ВАЛЯНЦІНАВЫ КВЕТАЧКІ
Общество

ВАЛЯНЦІНАВЫ КВЕТАЧКІ

Дзесяць год таму, якраз на свята ўсіх закаханых, на сямейным небасхіле Лунінеччыны зазіхацела яшчэ адна зорка, якую запалілі Наталля Іванаўна і Валянцін Мікалаевіч ШЫЛЬКІНЫ. Сёння яна свеціцца пяццю праменьчыкамі – менавіта столькі дачушак выхоўваюць шчаслівыя бацькі.

Аб сваім знаёмстве яны расказвалі сціпла і шчыра. Ён – прыезжы, яна – карэнная лунінчанка. Будучы муж адпавядаў яе ідэалу мужчыны: высокі, спартыўнага целаскладу, брунет. Як прызналася сама, проста інтуітыўна адчула: гэта – мой лёс. Прапанову стварыць сям’ю атрымала на дзень нараджэння, што стала нечакана прыемным сюрпрызам.

Пасля вяселля маладажоны сталі жыць разам з бацькамі Наталлі. Неўзабаве купілі невялікі дом на Залессі, які хутка напоўніўся вясёлымі дзіцячымі галасамі. Першай нарадзілася Юля, затым – Іра, двайняты Карына і Аліна, Ганначка. Тры гады таму Шылькіным выдзелілі зямельны ўчастак. Сёння на ім узвышаецца дабротны катэдж у два паверхі, будаўніцтва якога вялося з дапамогай ільготнага крэдыту. Прысторныя, утульныя пакоі, мноства жывых кветак… 

Юлька – трэцякласніца. Настаўнікі сярэдняй школы №3 г. Лунінца хваляць вучаніцу за стараннасць. Летась па сцяжынцы ведаў пайшла Ірынка. Яна хутка навучылася чытаць, і гэтаму занятку прысвячае шмат часу. Карына і Аліна з ахвотай ходзяць у дзіцячы садок, дзе гуляюць і пазнаюць навакольны свет. Маленькую Ганначку даглядае мама. Для ўсіх дачушак яна стараецца стаць сяброўкай, першым дарадчыкам. Тата – аўтарытэт, чыё слова не аспрэчваецца.

8 Сакавіка – адно з любімых святаў Шылькіных. Да выбару падарункаў сваім “кветачкам” муж і бацька падыходзіць з прыктычнага боку. Нязменным застаецца адно – прызнанне ў тым, што яны для яго – самыя прыгожыя, любімыя і адзіныя ва ўсім свеце!

У вялікай сям’і – шмат клопатаў, але яны не ў цяжар! Наталля Іванаўна і Валянцін Мікалаевіч прызнаюцца, што і з пяццю дзеткамі можна знайсці час адзін для аднаго. І каханне не знікае, а з года ў год становіцца яшчэ больш моцным.





Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть