Общество

ВІВАТ, ПРАФТЭХЛІЦЭЙ!

Сваё 30-годдзе прафесіянальна-тэхнічны ліцэй прыборабудавання сустракаў святочна-абноўленым. Шматлікія госці, які з’ехаліся з усіх куткоў Брэстчыны, мелі магчымасць упэўніцца ў тым, што Лунінецкая навучальная ўстанова мае магчымасці для таго, каб годна рыхтаваць кваліфікаваныя кадры не толькі для нашага раёна, але і для іншых рэгіёнаў вобласці і нават краіны.

Менавіта з гэтага пачаў сваё выступленне намеснік начальніка абласнога ўпраўлення адукацыі А.Ф. Жук. Віншуючы педагогаў і навучэнцаў, Аляксандр Фёдаравіч зазначыў, што сёння няма ніякіх перашкод для таго, каб ліцэю “перарасці” ў каледж. Першая прыступка ў гэтым накірунку ўжо ўзята. А каб шлях быў лягчэйшым, госць прапанаваў фінансавую падтрымку. Дырэктару прафтэхліцэя А.Р. Баўкуновічу ўрачыста ўручаны сертыфікат на 120 000 000 рублёў.

Крышку пазней кіраўнік абласнога ўзроўню, як і іншыя госці, пакінуў прывітальны запіс у Ганаровай. З віншаваннямі і падарункамі завіталі ў навучальную ўстанову прадстаўнікі ўлады – намеснік старшыні райвыканкама В.А. Рафаловіч і старшыня райсавета В.М. Адзішчаў. Яны ж уручылі асобным прадстаўнікам таленавітага калектыву ўзнагароды – Ганаровыя граматы і Падзячныя лісты.

Цёплыя словы гучалі ў той дзень з вуснаў першага дырэктара тагачаснага ГПТВ-146 А.Г. Гнедзькі, начальніка раённага аддзела адукацыі В.І. Верас, галоўнага рэдактара “Лунінецкіх навін” Т.П. Вайцяхоўскай, прадстаўнікоў роднасных навучальных устаноў з Брэста, Пінска, Століна, Ганцавіч, Белаазёрска, Бярозы, Драгічына…

Да юбілею педагогамі і навучэнцамі быў падрыхтаваны цудоўны канцэрт. Мастацкім алмазам ззяў у ім талент удзельнікаў народнага хора прафтэхліцэя. З задавальненнем сустрэлі госці імправізаваныя відэафільмы, якія з гумарам расказвалі пра будні навучальнай установы.

А калі са сцэны загучаў ліцэйскі гімн, зала ўстала, каб апладысментамі павітаць юбіляра, пажадаць яму доўгага шчаслівага веку, а таленавітым педагогам – здольных і ўдзячных навучэнцаў.

Таццяна ПЯТРОВА

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть