Воін, журналіст, грамадзянін — Мікалай Віктаравіч Юсціновіч (Лунтнецкі раён)
2022 – Год исторической памятиНовости районаОбщество

Воін, журналіст, грамадзянін — Мікалай Віктаравіч Юсціновіч (Лунтнецкі раён)

Воін, журналіст, грамадзянін… І не звычайны – Ганаровы грамадзянін горада Лунінец Мікалай Віктаравіч Юсціновіч (08.08.1925-25.12.2010) жыве ў памяці многіх сучаснікаў.

Высокі, прадстаўнічы, паважаны чалавек увайшоў у маё жыццё ў пачатку 1970-ых гг., калі «Ленінскі шлях» стаў публікаваць першыя нататкі юнкора. Але знаёмствам лічу лета 1976-га. Студэнткай журфака прыехала на малую радзіму на практыку. Менавіта ў гэтым годзе Мікалай Віктаравіч стаў рэдактарам газеты (і заставаўся на чале «раёнкі» 12 гадоў). Ён падарыў мне незабыўнае наведванне вёскі Гаўрыльчыцы.

Адпраўляючы практыкантку ў першую камандзіроўку з праверкай ліста з чытацкай пошты, рэдактар даваў прафесійнае пажаданне:

– Не кожны год рэдакцыйны «уазік» накіроўваецца ў самае аддаленае ад райцэнтра паселішча (дарэчы, неўзабаве вёска па адміністрацыйнаму дзяленню была аднесена да Салігорскага раёна Мінскай вобласці. – Т.К.). Вядома, галоўнае заданне – разабрацца ў сутнасці скаргі чытачкі, ці мае яна рацыю ў сваіх прэтэнзіях да кіраўніцтва калгаса. Але выкарыстайце сваю магчымасць знаходжання ў Гаўрыльчыцах. Наведайце шэраг аб’ектаў, сустрэньцеся з рознымі людзьмі. Няхай ваш журналісцкі нататнік запоўняць запісы, якія яшчэ доўга будуць увасабляцца ў газетныя матэрыялы.

На жаль, не маючы вопыту вытворчых сувязей, першую камандзіроўку я праваліла… Старэйшы калега дапамог аформіць маю «справаздачу» ў выглядзе пазіцый абодвух бакоў, без абвінаваўчага (і не заўсёды абгрунтаванага) вердыкту, які быў уласцівы «максімалізму маладосці» пачаткоўца-журналіста. Таксама М.В. Юсціновіч не дазволіў сабе ніводнага папроку, што мае зносіны з жыхарамі Гаўрыльчыц абмежаваліся толькі «героямі» канфлікту…

Вялікадушнасць і такт вызначалі паводзіны Мікалая Віктаравіча ва ўзаемаадносінах з навакольнымі. Ён дараваў няведанне або няўменне, калі бачыў, што чалавек шкадуе аб правіннасці. І гэта не выглядала слабасцю кіраўніка, які ў прынцыповых пытаннях цвёрда адстойваў сваю пазіцыю. Зноў жа, пераканалася ў гэтым на ўласным вопыце, калі са жніўня 1988-га стала працаваць у раённай газеце.

Выданнем кіраваў ужо іншы чалавек. Прафесійны вопыт Мікалая Віктаравіча быў запатрабаваны ў раённым краязнаўчым музеі. Навуковы супрацоўнік падрыхтаваў да публікацыі мноства цікавых фактаў з фондаў сховішча мінулага. Для новых пакаленняў землякоў ён пакінуў успаміны і пра свае франтавыя будні.

Вядома, ведала аб удзеле М.В. Юсціновіча ў Вялікай Айчыннай вайне, з пачуццём глыбокай пашаны глядзела на ветэрана вайны і друку, калі ў Дзень Перамогі бачыла старэйшага калегу, убранага ў парадны пінжак з ордэнамі і медалямі. Перапоўненая падзякай пакаленню пераможцаў, раней не пацікавілася ў Мікалая Віктараві-ча, да свайго сораму, падрабязнасцямі яго баявога шляху. Але ён сам адгукнуўся – па журналісцкай і грамадзянскай звычцы не заставаўся абыякавым да публікацый роднай газеты.

У гэты час «Лунінецкія навіны» (так змянілася назва «раёнкі» ў 1990-ыя гг.) сталі друкаваць спісы воінаў, якія загінулі на франтах Вялікай Айчыннай вайны, для наступнага ўвекавечання ў кнізе «Памяць. Лунінецкі раён» (1995). Звяртала на сябе ўвагу, што больш за сотню нашых землякоў пахаваны ў горадзе Лебус (Германія). Неўзабаве Мікалай Віктаравіч прынёс у газету нарыс «Той самы Лебус», пад якім яму таксама выпала ваяваць, але, на шчасце, ацалець.

Так даведалася, што ў перыяд нямецка-фашысцкай акупацыі наш старэйшы калега ўдзельнічаў у партызанскім руху ў складзе 105-га атрада 50-ай брыгады Палескага злучэння. Пасля вызвалення ў ліпені 1944-га, 19-гадовы юнак стаў у рады Чырвонай арміі. Ваяваў у тым самым 920 стралковым палку 247 стралковай дывізіі 1-га Беларускага фронту, дзе і нашы загінуўшыя землякі…

М.В. Юсціновіч прыгадваў аб жорсткім супраціўленні немцаў у горадзе, які знахо-дзіцца непадалёку ад Берліна. У Лебусе байцы таксама змагаліся з ворагам за ўзяцце кожнай вуліцы, кожнага дома. Небяспека не раз наганяла радавога кулямётчыка. Быў пад прыцэлам фашысцкага снайпера, які загубіў многіх аднапалчан, але аднойчы прамазаў. «…Куля раскрыла толькі верхнюю ашалёўку магазіна кулямёта і «прашыла» рукаў бушлата і целагрэйкі», – успамінаў ветэран. У другім баі «асколкам снарада разарвала бушлат на спіне. Абмоткі апынуліся пасечанымі, быццам іх пагрызлі сабакі. Быў разбіты кулямёт – замянілі. Праз некаторы час такая ж доля напаткала другі кулямёт – выдалі новы. Быў паранены салдат, другі нумар кулямёта, – замянілі».

Пры штурме Лебуса 10 сакавіка 1945 года быў паранены і баец Юсціновіч. «Другі нумар кулямёта, салдат Благушын з Украіны, зрабіў перавязку». Быў накіраваны ў шпіталь. Пасля выздараўлення аднапалчане вярталіся ў сваю часць. На шляху даведаліся, што вайна скончылася…

М.В. Юсціновіч быў узнагароджаны ордэнамі Айчыннай вайны I ступені і Чырвонай Зоркі, медалямі «За адвагу», «За ўзяцце Берліна» і «За вызваленне Варшавы». У баявой біяграфіі Мікалая Віктаравіча быў і Парад Перамогі саюзных войскаў, які адбыўся 7 верасня 1945 года каля Брандэнбургскіх варот у Берліне. На жаль, па волі палітыкаў ён быў аддадзены забыццю, і ўдзельнік распавёў аб гістарычнай падзеі толькі праз 50 гадоў…

Адслужыўшы ў Германіі, у 1950-ым сяржант, актыўны пазаштатны аўтар армейскай газеты, на перакладных вяртаўся дадому – у Жыткавічы, што на Гомельшчыне. Каб пабачыць сяброў, сышоў з цягніка ў Лунінцы – так наш горад стаў другой радзімай М.В. Юсціновіча. Як адзначаў сам, «знайшоў шчасце» ў рэдакцыі. Спачатку – у газеце палітаддзела Лунінецкай МТС, пазней – у «раёнцы», дзе прайшоў шлях ад літаратурнага супрацоўніка да кіраўніка.

Пражыўшы доўгае жыццё, тым больш – сорак гадоў аддадзенае друкаваным СМІ, што адлюстроўвалі супярэчлівыя моманты рэчаіснасці, старэйшы калега не дазваляў сабе паспешлівых выказванняў. За плячамі ў Мікалая Віктаравіча быў вопыт і развянчання «культу асобы», і наступствы «хрушчоўскай адлігі», таму асцярожна ацэньваў гарбачоўскую «перабудову». Заходзячы ў рэдакцыю, ён не падтрымліваў нашы эмацыйныя воклічы з нагоды «галоснасці», а на прамое пытанне неяк паўжартам-напаўсур’ёзна заўважыў:

– Мудрыя кітайцы жадаюць добрым людзям: не дай вам Бог жыць у эпоху перамен…

З часам усвядомілі, на колькі мудрым у сваіх перасцярогах быў дасведчаны журналіст. Зрэшты, Мікалай Віктаравіч яшчэ доўгі час заставаўся… рэдактарам – насценнай газеты «Ветэран» раённага савета ветэранаў вайны і працы. Штомесяц рыхтаваў агляд для «раёнкі». Колькі новых імёнаў былых партызан і франтавікоў увекавечана на старонках «ЛН», аб колькіх ваенных подзвігах (няхай нават коратка!) даведаліся сучаснікі, дзякуючы гэтым публікацыям! Дыктуючы машыністцы, пазней – аператарам рэдакцыі чарговы тэкст (аблягчаў працу малодшым калегам – цяжэй жа набіраць рукапіс, няхай нават і буйным почыркам), адзначаў:

– У сутыкненні са смерцю мой анёл-захавальнік не раз ратаваў мне жыццё. Можа быць, для таго, каб я выканаў запавет: ніхто не забыты і нішто не забыта…

Мікалай Віктаравіч прызнаваўся, што з усіх шматлікіх віншаванняў, якія адрасавалі яму прадстаўнікі органаў улады і грамадскасці, ён асабліва шануе журналісцкае пажаданне калектыву рэдакцыі:

Сваё жыццё газеце прысвяцілі,

Працуеце да гэтае пары.

Заўсёды моладзь розуму вучылі

І вопытам дзяліліся заўжды.

Няхай натхненне Вас не пакідае,

І яшчэ многа радасных гадоў

Калегі на парозе сустракаюць:

«О, наш рэдактар зноў да нас прыйшоў!»

Новым пакаленням журналістаў працягваць летапіс цяжкай сціплай працы – ваеннай і мірнай – удзельнікаў Вялікай Айчыннай, у ліку якіх заўсёды добрым словам успамінаем паважанага ўсім лунінецкім грамадствам аўтарытэтнага калегу, а таксама годных спадчыннікаў Вялікай Перамогі.

Таццяна Канапацкая.


Похожие статьи


Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть