Усё пачынаецца з кахання…
Общество

Усё пачынаецца з кахання…

училкаМы дамовіліся сустрэцца ў настаўніцкай сярэдняй школы №2 г. Лунінца. Ужо на ганку пачула звонкія трэлі званка, а жартоўныя воклічы вучняў у калідорах сведчылі: пачаўся перапынак. “Цудоўны і таленавіты педагог” – быццам, сакрэтам, дзяліліся калегі. Неўзабаве дзверы кабінета адчыніліся, па ўсмешцы на твары зразумела – гэта яна, наша гераіня, выкладчыца рускай мовы і літаратуры Алена ВАЙТОВІЧ.

Стройная фігура, сучасная прычоска і макіяж, сімпатычны погляд – упэўнены, Алена Вайтовіч чуе шмат кампліментаў у свой адрас. Тым складаней паверыць у лічбы ў пашпарце: у гэтыя восеньскія дзянькі жанчына адзначае прыгожы юбілей у дзве пяцёркі. “Нават думаць не хачу, што аднойчы ісці ў школу будзе не трэба…” – заўважыла настаўніца. А вучыць дзетак яна марыла з дзяцінства: усё ўяўляла раўнюткія стосы сшыткаў, якія будзе ўважліва правяраць і акуратным почыркам ставіць адзнакі. Трыма клічнікамі дзяўчынка падкрэслівала ва ўсіх сачыненнях: “Я буду настаўнікам!!!”. Магчыма, на выбар прафесіі паўплывала матуля – таксама педагог, але дачушцы яна рэкамендавала паспрабаваць сілы ў медыцыне ці гандлі. Алена ж слухала сваё сэрца…

За настаўніцкім дыпломам ураджэнка Мінскай вобласці паехала ў Гомельскі ўніверсітэт. 18 год адпрацавала ў Целяханах, апошнія 8 – у Лунінцы. Яна лёгка ўлілася ў новы калектыў, хутка займела павагу сярод калег і аўтарытэт у вучняў. Ужо мае выпускнікоў, праўда, 9-класнікаў. Прыемна, што некаторыя з іх станавіліся пераможцамі раённых алімпіяд і ўдзельнікамі абласных. Сёння настаўніца – класная ў 6-ым “Д”. 13 дзяўчынак і 10 хлопчыкаў вельмі актыўныя, з ахвотай удзельнічаюць у разнастайных мерапрыемствах, падтрымліваюць сваю “другую маму” ва ўсіх пачынаннях.
Прафесійнае свята Алена Аляксандраўна правядзе ў акружэнні блізкіх. Разам з мужам Міхаілам Міхайлавічам наведаюць дзяцей – сын і дачка жывуць у Мінску. На развітанне яна шчыра пажадала калегам, асабліва маладым спецыялістам (на Лунінеччыне з 1 верасня да работы прыступіў 31 настаўнік), проста любіць – сваіх вучняў, сваю прафесію. “Усё ў нашым жыцці пачынаецца з кахання, – заўважыла А.А. Вайтовіч. – І сямейны дабрабыт на ім мацуецца, і прафесійны поспех”.



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть