Ведаеце, што самае крыўднае для журналіста?
Общество

Ведаеце, што самае крыўднае для журналіста?

Ведаеце, што самае крыўднае для журналіста? Калі падрыхтаваны ім матэрыял прайшоў абсалютна незаўважаным  чытачамі.

Надрукаваны на старонках “ЛН” (№62 за 17.08.2018) “Фрыланс, “маркоўны кароль і абавязковы для ўсіх закон” незаўважаным не застаўся. У тым ліку, дзякуючы кіроўцы АТ “Беларуская асацыяцыя журналістаў” Андрэю Бастунцу, за што яму – асобная ўдзячнасць.

Нагадаем, што гаворка ішла пра судовы працэс, галоўным фігурантам якога быў адзін з брэсцкіх фрылансераў, які браў удзел у прэс-туры па Лунінеччыне, пасля чаго на сайце аднаго з электронных СМІ, размешчаных у Польшчы, абнародаваў інтэрв’ю з “марковавым каралём” (так было ў матэрыяле — Т.В.) Уладзімірам Навіцкім. Фрылансера абвінавацілі ў рабоце на замежнае СМІ без акрэдытацыі і прыцягнулі да адказнасці па артыкуле 22.9 Адміністрацыйнага кодэкса Рэспублікі Беларусь. Судом Лунінецкага раёна яму быў прызначаны штраф у памеры 20 базавых велічынь –мінімальнае, дарэчы, пакаранне, прадугледжанае вышэй названым артыкулам. Пра ўсё гэта і было расказана на старонках “ЛН”.

Сярод недзяржаўных “щелкоперов” мясцовага разліву адважных няшмат, таму апанентам “рэдактарцы” выступіў менавіта спадар Бастунец. У ход, як кажуць, адразу пайшла “цяжкая артылерыя”. Але нават яму ў публікацыі (дарэчы, вельмі звычайнай) “зачапіцца” асабліва не было за што, хаця “раскладзена” яна была па паліцах (даруйце, па радках). І тады спадар Бастунец пачаў чытаць “між радкоў”.

Мне добра вядома, да чаго прыводзяць такія “звышздольнасці” падобных празарліўцаў. Параўнаўча нядаўна той жа партал “Медиа-Полесье”, дзе, дарэчы, і быў размешчаны каментарый кіроўцы БАЖ, прыносіў публічныя прабачэнні “Лунінецкім навінам” за распаўсюджванне падманных звестак пра газету. Трохі раней той жа партал “сціпла” пасыпаў галаву попелам перад адным з дзяржаўных служачых за тое, што абнародаваў, як аказалася, зноў жа падманную інфармацыю, чым прынізіў яго гонар і годнасць.

Але ж хопіць. Мне і насамрэч не хочацца лішні раз называць сайты, якія спецыялізуюцца на “смажаных” фактах і якім, прабачце, давяраю не заўсёды. Так, рэдактары дзяржаўных СМІ не адносяцца да дзяржаўных служачых, на што саркастычна намякае спадар Бастунец. Гэта, аднак, ніколькі не перашкаджае ў рабоце кіравацца ўласным сумленнем і прафесіяналізмам, які вытрымаў праверку жыццём.

“Спадзяюся, што ў выпадку, калі гэтая судовая пастанова будзе адмененая (маецца на ўвазе пастанова суда Лунінецкага раёна – Т.В.) – а, на мой погляд, існуе сур’ёзная верагоднасць гэтага, — “Лунінецкія навіны” не забудуць пра гэта таксама напісаць”, — кажа ў заключэнне спадар Бастунец.

Як можна ў такой просьбе адмовіць? Тым больш, што інтуіцыя нашага апанента зноў-такі падвяла: абласны суд пакінуў без змянення пастанову суда першай інстанцыі.

Таццяна Вайцяхоўская.



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть