Общество

Уменне не развітвацца з дзяцінствам

Ім дасканала валодаюць пераможцы раённага этапа рэспубліканскага конкурсу “Настаўнік года Рэспублікі Беларусь – 2013-2014”.

Пераканала ў гэтым свята, якое на мінулым тыдні з нагоды фіналу ладзілася ў гарадскім Доме культуры. Вядучыя, а з гэтай роляй удала справіліся Святлана Філонік і Мікалай Аляксееў, назвалі мерапрыемства “зайздроснай нагодай убачыць лепшых настаўнікаў разам у адной зале”. Зрэшты, прысутным пашчасціла не толькі ўбачыць, але і атрымаць непаўторную асалоду ад выступлення сваіх калег.
Але перш-наперш былі ўшанаваны тыя, каму аднаго кроку не хапіла да перамогі, – лаўрэаты. Дыпломы і кветкі настаўнікам: Багданаўскай СШ – Любові Ільючык, Аляксандры Гузіч, Алене Ільючык, Лунінскай – Іне Калешка і Іне Бандарэц, Палескай – Галіне Масла, Вялікачучавіцкай – Галіне Грыцкевіч, Міжлескай – Любові Соц, Сінкевіцкай – Ірыне Скачын- скай, мікашэвіцкай СШ №1 Марыне Коцік, СШ №4 г. Лунінца – Валянціне Кузьміч, а таксама выхавальнікам лунінецкага дзіцячага ясляў-сада №12 Таццяне Наварыч і мікашэвіцкага №1 – Святлане Шуставай уручыў намеснік старшыні райвыканкама Віктар Рафаловіч. Самыя цёплыя і пранікнёныя словы адрасаваў ён настаўніцтву.
А потым прыйшоў час пераможцам паказаць свае прафесіяналізм, артыстызм, да-сціпнасць і вынаходлівасць. Першай на сцэну выйшла настаўніца замежнай мовы Дварэцкай яслі-сад-сярэдняй школы Іна Бярозка. Ёй удала дапамагалі калегі і вучні, але найбольш цёпла сустрэлі гледачы паяўленне сыноў Іны Мікалаеўны. Разам яны пераканалі прысутных у тым, што іх матуля не проста выдатны педагог, але і вельмі добры чалавек.

Запамінальнай была прэзентацыя настаўніцы матэматыкі з Кажан-Гарадка Ліліі Кавалевіч. Удала абыграўшы сцэнарый фільма “Вяселле ў Малінаўцы”, Лілія Фёдараўна прапанавала невялікую інсцэніроўку. Яе ўдзельнікі на чале з педагогам праз жарты выклікалі смех у зале, які, тым не менш, садзейнічаў плённаму засваенню “прапаноўваемага матэрыялу”. Ні ў кога з прысутных не ўзнікла сумнення: матэматыка – галоўная з навук!
Вельмі ўзнёслым быў маналог настаўніцы з Язвінак Алены Лукашэвіч. Калі гэтак жа пранікнёна яна звяртаецца на ўроках да сваіх вучняў, можна быць упэўненым: яны не застануцца абыякавымі да сусветна вядомых літаратурных твораў.
Аблічча настаўніцы пачатковых класаў Мікашэвіц-кай гімназіі імя Ул. Нядзведскага Святланы Баброўнік поўнасцю адпавядае вызначэнню “другая мама”. Выступленне сваё яна пабудавала ў адпаведнасці з дэвізам гімназіі: “Вучыцца – каб ведаць, ведаць – каб тварыць!”. Творча, даходліва і ярка здолела яна расказаць пра тое, як удаецца не развітвацца з дзяцінствам.
Сапраўдную фантасмагорыю падарылі гледачам выхаванцы лунінецкага дзіцячага ясляў-сада №11. На сцэне яны паявіліся з маленькімі ліхтарыкамі-зорачкамі, а іх выхавацель Ксенія Швед расказала, як удаецца не толькі захаваць трапяткое святло дзіцячых душ, але і з часам ператварыць яго ў маякі, што асвятляюць дарогу жыцця.
Заўсёды выклікае захапленне выступленне ліцэістаў. Іх уменне бачыць у звычайным – незвычайнае, у простым – асаблівае абавязвае настаўнікаў пастаянна самаўдасканальвацца ў імкненні адпавядаць запытам часу. І можна толькі здагадвацца, колькі сіл, творчасці, імпэту патрэбна педагогу, каб зацікавіць “усяведаў” у сваім прадмеце. Настаўніцы геаграфіі Вользе Сыцэвіч гэта ўдаецца. Яна любіць дзяцей, а дзеці вельмі любяць яе. Невыпадкова Вольга Вячаславаўна ўвайшла ў лік пераможцаў раённага этапа рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства.
Настаўніца музыкі Краснавольскай яслі-сад-сярэдняй школы Алена Кушнярэвіч любіць жыццё і сваю работу, якая патрабуе натхнення і ўзнёсласці. Дзе чэрпае іх Алена Валер’еўна? У паўсядзённасці, а яшчэ – у сям’і, дзе падрастаюць тры слаўныя дачушкі, якія ад мамы атрымалі ў спадчыну любоў да музыкі і песні. Варта не сумнявацца, што сваім талентам настаўніца шчодра дзеліцца і з вучнямі, якія ахвотна падтрымлівалі яе на сцэне.
Кожная з прэзентацый была не падобнай на іншую, захапляла, заварожвала, дорачы добрыя і светлыя пачуцці. Гожым акцэнтам свята стала выступленне юных танцораў з “Мірыданса”, узорных ансамбляў “Залатое птушаня” і “Сунічка”.
Заслужаныя падарункі пераможцы атрымалі з рук начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму Івана Раковіча. Настаўнікаў віталі дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Валянціна Верас, якая ўручыла падарунак сваёй зямлячцы Галіне Грыцкевіч; старшыня галіновага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Нэлі Рафаловіч і галоўны рэдактар “Лунінецкіх навін” Таццяна Вайцяхоўская. Ад рэдакцыі газеты “Лунінецкія навіны” і раённай арганізацыі ГА “Беларускі саюз жанчын” каштоўныя падарункі атрымалі настаўніца Палескай СШ Г.І. Масла і ліцэя г. Лунінца – В.В. Сыцэвіч.
Закончылася свята, згаслі ліхтары, сціхла музыка. І толькі ў сэрцы надоўга застаўся незвычайны водбліск зарніц таленту настаўнікаў Лунінеччыны. Сёння яны рыхтуюцца да новага этапа, на гэты раз – абласнога. Пажадаем ім удачы.

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть