Вокны вялікіх магчымасцей
Общество

Вокны вялікіх магчымасцей

Летась Лунінецкая дыстанцыя пуці пачала капітальны рамонт моста праз раку Гарынь. З гэтага пачалі размову з начальнікам ПЧ-19 Васілём Майсаком.

Буйны праект запланаваны да 2020 года. Састарэлыя драўляныя брусы будуць заменены сучаснымі жалезабетоннымі плітамі. Зразумела, што адначасова з гэтым будзе праве-дзена ўмацаванне ўсёй металічнай канструкцыі працягласцю 300 метраў. Разам з падраднай арганізацыяй “Аванбек” летась асвоілі каля 600 тысяч рублёў. Безумоўна, выкананне работ немагчыма без адмены руху на ўчастку пуці. Спецыяльныя вокны працягласцю да 60 гадзін (з адменай цягнікоў у напрамку Украіны) былі ў мінулым годзе, такія ж запланаваны сёлета. Прычым, не толькі на летні перыяд (а менавіта ён прыдатны для пуцейцаў), але і нават у студзені. Работы па замене звязваючых частак моста не будуць перапыняцца зімой.

За два апошнія гады правялі значнае ўмацаванне чыгуначнага вузла Лунінец. Тут замянілі 70 стрэлачных пераводаў і прыкладна 1 кіламетр участкаў пуці. За гэты год плануюць закончыць асноўныя работы. Дарэчы, аб тым, што і дзе рабіць у першую чаргу, Васіль Васільевіч ведае як ніхто іншы. Сам – родам з Лунінца, закончыў СШ №2, пазней – Брэсцкі тэхнікум чыгуначнага транспарту і завочна тэхнічны ўніверсітэт у абласным цэнтры. Прайшоў усе прафесійныя прыступкі – быў манцёрам пуці, брыгадзірам, дарожным майстрам, галоўным інжынерам. З 2015 года ўзначальвае дыстанцыю, калектыў якой цяпер складае 425 чалавек.

“Гаспадарка” лунінчан размешчана ў двух абласцях – Брэсцкай і Гомельскай – і пяці раёнах – Лунінецкім, Столінскім, Ляхавіцкім, Ганцавіцкім і Жыткавіцкім. Асноўная ўвага надаецца бяспецы працы, за апошнія пяць год не дапушчана ніводнага выпадку вытворчага траўматызму. Людзі працуюць старанна. Напрыклад, машыніст спецыяльнага самаходнага рухомага саставу Віктар Малевіч чатыры гады запар займаў першае месца ў рэспубліканскім конкурсе “Лепшы па прафесіі”. Славіцца дыстанцыя і сваімі дынастыямі – найбольшая па суме адпрацаваных год – сям’я Шырчанка.

У вольны час работнікі значную ўвагу надаюць фізічнай культуры, спорту, здароваму ладу жыцця. Праводзяць конкурсы, удзельнічаюць у спаборніцтвах аддзялення. Не раз займалі прызавыя месцы па шашках, шахматах, настольным тэнісе, гірах. Лунінецкая дыстанцыя таксама называлася сярод лепшых на конкурсах мастацкай самадзейнасці. Дзеці работнікаў з задавальненнем ездзяць летам на адпачынак у лагер “Іса”, размешчаны ў Баранавіцкім раёне, а іх бацькі – адпачываюць у ведамасным санаторыі “Магістральны”.

Як і ў іншых арганізацыях, тут паклапаціліся аб навагодніх падарунках, святочных ёлках для дзяцей. Рабочы па комплексным абслугоўванні будынкаў і збудаванняў Антаніна Пясоцкая ў чарговы раз парадавала лунінчан навагоднім убранствам дыстанцыі, прыгожа завяршыўшы юбілейны для чыгункі год, які адкрыў вялікія магчымасці, у тым ліку і для нашых землякоў.



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть