Общество

ВЕРНАГА ШЛЯХУ, НАДЗЕЙНЫХ СЯБРОЎ! БУДЗЕМ ЧАКАЦЬ УСІХ ВАС ДАМОЎ!

Традыцыйны парад выпускнікоў-2017 паклікаў на галоўную плошчу Лунінца ўчарашніх вучняў і гімназістаў, іх настаўнікаў, блізкіх і сяброў. Вечар, напоўнены музыкай, шчырымі ўсмешкамі, цёплымі віншаваннямі і парадамі на шчаслівую будучыню, безумоўна, стаў сапраўды чароўным і памятным для ўсіх яго ўдзельнікаў.


Прыгожыя сукенкі, элегантныя касцюмы, багацце букетаў і сімвалічныя стужкі з надпісам “Выпускнік-2017” – мерапрыемства ператварылася ў свята прыгажосці, маладосці і імкнення пакараць новыя вяршыні. Першае сур’ёзнае выпрабаванне ў выглядзе экзаменацыйных іспытаў паспяхова пераадолена. Засталіся за плячамі падрыхтоўка і хваляванні, наперадзе – жыццё, напоўненае новымі клопатамі. А пакуль у юнакоў і дзяўчат быў развітальны баль. Прыгожымі вершаванымі радкамі яго пачалі вядучыя Аліна Крагель і Кірыл Новак. Ганаровымі гасцямі ўрачыстасці сталі старшыня райвыканкама Аляксандр Пачко, яго намеснік Анатоль Захаркевіч, начальнік раённага аддзела адукацыі, спорту і турызму Наталля Цяльпук і галоўны рэдактар газеты “Лунінецкія навіны” Таццяна Вайцяхоўская.
Шмат авацый выклікала пераклічка выпускнікоў гарадскіх навучальных устаноў: СШ №1 пакінулі 24 вучні, СШ №2 – 70, СШ №3 – 25, СШ №4 – 73, гімназію – 49. У іх гонар прагучаў школьны вальс, пасля якога быў дадзены старт цырымоніі ўзнагароджвання залатых медалістаў. На імправізаваную сцэну ўзняліся: Кірыл Гулін з СШ №2 г. Лунінца (дарэчы, яму ўручылі і пасведчанне аб прысуджэнні прэміі спецыяльнага Фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы адораных вучняў і студэнтаў), Дзмітрый Кавалевіч, Ірына Кіндрук, Карына Рамановіч, Ірына Туміловіч, Анастасія Філіновіч, Аляксандр Шулякевіч і Анатоль Якубовіч (усе – гімназія райцэнтра), Павел Брадніцкі з Бастынскай СШ, Марына Паўловіч з Вулькаўскай 2 СШ, Крысціна Грудзько і Дзяніс Кармужанін з Краснавольскай яслі-сад-СШ, Аксана Дземідовіч з Лахвенскай СШ, Наталля Кушнярук з Рэдзігераўскай СШ, а таксама вучні Багданаўскай СШ – Яніна Антановіч, Крысціна Ільючык, Яна Ільючык, Ганна Калешка, Ангеліна Фурсевіч. Для кожнага з іх кіраўнік раёна Аляксандр Пачко знаходзіў цёплыя словы віншаванняў. Начальнік раа Наталля Цяльпук заахвоціла Падзячнымі пісьмамі настаўнікаў: біялогіі СШ №1 – Людмілу Кацуба, матэматыкі: СШ №2 – Наталлю Дуньчык і СШ №3 – Марыю Грабовіч, замежнай мовы СШ №4 – Алену Клімовіч, гісторыі і грамадазнаўства гімназіі – Аксану Арашкевіч. Менавіта Аксана Рыгораўна выступіла ад імя педагогаў, пажадаўшы выпускнікам ніколі не спыняцца на дасягнутым. Шчымлівыя ноткі чуліся ў голасе матулі Юліі Бузынчык, якая не шкадавала ўдзячнасці ўсім настаўнікам, што на працягу 11 год вучылі дзяцей. А як гэта было ў самым пачатку школьнага жыцця, у вершах нагадалі першакласнікі СШ №1. Яе выпускніца Вераніка Талсцяк запэўніла, што будучыя абітурыенты пастараюцца апраўдаць давер і бацькоў, і педагогаў. Музычныя падарункі для прысутных падрыхтавалі Дар’я Гелец, Аляксандра Скіба, Вера Санюковіч і ансамбль “Залатое птушаня” ЦДТ (кіраўнік Галіна Гімабатава). З апошнім акордам у неба ўзвіліся паветраныя шары, а калона юнакоў і дзяўчат накіравалася ў гарадскі сквер, каб ускласці кветкі да абеліскаў…
Наталля ПАЎЛЮКЕВІЧ.

Теги
Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть