны ўдар артылерыі! Мала таго, што яе сімпатыю заваёўваць, дык яшчэ і на сястру добрае ўражанне скласці трэба! Оля спадабалася мне адразу, такая маленькая, далікатная, як дзюймовачка.

– Вы нават уявіць не можаце, як моцна я хвалявалася! Ён патанцаваць запрасіў, сама пра сябе падумала, як да плячэй  дацягнуцца? Жэнька такі галантны быў, як тут адмовіш. А яго чароўны голас – такі прыгожы, мяккі барытон. У голас і закахалася – жартуе дзяўчына.

Дзень закаханых – асаблівая дата

Прагулкі па начным горадзе,  доўгія размовы… Праз месяц малады чалавек зноў прыехаў у Лунінец, з цвёрдым намерам стаць для Вольгі не проста знаёмым. Жыццё на два гарады не стала перашкодай для адносін. А яшчэ праз паўгода ў Дзень закаханых Жэня зрабіў прапанову.

– Для нас гэта асаблівая дата. Роўна год таму на пытанне «Ці станеш маёй жонкай?», пачуў запаветнае «Так», – дзеліцца хлопец. – З датай вяселля вызначыліся адразу. Гэты дзень – ужо частка сямейнай гісторыі. Калі рабіў прапанову, жартам Оля спытала, маўляў, няўжо ў Мінску мала нявест? Адказаў, што такой прыгожай у сталіцы не аказалася. А калі сур’ёзна, то сумненняў, што «гэта маё» не было.

Адзначыць адну з галоўных падзей у іх жыцці маладыя вырашылі двойчы. Адзін вечар яны прысвецяць родным і блізкім, а выхадныя правядуць у коле сяброў у Мінску.

Мара адна на дваіх

На маё пытанне, у чым на іх думку сакрэт шчаслівага і моцнага шлюбу, маладая сям’я дзеліцца:

– Здорава, калі ў адносінах можна быць абсалютна сумленным і адкрытым з іншым чалавекам, калі людзі разумеюць адзін аднаго з паўслова. А яшчэ – гэта гатоўнасць падставіць плячо ў цяжкія хвіліны, і самае галоўнае – нічога пры гэтым не патрабаваць узамен.

Пакуль пара вырашыла  адмовіцца ад сталічнага жыцця і застацца на малой ра-дзіме Вольгі. Іх адносіны напоўнены разуменнем і сумеснымі марамі, галоўная з якіх – каб працяг іх кахання як мага хутчэй тупаў маленькімі ножкамі.

 

100-годдзе з дня стварэння адзначаюць органы рэгістрацыі актаў грамадзянскага стану. У рамках акцыі «Усё пачынаецца з кахання» начальнік аддзела ЗАГС Святлана Яроцкая павіншавала маладых і ўручыла ім памятны падарунак.



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть