Узаемны давер і павага дапамогуць вырашыць любую праблему
Общество

Узаемны давер і павага дапамогуць вырашыць любую праблему

прафАдбылася 25-ая справаздачна-выбарчая канферэнцыя Лунінецкай раённай арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі.
Падводзячы вынікі работы за 5 год, старшыня райкама Нэлі Рафаловіч адзначыла, што адной з асноўных задач прафсаюзнага актыву галіны з’яўляецца клопат аб патрэбах педагогаў раёна. У склад раённай арганізацыі ўваходзяць 73 пярвічкі, у якіх налічваецца 3224 чалавекі. Гэта 96 працэнтаў ад агульнай колькасці працуючых, што стабільна назіраецца на працягу 5 апошніх год і з’яўляецца яскравым сведчаннем таго, што прафсаюзная арганізацыя мае высокі аўтарытэт. Прафсаюзы годна прадстаўляюць і абараняюць інтарэсы работнікаў сістэмы адукацыі, мэтанакіравана працуюць над забеспячэннем іх працоўных і сацыяльна-эканамічных правоў. На працягу апошніх год не было выпадкаў неабаснаванай адмовы ад працягу працоўных адносін. 92 працэнты прадстаўнікоў адукацыі раёна працуюць па кантрактах (у вобласці 86,5 працэнта). Захавалі прадастаўленне дадатковых 5 дзён да чарговага водпуску выхавальнікам, памочнікам выхавальнікаў, бібліятэкарам, педагогам дадатковай адукацыі. У цэлым дадатковы водпуск ад 3 да 5 дзён маюць 25 працэнтаў працуючых па кантракце, астатнія педагогі, у якіх 56-дзённы водпуск, атрымалі 1 дадатковы дзень.
Сёлета падпісаны загад аб 25-працэнтнай даплаце па кантрактах маладым спецыялістам. Усяго ж даплаты да кантрактаў ад 25 да 50 працэнтаў маюць 1155 работнікаў, што складае 38 працэнтаў ад колькасці працуючых.
Акрамя гэтага маладым спецыялістам павышаны заробак на 20 працэнтаў за лік фонду, прадугледжанага на ўстанаўленне надбавак за складанасць і напружанасць. А тым, што здымаюць жыллё, выплачваецца кампенсацыя – 3 базавыя велічыні ў горадзе і 2 – у вёсцы.
Адно з самых актуальных пытанняў – гэта захаванне бяспечных умоў працы. Для ажыццяўлення грамадскага кантролю дзейнічаюць 74 камісіі і 221 інспектар, якімі толькі летась было праведзена 148 абследаванняў стану аховы працы і выяўлена 131 парушэнне заканадаўства. Пад увагай прафсаюзных актывістаў дзейнасць устаноў адукацыі ва ўмовах нізкага тэмпературнага рэжыму, бяспека ўтрымання будынкаў і збудаванняў, дзяцячых гульнявых пляцовак, забеспячэнне працуючых сродкамі індывідуальнай абароны і санітарна-бытавымі памяшканнямі.
Спынілася Нэлі Анатольеўна на неабходнасці актывізацыі маральнага заахвочвання работнікаў галіны. Сёння ў раёне жывуць два “Заслужаныя настаўнікі” і 12 “Выдатнікаў адукацыі”, з іх 5 працуюць, астатнія пенсійнага ўзросту. Прызнанне гэтыя людзі атрымалі даўно. За апошнія ж 10 год толькі 3 педагогі ўдастоены адметнага знаку. А годных настаўнікаў у раёне хапае.
Аб фінансавым боку прафсаюзнай арганізацыі падчас справаздачы паведаміў прысутным старшыня рэвізійнай камісіі Мікалай Аляксееў.
Падчас абмеркавання даклада выступілі дырэктар ЦКРНіР Ірына Яцукевіч, старшыні прафкамаў Язвінскай СШ Святлана Абрамчук, лунінецкага ясляў-сада №3 Аксана Макарава, СШ №2 г. Лунінца Сяргей Карпец, дырэктар Мікашэвіцкай гімназіі імя Ня-дзведскага Сяргей Высоцкі.
З цікавасцю слухалі прысутныя выступленне старшыні абкама галіновага прафсаюза Віктара Харытановіча, які заўважыў, што ганарыцца Лунінеччынай. За год адсюль не паступіла ніводнай скаргі. Усе 15 атрыманых зваротаў датычылі толькі кансультацыйных пытанняў, з чаго вынікае, што прафсаюзны актыў на месцах вырашае ўсе праблемы, і людзі яму давяраюць. Падзякаваў прафсаюзны лідар і мясцовай ула-дзе за разуменне і фінансавую падтрымку галіны. Аб тандэме адміністрацыі з прафсаюзамі вёў гаворку начальнік абласнога ўпраўлення адукацыі Міхаіл Ціханчук. Ён закрануў таксама шэраг пытанняў, якія хвалююць педагогаў і запэўніў, што іх праблемы добра знаёмы і будуць вырашацца па меры магчымасці. Станоўчую адзнаку рабоце прафсаюзаў даў намеснік старшыні райвыканкама Анатоль Захаркевіч, разам з тым заўважыўшы, што на дасягнутым спыняцца няварта і паставіў задачы, над якімі трэба яшчэ працаваць. Парламентарый Валянціна Верас запэўніла, што ў бліжэйшы час рэформы ў сістэме адукацыі не бу-дзе і расказала аб ходзе распрацоўкі змяненняў і дапаўненняў у Кодэкс аб адукацыі, праект якога праходзіць абмеркаванне, у чым запрасіла прыняць удзел прысутных.
У ходзе канферэнцыі быў аказаны давер дзеючаму старшыні райкама прафсаюзаў Нэлі Рафаловіч, якую выбралі на чарговы тэрмін. Вызначылі таксама дэлегатаў на 27-ую абласную справаздачна-выбарную канферэнцыю, новы састаў раённага камітэта прафсаюзаў, рэвізійнай камісіі і яе старшыню.



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть