Прывітанне старшыні райвыканкама Аляксандра Пачко хлебаробам Лунінеччыны
Новости районаОбщество

Прывітанне старшыні райвыканкама Аляксандра Пачко хлебаробам Лунінеччыны

Вось і закончылася жніво. Галоўны хлебаробскі экзамен Лунінеччына вытрымала з годнасцю.

Чацвёртымі ў вобласці мы рапартавалі аб тым, што поле пакідае апошні камбайн. Упершыню за некалькі год з уборкай ураджаю зерневых справіліся ўласнымі сіламі без дапамогі суседзяў. Гэта стала магчыма, дзякуючы мэтанакіраванай рабоце па абнаўленні машынна-трактарнага парка, высокай арганізацыі працы, старанню кожнага з працаўнікоў, задзейнічаных у ходзе гэтай вельмі адказнай кампаніі.

Нягледзячы на тое, што надвор’е ў чарговы раз падрыхтавала для аграрыяў выпрабаванне на трываласць, здолелі атрымаць у бункернай вазе 52 тысячы 500 тон зерня. Той факт, што агульны каравай заважыў у параўнанні з мінулагоднім на 11,5 тысячы тон менш, практычна не паўплываў на планы. Лунінеччына паспяхова справілася з дзяржзаказам у 7 тысяч тон збожжа, мае надзейны страхавы насенны фонд, стварыла нядрэнны запас фуражнага зерня і нават здолела пэўную яго частку паставіць у гандлёвую сетку.

Падводзячы вынікі, ужо можна назваць гаспадаркі, якія, нягледзячы на складанасці 2021 года, прадэманстравалі ўзоры хлебаробскага майстэрства. Узровень мінулага года захавалі ў намалотах у філіяле “Лобчанскае” ААТ “Лунінецкі малочны завод”, ААТ “Вулькаўскі світанак”, СУП “Міжлескае”. Многія гаспадаркі (ды і раён у цэлым) прыбавілі ў атрыманні масланасення рапсу – культуры, якую, дзякуючы каштоўнасці, сёння называюць “чорным золатам” Палесся.

Мы навучыліся прымаць выклікі прыроды, супрацьпастаўляючы капрызам надвор’я  сучасныя метады гаспадарання, але ж нішто і ніколі не заменіць нястомных сялянскіх рук. Паважаныя хлебаробы! Прыміце шчырыя словы ўдзячнасці за вашу працавітасць і вытрымку. За разуменне важнасці моманту, за тое, што, не лічачыся з часам, здолелі  да апошняга каласка ўбраць вырашчаны ўраджай.

Вы, як ніхто, ведаеце, што кругаварот спраў земляроба не мае перапынкаў – адна работа прыспешвае другую. Вось і зараз: не паспелі камбайны пакінуць поле, як пачалася падрыхтоўка глебы пад будучы ўраджай. А нарыхтоўка кармоў не спынялася ўвогуле! У чарговы раз мы спадзяемся на вашы майстэрства і любоў да зямлі, ад якіх, без перабольшання, залежыць дабрабыт кожнага і краіны ў цэлым.

Віншую вас з «Дажынкамі» і жадаю моцнага здароўя, цярплівасці, надзейнага тылу, годных заробкаў, светлых ранкаў, добрага надвор’я і абавязковай упэўненасці ў заўтрашнім дні!

Аляксандр ПАЧКО, старшыня раённага выканаўчага камітэта.

Теги



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть