Общество

УБРОД ПА … БРОДКАХ

Вуліца Лахаўская – цэнтральная ў невялікай вёсцы Бродкі. Яе працягласць – каля паўтара кіламетра. Шмат год таму яна была адной з самых дыхтоўных на тэрыторыі Лахвенскага сельсавета – прыгожая, заасфальтаваная, з дабротнымі, пабудаванымі на дзесяцігоддзі дамамі. Ішоў час. Ён не меў літасці да будынкаў, людзей і, вядома ж, дарогі. Асфальтаванка ператварылася ў цяжкапраходную, разбітую вуліцу. Вялізныя яміны старанна аб’язджаюць аўтамабілісты, ствараючы пагрозу пешаходам, якія не менш апасліва пераадольваюць водныя перашкоды.

Занепакоеныя станам Лахаўскай, яе жыхары неаднаразова звярталіся ў разнастайныя інстанцыі з просьбай добраўпарадкаваць сельскую “артэрыю”. Атрымлівалі адказы з абяцаннямі, але ж істотных змен так пакуль і не дачакаліся. Як сумна падкрэсліваюць сёння: “ Час у нас застыў на месцы. Мы ў свой час у школу хадзілі па гразі і ямінах, гэтак жа сёння праз многа год ходзяць нашы дзеці і нават унукі…”.

У апошні раз набалелая праблема была ўзнята на вясковым сходзе ў Лахве ў лютым гэтага года. Менавіта тады ў чарговы раз было атрымана запэўніванне: вуліцу адрамантуюць у ходзе ўзвядзення аграгарадка ў Любані. З наступленнем цяпла работы на аб’екце першачарговай важнасці ідуць поўным ходам: аграгарадок павінен увайсці ў строй да канца 2009 года. А пра Лахаўскую … зноў забыліся. Гэтая акалічнасць вымусіла жыхароў звярнуцца ў раённую газету.

Між тым, як стала вядома, праблема застаецца ў полі зроку ўладных структур. На чарговым пасяджэнні штаба па аграгардках у Любані было дадзена даручэнне кіраўніцтву СВК “Новае Палессе”, на чыім балансе знаходзіцца Лахаўская, перадаць яе на баланс ДРБУ-101 з тым, каб названая арганізацыя да канца 2009 года выканала неабходныя рамонтныя работы на названай вуліцы.

На гэтым можна было б паставіць кропку, але каб развеяць астаткі сумнення, паспрабавалі ў начальніка ДРБУ-101 А.І. Вярэніча высветліць канкрэтны тэрмін выканання пазначаных работ. Назваць яго Аляксандр Іванавіч адмовіўся, спаслаўшыся на катастрафічнае безграшоўе, адсутнасць крыніцы фінансавання і яшчэ безліч слушных, на яго думку прычын.
Няўжо і далей жыхары Лахаўскай будуць мясіць на ёй гразь, нядобрым словам успамінаючы тых, хто не жадае пачуць іх крык душы?


Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть