Вада — і радасць, і бяда
Общество

Вада — і радасць, і бяда

ОСВОДНаведванне вадаёмаў у любую пару года небяспечна для тых, хто грэбуе правіламі адпачынку. Што ўяўляе сабой таварыства выратавання на водах сёння? З гэтага пытання пачалася размова з яго старшынёй Аляксандрам ГЕЦМАНАМ:

— На ўліку ў арганізацыі 6227 чалавек. Пярвічкі створаны ва ўсіх навучальных установах. Усяго ахоплена да 70 працэнтаў арганізацый раёна. Летась выратавалі 7 чалавек, вынеслі 95 папярэджванняў аб парушэнні мер бяспекі ля вады. Сумесна з РАУС пастаянна праводзілі рэйды і праверкі па недапушчэнню купання ў забароненых і небяспечных месцах. У Беларусі, паводле звестак рэспубліканскага савета, у 2014-ым патанулі 613 чалавек, з іх — 36 непаўналетніх.

— Прааналізуйце статыстыку ў нашым раёне.

— Даволі сумная. Загінула 11 чалавек, у тым ліку вучань 2 класа СШ №2 горада Мікашэвічы. Пры купанні патанулі 9 грамадзян, 2 — у выніку падзення ў ваду, адзін з іх — у лужыну ў вёсцы Бастынь. Няшчасныя выпадкі адбываліся на рэках Смердзь, Цна, Прыпяць, на возеры Белае, у вадаёме каля школы №1 у Мікашэвічах. За межамі раёна не стала двух землякоў: адзін — у вадасховішчы каля вёскі Вяз Пінскага раёна, другі не вярнуўся з адпачынку на Азоўскім моры. Па прычыне алкагольнага ап’янення загінулі 7 чалавек, з-за неасцярожных паводзін на вадзе — 3, 1 — па няўважлівасці бацькоў.

— Якія меры прымаюцца?

— У адпаведнасці з даручэннем Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь распрацаваны і зацверджаны правілы аховы жыцця людзей на водах. На жаль, у многіх грамадзян выпрацаваўся стэрэатып бескантрольных паводзін, а адпачынак без алкаголю — не зусім адпачынак. Штогод да 75 працэнтаў патануўшых былі п’янымі. Часам бацькі, калі дазваляюць дзецям ісці на вадаём, думаюць, што там дзяжураць выратавальнікі, таму малыя будуць пад наглядам. Але мы можам не паспець — цяжка заўважыць, калі чалавек бязгучна знікае пад вадой. Дапамагчы можна на працягу 56 хвілін. Пасля заканчэння гэтага часу ў арганізме наступаюць незваротныя працэсы.

У сувязі з ростам гібелі людзей у раёне ў мінулым годзе, настойліва рэкамендуем выконваць меры бяспекі на вадзе і лёдзе, а таксама не пакідаць дзяцей ля вадаёмаў без нагляду дарослых.

Марына АРЭШКА



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть