Общество

ВОСЬМЫ ЦУД МЕСЯЦА

Сапраўды салодкім атрымаўся “Святочны бісквіт для любімых” напярэдадні самага прыгожага вясенняга свята – Дня жанчын. Незвычайны “пачастунак”, падрыхтаваны работнікамі Лунінецкага гарадскога Дома культуры, прыйшоўся даспадобы гасцям урачыстага канцэрта. А сакрэтныя “інгрэдыенты” раскрылі на сцэне вядомыя многім зоркі мясцовай эстрады.

Відаць, удзячнасць і павага да “віноўніц” урачыстасці дапамаглі Аляксандру Крышталю і яго юнаму памочніку Андрэю Каховічу выдатна справіцца з ролямі таты і сына. Як сапраўдныя мужчыны, яны на працягу ўсяго мерапрыемства дарылі мілым жанчынам шчырыя віншаванні ў выглядзе празаічных і паэтычных выразаў. Неўзабаве да старанных джэнтэльменаў далучыліся выканаўцы старшай групы вакальнага ансамбля “Залатое птушаня” з песняй “Закаханая душа”. Пазней хвалю добрага настрою падхапілі і меншыя спевакі – яны парадавалі прысутных кампазіцыямі “Мая мама” і “Ўсміхніцеся”. 

Традыцыйнай часткай урачыстасці стала выступленне старшыні райвыканкама Уладзіміра Мілашэўскага. Шчыра гучалі словы падзякі ад галоўнага рэдактара “Лунінецкіх навін”, старшыні раённай арганізацыі ГА “Беларускі саюз жанчын” Таццяны Вайцяхоўскай. Музычныя ноткі радасці падарылі маладыя артысты: Крысціна Збралевіч, Жанна Немец, Вікторыя Даніловіч, Святлана Анішчанка. Кожная кропля душэўнай матчынай цеплыні адчувалася ў вершы, які прачытала Вольга Бірыла. З заміраннем сэрца слухалі кранаючыя галасы Сяргея Місікава, Леаніда Яраховіча, Ігара Мігалевіча. У жартоўнай спрэчцы вясёлых хлопчыкаў і дзяўчат гарэзы імкнуліся вызначыць мужчынскую і жаночую сутнасць, але зышліся ў адным – першыя і другія проста не могуць жыць адзін без аднаго! 

Чаго толькі ні было на гэтым шыкоўным “стале вясёлага настрою і бадзёрасці”! Цікава, што любімых матуль, сясцёр і цётачак, бабуль і проста сябровак радавалі па большай частцы юныя таленты, а іх ігра, як вядома, заўсёды поўніцца непадкупнай шчырасцю і натуральнай адданасцю гледачам. Кветкі, падораныя жанчынам напрыканцы праграмы, яшчэ раз падкрэслілі – вашу прыгажосць можна параўнаць хіба што з першымі промнямі вясенняга сонейка!



Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть