Общество

ВАЖНА ЛЮБІЦЬ ДЗЯЦЕЙ

Гэтай навукай жыцця ў поўнай меры авалодала выхавальніца дзіцячага садка №1 “Рабінушка” Тамара Андрэеўна ШЫЛАВА – двайны юбіляр, якая 35 год адпрацавала ў дашкольных установах адукацыі Лунінца, а 10 лістапада адзначыла 55-годдзе.
– Пашкадуйце мяне!
Раз-пораз з гэтымі словамі падбягаюць хлопчык ці дзяўчынка, прыціскаюцца да выхавальніцы. Яна павінна імгненна адкласці самую неабходную справу, пагладзіць па галоўцы, усміхнуцца, проста паглядзець у вочкі малышу. Дзіцяці дастаткова праменьчыка дабрыні, каб зноў бегчы да сяброў, разам складваць кубікі ці апранаць ляльку. Назіраючы падобныя выпадкі, таты і мамы здзіўляюцца: часам занятасць не дазваляе і хвілінкі ўвагі ўдзяліць уласным сыночку ці дачушцы, а тут жа іх – два дзясяткі! І кожны малыш адчувае сябе самым любімым. Педагог не ўзніме руку на чужое дзіця. Калі ж на вачах выхавальніцы таты ці мамы б’юць свавольнікаў, яна заўсёды просіць:
– Калі ўжо не можаце стрымацца, плясніце па попцы – толькі не па галоўцы!
Тамара Андрэеўна лічыць, што многіх сучасных бацькоў таксама трэба выхоўваць. У яе дзяцінстве лунінецкія малышы гадаваліся пераважна бабулямі. Калі мама ўладкавалася ў пральню чыгуначнага садка, упершыню трапіла ў сапраўднае дзіцячае царства на Залессі. І так захапілася ім, што вырашыла ў будучым стаць выхавальніцай. Закончыўшы Пінскае педагагічнае вучылішча, прыйшла ў той жа чыгуначны садок, які цяпер размяшчаўся на Чырвонаармейскай вуліцы. Потым працавала ў дзіцячай установе рамонтна-механічнага завода. У “Рабінушцы” – з дня адкрыцця. І на сустрэчах выпускнікоў-1973 СШ №2 класны кіраўнік заўсёды падкрэслівала, што Тамара – адзіная, хто ажыццявіў дзіцячую мару аб выбары дарослага шляху.
Да ўзаемаразумення паміж педагогамі і бацькамі – няблізкая адлегласць. Спачатку таты і мамы толькі абураюцца:
– Пакуль сын быў дома, не хварэў. Як толькі пайшоў у дзіцячы садок, тут жа пачаліся праблемы!
І не нагадаеш безапеляцыйным дарослым, што іх малыш паступіў у калектыў з далёкай ад нормы групай здароўя. Не растлумачыш адукаваным мамам і татам, што для слабога імунітэту малышоў дзіцячыя інфекцыі – абарона ад сур’ёзных хвароб y больш сталым узросце. Бацькі грэбуюць парадамі выхавальніцы не закутваць малышам рот і нос, пры выхадзе на вуліцу пачаставаць сына ці дачку замарожанай журавінкай, каб смакталі ягадку для загартоўкі горлышка. А ў Тамары Андрэеўны баліць душа за стан здароўя дзяцей, які штогод прыкметна пагаршаецца. І адначасова павялічваецца яе любоў, вышэйшая ступень якой неаддзельна ад шкадавання. Яна ўгаворвае кожнага свайго падапечнага “па лыжачцы” паснедаць ці паабедаць, з болем у сэрцы прыгадваючы, якімі чырвонашчокімі прыходзілі з прагулкі яе ранейшыя выхаванцы, як кідаліся да сталоў, змятаючы стравы з талеркі, як патрабавалі дабаўкі… Заўважаючы дрэнную памяць выхаванцаў, не стамляецца зноў і зноў паўтараць з імі рыфмаваныя чатырохрадкоўі, з сумам адзначаючы, што раней дзеці завучвалі гэты верш «злёту»… І ніколі не крыўдуе на бацькоў, толькі просіць у Бога цярпення ў няпростых жыццёвых сітуацыях.
Многім яе былым выхаванцам цяпер за сорак. Прыводзілі ў садок сваіх дзяцей, цяпер прыходзяць з унукамі. Яна з радасцю прымае кожнае дзіця, не робячы выключэння для сваёй унучкі Марыі, якая таксама была выхаванкай бабулі.
Любоў Тамары Андрэеўны суправаджае сыноў і дочак лунінчан на працягу жыцця. Дарослы сын маёй сяброўкі падыходзіць да мамы і жартуе:
– Пашкадуй мяне…
І ўсведамляю, што праяўленне пяшчоты з перыяду “крызісу малодшага ўзросту” (так сучасная педагогіка абвясціла свавольства 3-гадовых дзяцей!) яму дапамог захаваць шчыры водгук выхавальніцы на хвілінны парыў малыша…
Таццяна ВАСІЛЬЕВА.

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть