У хаце пяцёра сыночкаў, дачушка-красуня расце…
Общество

У хаце пяцёра сыночкаў, дачушка-красуня расце…

5 сыновейУ маленькай, чысценька прыбранай хаце ўмясцілася сучасная мэбля, тэлевізар са спадарожнікавай антэнай, камп’ютар і 9 жыхароў. Адзінокі гаспадар даў прытулак пляменніку з жонкай і шасцю дзецьмі. Кватаруючы тут чатыры гады, сям’я падарыла драўлянаму будынку новае жыццё: аздобіла пакоі прыгожымі шпалерамі і напоўніла старыя сцены звонкім дзіцячым смехам.
Пра вялікую і дружную сям’ю Генадзя і Наталлі Неўдахаў у Бродніцы з захапленнем раскажа кожны, абавязкова здзіўляючыся, як атрымліваецца ў гаспадароў гадаваць столькі дзяцей у чысціні, парадку і згодзе.
Генадзь – мясцовы юнак з мнагадзетнай сям’і. У бацькоў – Яўгеніі Адамаўны і Аркадзя Апанасавіча – раслі 5 сыноў і дачушка. Усе ўжо дарослыя, ажаніліся, жывуць у роднай і суседняй вёсках. Працуючы ў паляводстве і жывёлагадоўлі ў мясцовым калгасе, бацькі змаглі прывіць дзецям любоў да працы, Радзімы і навучылі дабру і справядлівасці.
Генадзь сваё каханне сустрэў даволі празаічна. Наталля Кавалевіч з Багданаўкі прыязджала ў іх вёску на заробкі ў разгар клубнічнага сезона. Ад водару спелых ягад кружылася галава, але моладзі дзённая стома не замінала ціхімі летнімі вечарамі марыць пра асабістае шчасце.
Юнак і дзяўчына пакахалі адзін аднаго. Так і пачаўся іх шлях у сумеснае жыццё. Спачатку жылі на радзіме жонкі, потым пераехалі ў Бродніцу: тут прасцей вырошчваць клубніцы і бліжэй да фермерскіх гаспадарак, дзе можна круглы год завіхацца каля бульбы і морквы. Сям’ю заўсёды выратоўвае працавітасць. Упарадкаваўшы летам свой агарод, ходзяць у лес па чарніцы. Хоць невялікія грошы, але ўсё ж падтрымка для небагатага сямейнага бюджэту. Генадзь і Наталля не баяцца фізічнай працы, якой бы цяжкай і няўдзячнай яна не здавалася для іншых.
Муж працуе трактарыстам у “Райаграсервісе”, у жонкі адзін дэкрэтны водпуск змяняецца другім. Каля бацькоў галоўнай чалавечай рысе – працавітасці – прывучаюцца і дзеці. Хто дапамагае дарослым, хто наглядае за меншымі. Калі ўсё робіцца дружна і зладжана, то хапае часу і на адпачынак. Паехаць з бацькам на рыбалку ці ў лес – частае задавальненне для старэйшых хлапчукоў.
Народная прымаўка раіць нарадзіць адразу няньку (дзяўчынку), а потым ляльку (хлапчука). Адзіная дачушка Крысціна вучыцца ў каледжы сельгасвытворчасці, марыць атрымаць жыццёва неабходныя жаночыя спецыяльнасці, а потым паступаць далей. Дома толькі рады планам дзяўчыны, бо лічаць адукацыю першай прыступкай да самазацвярджэння. Ёй жа цяжка адарвацца ад вясёлага хатняга тлуму. Для меншых ад’езд сястры – гэта і праблема, бо ўсе пачынаюць сумаваць па ёй, і мара, што некалі і яны паляцяць, нібы птушаняты, у вялікі свет віць свае гнёзды. Але доўга сумаваць ці марыць у іх няма часу, бо паміж сабой можна распачаць столькі цікавых гульняў, а яшчэ на вуліцы чакаюць сябры-аднавяскоўцы. Пасля “нянькі” ў Неўдахаў нарадзілася пяць “лялек”. Старэйшы Стас вучыцца ў 8 класе, вельмі захапляецца тэнісам, марыць пра турніры не толькі ў сценах сваёй школы. Аркадзь – трэцякласнік, Ягор – у першым. Адразу цяжка запомніць, хто дзе і як каго завуць. Нельга зблытаць толькі самага маленькага – паўтарагадовага Жэньку, які смела пайшоў на рукі, агледзеў сумку і зноў прыняўся лавіць чорна-белага вялізнага ката. Хітрая жывёліна ідзе да малога толькі тады, калі той трымае ў руках каўбасу ці пячэнне. Трохгадовы Ілья ўжо самастойны і больш цягнецца да старэйшых братоў, чым да бацькоў.
Школьнікі па чарзе гуляюць на камп’ютары, без сварак і боек дзеляць сучасную тэхніку паміж сабой. Чаму так – зразумела праз некаторы час, бачачы як Генадзь і Наталля паводзяць сябе з дзецьмі. Пасылаючы куды малых, яны абавязкова казалі “калі ласка” і тон ніколі не быў камандным і грубым. Бацькі ўпэўнены, што выхоўваць дзяцей трэба толькі сваім прыкладам, ласкай і павагай. І па водгуках настаўнікаў і выхавацеляў дзеці сапраўды старанныя і паслухмяныя. Прывучаныя разувацца дома, адразу ж скідваюць абутак у хаце бабулі, хоць тая дазваляе малым хадзіць у ботах.
Як бы ні было цяжка дарослым, малыя не адчуваюць сябе абдзеленымі. Кожны атрымаў пад ёлкай падарунак ад Дзеда Мароза, на дзень нараджэння абавязкова рыхтуюць торт, намнога смачнейшы, чым куплены ў магазіне, якім можна пачаставаць усіх сяброў. Па неабходнасці купляюць цацкі і веласіпеды. Абутыя і адзетыя дзеці не горш за равеснікаў, але грашовыя праблемы не дазволілі пакуль вырашыць жыллёвае пытанне.
На маё здзіўленне, чаму мнага-дзетная сям’я не мае свайго “кутка”, Наталля і Генадзь адказалі, што хацелі ўзяць крэдыт, але толькі палову сумы давалі на льготных умовах, а другую прапанавалі пад вя-лікія працэнты, якіх сям’я пабаялася. У другім выпадку, калі хацелі пачаць будаўніцтва, патрабавалася ўнесці вялікія грошы на праектную дакументацыю. Сродкаў не было, а выплаціць патрэбнае з дзярж- крэдыту ім адмовілі.
Цяпер у планах узяць крэдыт на рэканструкцыю і дабудаваць невялікі дом у роднай вёсцы, які доўга пуставаў, змяніўшы гаспадароў. Гледзячы з якім густам маладая сям’я навяла парадак у старэнькай хаце, упэўнена, іх новае жыллё будзе напоена пахам кветак на падворку, здзівіць чысцінёй і дагледжанасцю ў кожным куточку роднага гнязда. Ім разам не страшныя ніякія цяжкасці.
А пачыналася ўсё з кахання. Светлыя пачуцці далі дваім сілы жыць, працаваць, марыць пра будучае сваіх дзяцей. Наталля расказвала, як спалохалася, калі даведалася пра апошнюю цяжарнасць. Нават былі думкі не нараджаць. І як добра, што слабасць тады была імгненнай. Цяпер уся сям’я не можа ўявіць: “Як без Жэнькі? Няўжо яго магло не быць?”
Балюча ўдарыла па сямейнаму бюджэту забарона гадаваць свіней у 5-кіламетровай зоне ад свінакомплексаў, куды трапіла вёска. Мясам і яйкамі выратоўваюць куры. Няма ў гаспадарцы каровы, але не таму, што тая патрабуе многа часу і сіл, а з-за частых пераездаў на часовыя кватэры, калі не ў кожнай маецца хлеў. Заробкі ў зімовы час у гаспадара невысокія, але адсутнасць грошай у хаце кампенсуе другое багацце: каханне і дабрыня, згода і павага, якія не менш важныя для чалавека.
Пройдуць гады, падрастуць дзеці і змогуць самі зарабіць на свае патрэбы, аблегчыўшы тым самым бацькоўскія памкненні. Але застануцца ў маленькіх сэрцах галоўныя каштоўнасці, якім навучылі іх тата і мама ў маленстве. Хочацца верыць, што тыя светлыя моманты дзяцінства будуць саграваць на працягу ўсяго жыццёвага шляху, не пакідаючы месца сумненням і трывогам, збудуцца мары пра прасторныя пакоі, у якіх будуць гаспадарыць дабрыня і справядлівасць.

У мамы пяцёра сыночкаў,
Дачушка-красуня расце.
І моліцца кожнаю ночкай
Пра шчасце для родных дзяцей.
Хай ім у жыцці пашанцуе,
Не будзе нягод і трывог,
Хвароба ніяк не турбуе –
Мінае радзімы парог.
Збываюцца ўсе пажаданні,
Павага жыве і спакой,
Гарыць ясным светам каханне
У кожнай усмешцы зямной.



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть