Общество

ВІТАЕМ ЦЯБЕ, ПЕРШЫ ДАРОСЛЫ СВІТАНАК!

У суботу, 9 чэрвеня, на плошчы Леніна ў райцэнтры прайшоў раённы выпускны баль. Яго галоўнымі дзеючымі асобамі сталі 782 выпускнікі школ Лунінеччыны.
Старанні ліцэісткі Ліліі Коваль, вучняў: СШ №2 г. Лунінца – Уладзіслава Трухановіча, Вулькаўскай 2 СШ – Алены Верас і Багданаўскай – Вольгі Ільючык адзначаны медалямі вышэйшай пробы. Узнагароды ўрачыста ўручыў старшыня райвыканкама Васіль Агіевіч. Звяртаючыся да ўсіх выпускнікоў, Васіль Міхайлавіч не толькі павіншаваў са знамянальнай падзеяй, пажадаў шчаслівага шляху, але і выказаў упэўненасць, што праз некаторы час многія з іх дыпламаванымі спецыялістамі вернуцца на малую радзіму.
Цёплыя словы адрасавала сабраўшымся начальнік раа Валянціна Верас. Яна ж уручыла заслужаныя адзнакі вучнёўскай любові настаўніцам гарадскіх СШ: №3 – Святлане Профіт, №4 – Клаўдзіі Паўлюкавец, №1 – Наталлі Харкевіч, №2 – Вользе Грыб (на здымку).
Уважліва слухалі выпускнікі мацярынскі наказ, які прагучаў з вуснаў Вольгі Сыцэвіч. Віншавальныя словы, песні і танцы дарылі юнакам і дзяўчатам, якія ўступаюць у дарослае жыццё, вучні школ і ліцэісты.
Пасля ўрачыстасці на плошчы выпускны баль працягваўся ў школах. Ліцэісты па традыцыі атрымлівалі атэстаты сталасці ў вялікай зале райвыканкама. Упершыню яна не змагла ўмясціць усіх жадаючых трапіць на свята. А яно было па-сапраўднаму прыгожым, светлым і запамінальным. Як і шмат год, абавязковым яго атрыбутам стаў вялікі каравай ад бацькоў: праводзіць у дарослае жыццё сыноў і дачок па добрай традыцыі прынята хлебам-соллю.
Святочны сцэнарый (старонкамі яго стала выступленне дырэктара Мікалая Паўловіча, класнага кіраўні-ка 11″В” –  Алы Макарук і матулі – Наталлі Аксёнавай) удала разнастаіла вершаванае суправаджэнне выхаду на сцэну кожнага са 136-ці выпускнікоў. Строгія юнакі і прыгажуні-дзяўчаты не хавалі сваёй усхваляванасці. Асабліва адчувалася яна ва ўдзячных выступленнях выпускнікоў Галіны Баліцкай, Віктара Чумака, Надзейкі Согавай, Вольгі Койка, Алены Вайцяхоўскай, Варвары Панасевіч, Ілоны Гопта.
Сардэчная развітальная песня і рознакаляровыя паветраныя шары, што дружна ўзняліся ў блакіт, сталі заключным акордам свята. Бывай, дзяцінства! Вітаем цябе, першы дарослы світанак!
Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть