МикашевичиНовости районаОбщество

Восем зорачак Васіля і Вольгі ІЛЬЮЧЫКАЎ з Лунінца

Прыемнымі клопатамі напоўнена паўсядзённасць вялікай сям’і Васіля і Вольгі ІЛЬЮЧЫКАЎ з Лунінца. У рабочыя дні атрымліваць веды ў СШ №1 райцэнтра з іх утульнага дома накіроўваюцца адразу шасцёра школьнікаў.

– Летась было сямёра, – з цёплай усмешкай удакладняе гаспадыня. – Сёлета Цімафей паступіў у Пінскі індустрыяльна-педагагічны каледж. Цягнецца да тэхнікі, таму вырашыў стаць механікам.

Яшчэ адна добрая перамена адбылася ў жыцці старэйшай дачушкі Кацярыны – пасля заканчэння каледжа яна працуе ў музычнай школе ў Іванаўскім раёне. Першыя самастойныя крокі радуюць дзяўчыну, бо займаецца той прафесіяй, якую палюбіла з маленства, упершыню ўзяўшы ў рукі цымбалы і домру.

Варта адзначыць, што пачуццём прыгожага азораны ўсе Ільючыкі-малодшыя. Тут ёсць аматары вакалу, скрыпкі, баяна, ударных і народных інструментаў. Але гэта не перашкаджае ім дасканала асвойваць веды па асноўных прадметах. Таксама дзеці захапляюцца чытаннем, рука-дзеллем, стварэннем разна-стайных вырабаў, выступаюць у мастацкай самадзейнасці і спартыўных мерапрыемствах. Яны дружныя, вясёлыя, кожнага саграваюць цяпло роднага дома і адчуванне абароненасці ў вялікай сям’і.

Гвардыя школьнікаў з аднолькавым хатнім адрасам складаецца з пяці дзяўчынак і хлопчыка. Софія вучыцца ў 8 класе, Ульяна – у сёмым. Аляксей займаецца ў пятым. Двайняты Тоня і Ніна наведваюць установу адукацыі трэці год. Ева – другаклас-ніца. Невялікая розніца ва ўзросце не дазваляе разабрацца з першага погляду, хто з іх старэйшы, хто – малодшы. Таксама складана вызначыць, каму менавіта належыць абутак і верхняя вопратка.

Вольга – з Пінскага раёна, Васіль – з Багданаўкі. Пазнаёміліся падчас навучання ў каледжы па спецыяльнасці “Заатэхнія”. Потым дзяўчына закончыла Горацкую сельгасакадэмію. На працу ўладкавалася ў Палескую доследную станцыю. Гэта ўстанова і засталася адзіным рабочым месцам, адкуль яна пайшла ў першы водпуск па догляду за дзіцём. Потым быў другі, трэці, чацвёрты… Вяртацца ў прафесію магчымасці не было, бо сэрца запоўніла новае пачуццё – аддана і бязмежна клапаціцца пра сваіх крывінак. Няспраўджанай засталася мара ўдасканаліць веды ў аспірантуры.

Юнака больш прыцягвалі будаўнічыя прафесіі, дзе была бязмежная прастора для прымянення практычных навыкаў. Асвоіў розныя этапы ўзвядзення жылля. Здольныя спецыялісты патрабаваліся ў Беларусі і за яе межамі, таму праблем з працаўладкаваннем не ўзнікала. Уменне вельмі спатрэбілася пазней, калі самі вырашылі асталявацца ў прыватным доме.

Але да наваселля было далёка. Давялося доўга туліцца па здымных кватэрах. Пачыналі будаўніцтва, калі не з’яўляліся мнагадзетнымі, таму ўкладвалі асабістыя сродкі. Матэрыяльную дапамогу атрымалі пазней, калі большасць працэсаў былі завершаны. Пераезду ў новы дом чакалі з вялікім нецярпеннем. І было сапраўднае свята, калі той шчаслівы момант урэшце настаў.

Гаспадыня з гумарам згадвае, як абжывалі прасторныя памяшканні. Свежая фарба і новыя шпалеры хутка ператварыліся ў зону для малявання, чыстапісання і лепкі. Пакуль мама займалася з сынам ці дачушкай у адным пакоі, другія паспявалі “пакінуць” яркія сляды ў іншым. Навесці парадак атрымалася толькі тады, калі крышачку падраслі. У мінулым засталіся і ночы без сну… Першая ўсмешка…  Зубкі… Няўпэўненыя крокі… Пераадолець часовыя цяжкасці мужу і жонцы заўсёды дапамагала разуменне ў адносінах. Яны не перакладвалі праблемы на плечы спадарожніка, а кожны імкнуўся большасць з іх узяць на сябе.

Ільючыкі не планавалі стаць мнагадзетнымі, але гэта прадвызначыў лёс. Матуля Вольгі гадавала чацвёра, а бабуля – 12! Родныя Васіля клапаціліся пра пяцярых нашчадкаў. Любоў да немаўлятак і хваляванне за іх сталі сэнсам жыцця бацькоў.

Юныя памочнікі часта шчыруюць на кухні, любяць займацца выпечкай. Калі падатлівае цеста ператвараецца ў цудоўны торт ці пірог, гэта нікога не пакідае абыякавым. Такімі смачнымі шэдэўрамі ў сям’і прынята адзначаць святы і дні нараджэння. Асаблівым святлом загараюцца позіркі таты і мамы, калі яны глядзяць на свае восем крывінак, восем зорачак, якія асвятляюць шчымлівай радасцю і клапатлівым шчасцем іх жыццёвую дарогу.

Марыя Яраховіч, фото з сямейнага архіву Васіля і Вольгі ІЛЬЮЧЫКАЎ

Далучайцеся да нашага канала ў Telegram

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть