МикашевичиНовости районаОбразованиеОбщество

У ВНУ сёлета паступіла амаль 65% выпускнікоў школ Лунінецкага раёна

Лунінеччына на ніве адукацыі даўно займае перадавыя пазіцыі ў вобласці. Імёны нашых юных землякоў гучаць на алімпіядах, конкурсах, спаборніцтвах, навукова-практычных канферэнцыях не толькі ў рэгіёне і краіне, а нават за яе межамі.

Безумоўна, істотную частку поспехаў хлопчыкі і дзяўчынкі заваёўваюць стараннай працай, імкненнем развівацца і ўдасканальвацца. Але ж наўрад ці ўсё атрымалася б, калі б не дапамога настаўнікаў, улюбёных у сваю справу, і падтрымка бацькоў. Так лічыць і начальнік аддзела па адукацыі райвыканкама Людміла Коўшык:

– Сёння магу канстатаваць павышэнне ўзроўню адукацыі нашых навучэнцаў. Сёлета пры правядзенні выніковай атэстацыі 70,6 працэнта выпуск-нікоў прадэманстравалі высокі і дастатковы ўзроўні на трэцяй ступені агульнай сярэдняй адукацыі, 52,6 працэнта – на другой. 17 дзяўчат і 4 юнакі атрымалі атэстаты сталасці асаблівага ўзору і ўзнагаро-джаны залатым медалём. Безумоўна, вялікі ўклад у поспехі дзяцей унеслі педагогі.

У раёне створаны аптымальныя ўмовы для развіцця інтэлектуальнага і творчага патэнцыялу адораных дзетак, стымулявання іх дасягненняў. Першую пазіцыю Лунінеччына займае па колькасці дыпломаў у абласным рэйтынгу вынікаў трэцяга этапа алімпіяды. Сёлета ў агульнай скарбонцы аказалася 30 узнагарод, тады як у мінулым годзе было 26.

Не можа не радаваць і рост працэнта паступлення выпуск-нікоў ва ўстановы вышэйшай адукацыі. Гэты паказчык спыніўся на адзнацы ў 64,9. І вельмі прыемна, што ў нас ёсць прыклады, дзе ўсе 11-класнікі станавіліся студэнтамі ВНУ: маю на ўвазе Багданаўскую сярэднюю школу. Магчыма, хтосьці палічыць такі поспех нязначным: маўляў, усяго ж толькі 7 чалавек. Але, згадзіцеся, справа далёка не ў колькасці. Да любога вучня настаўніку трэба знайсці індывідуальны падыход, матываваць, навучыць і даць такія веды, каб з лёгкасцю пера-адолець уступныя іспыты. Гэта дарагога варта!

Падкрэслю, што ўзровень паступлення ў ВНУ напрамую звязаны з вынікамі цэнтралізаванага тэсціравання. І тут недаравальна не ўспомніць 100-бальныя дасягненні нашых навучэнцаў і педагогаў, якія іх падрыхтавалі. Нагадаю, што заветную “сотку” атрымалі выпускнікі: гімназіі г. Лунінца – Лізавета Сыцэвіч (адразу па двух прадметах – рускай мове і матэматыцы) і Варвара Біцутка (па нямецкай мове), Мікашэвіцкай гімназіі – Анастасія Івашкевіч (па біялогіі), Вулькаўскай 2 СШ – Ксенія Верас (па беларускай мове).

Так, нам шмат чаго яшчэ належыць зрабіць для таго, каб узмацніць профільнае навучанне, у тым ліку педагагічнай накіраванасці, удасканаліць работу інавацыйных і эксперыментальных пляцовак, займацца асветніцкім і ваенна-патрыятычным выхаваннем, прафілактыкай правапарушэнняў і многімі іншымі справамі.

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть