МикашевичиНовости районаОбщество

Вільча: як жывуць людзі на старым фальварку ў Лунінецкім раёне?

У двух кіламетрах ад Запросся знаходзіцца невялічкая вёсачка Вільча, або, як гавораць мясцовыя людзі, фальварак, у якім зарэгістраваны ўсяго толькі 9 чалавек. Дарэчы, вёска з аднайменнай назвай таксама ёсць і на другім беразе Случы, што ў Гомельскай вобласці.

Пры ўездзе ў фальварак адразу на сябе звяртае ўвагу дагледжаная сядзіба Пятра Сечка. Пётр Уладзіміравіч – спраўны гаспадар і майстар на ўсе рукі. Больш за 40 гадоў адпрацаваў вадзіцелем, аб’ехаў не толькі ўсю Беларусь, але і частку Расіі. Зараз на заслужаным адпачынку, і разам са сваёй другой палавінкай Ганнай Міхайлаўнай займаецца гаспадаркай. Ля сядзібы, што ахоўваюць два сабакі Сцёпа і Туман, – гектар зямлі, на якім чаго толькі не расце. Агародам і трыма цяпліцамі загадвае Ганна Міхайлаўна, у руках якой так і гарыць любая справа.

– Ёсць у нас некалькі сартоў клубніц, – гаворыць гаспадыня. – Сёлета добра ўрадзілі кавуны ды гарбузы, а вось дыні не парадавалі. Не варта скардзіцца, на агародніну год вельмі добры. Толькі паглядзіце, якія выраслі гарбузы і морква!

Жанчына дэманструе каржакаватую морквіну вагой больш за 500 грамаў і велізарны гарбуз, які заважыў больш за дваццаць кілаграмаў.

– Гэта вельмі працавітая сям’я, – працягвае гаворку стараста. – Ні Пятро, ні Ганна ніколі не сядзяць без справы. Дзіву даешся, як толькі яны ўсюды паспяваюць.

Пётр Уладзіміравіч яшчэ і патомны пчаляр. Пчоламі займаўся яго бацька, франтавік, і вельмі паважаны ў вёсцы чалавек Уладзімір Філімонавіч, які потым справу сваю перадаў сыну.

На старых разгалістых дубах вісяць борці – калоды. Гаспадар спадзяецца, што вясной сюды заселіцца некалькі сем’яў, пакуль жа яны пустуюць. Зараз у пчальніку на зімоўку засталося толькі 5 пчоласем’яў. Было больш, але за лета некалькі загінула. Пра сваіх працавітых рупліўцаў, іх звычкі, гатункі мёду ды і сам працэс медазбору гаспадар можа распавядаць гадзінамі. Ён літаральна зачараваны сваімі гадаванцамі. Кажа, што гэта надзвычай разумныя істоты і проста так яны ніколі нікога не джаляць. У пчалярскай справе Пятру дапамагае Ганна. Раптам падумалася, а яны і сапраўды ў нечым падобныя да пчолак. Гэтак жа заўзята шчыруюць на роднай зямлі, не лянуюцца, а працуюць, не пакладаючы рук. Нездарма ж у народзе кажуць –  дзе рой, там рай. Толькі гэты дабрабыт створаны шматдзённымі клопатамі.

На падворку развітваемся з гаспадарамі гасціннага фальварка. Звонкім, залівістым брэхам праводзяць у дарогу Туман ды Сцёпа. Зычым вяскоўцам добрага здароўя і жадаем, каб у ваколіцах яшчэ доўга луналі пагодлівыя дзянькі залатога лістападу.

Кацярына Яцушкевіч

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть