ВУЧЫЦЬ ПРЫСТАСОЎВАЦЦА ДА ЖЫЦЦЯ
Общество

ВУЧЫЦЬ ПРЫСТАСОЎВАЦЦА ДА ЖЫЦЦЯ

Жнівеньскую педагагічную нараду сёлета прымала Міжлеская СШ – пераможца раённага конкурсу па падрыхтоўцы ўстаноў адукацыі да новага навучальнага года.


У тым, што перамога заслужаная, змог упэўніцца кожны з удзельнікаў мерапрыемства. Вялікая тэрыторыя вакол навучальнай установы ўяўляе сабой узор дагледжанасці. Парадак – у самім будынку, святочны выгляд якому надалі ўпрыгожанні з паветраных шароў і выстава кветак. Сёлета яна размясцілася не ў фае, а на залітай сонцам пляцоўцы непасрэдна перад школай. А яшчэ да ўвагі запрошаных на нараду была прадстаўлена выстава метадычных напрацовак педагагічных калектываў і вырабаў з прыродных матэрыялаў. Святочныя экспазіцыі з цікавасцю наведалі госці, сярод якіх былі старшыня райвыканкама Васіль Агіевіч і яго намеснік Віктар Рафаловіч.

Па традыцыі жнівеньскі педагагічны савет адкрывала ўшанаванне маладых спецыялістаў. Наказ на дарогу маладым прагучаў з вуснаў настаўніцы замежнай мовы СШ №2 г. Лунінца Ганны Назаранка. Слова ў адказ трымала выпускніца педуніверсітэта імя Максіма Танка Варвара Сініцкая. 1 верасня яна сустрэнецца са сваімі вучнямі – першакласнікамі лунінецкай СШ №4.

«Якасць адукацыі як фактар і ўмова сацыялізацыі асобы” – такой была тэма выступлення начальніка раа Валянціны Верас. Валянціна Ігнатаўна падрабязна расказала пра набыткі, з якімі адукацыя раёна прыйшла да новага навучальнага года і пра тое, што робіцца настаўнікамі для развіцця ў вучняў актыўнасці, мэтанакіраванасці, ініцыятыўнасці і творчасці – якасцей, якія дапамагаюць прыстасоўвацца да зменлівага жыцця.


Назваўшы дашкольную адукацыю галоўным рэзервам, які вызначае поспех дзіцяці ў школе, дакладчык падкрэсліла, што ва ўсіх 37 дзіцячых установах падобнага кшталту працуюць педагогі-прафесіяналы. Зараз намаганні скіраваны на тое, каб пераважная боьшасць іх мелі вышэйшую адукацыю. Вялікая ўвага надаецца ўкараненню здароўезберагаючых тэхналогій. У ліку праблем, якія сёння хвалююць найбольш, быў адзначаны недахоп месцаў у дзіцячых садах, асабліва ў Лунінцы і Мікашэвічах. Сітуацыю выправіць мяркуецца з дапамогай павелічэння напаўняльнасці груп і вываду з садкоў першых класаў.

Маніторынг якасці адукацыі дазволіў убачыць станоўчую дынаміку вынікаў дзейнасці ўсіх агульнаадукацыйных школ раёна. Пацверджаннем гэтаму факт, што больш як 60 працэнтаў выпускнікоў паказалі высокі і дастатковы ўзровень ведаў. Амаль 43 працэнты іх паступілі ў ВНУ. Па-ранейшаму планку першынства ўтрымліваюць ліцэй і гімназія імя Уладзіслава Нядзведскага – 95,5 працэнта. Сярод вясковых школ на першым месцы Дубаўская – 75 працэнтаў школьнікаў сталі студэнтамі. У разрэзе гарадскіх школ недасягальным для многіх стаў паказчык паступальнасці ў СШ №4 г. Лунінца – 67,4 працэнта.

Адначасова Валянціна Ігнатаўна падкрэсліла, што ў далейшым якасць адукацыі будзе ацэньвацца не толькі па колькасці паступіўшых у ВНУ выпускнікоў, а па іх прыстасаванасці да жыцця і ўменню адаптавацца ў ім. Па зразумелых прычынах асабліва неабходная гэтая якасць для дзетак-інвалідаў. Сёння спецыяльную адукацыю атрымліваюць 587 дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. Дагэтуль адчуваецца недахоп кваліфікаваных кадраў у класах інтэгрыраванага навучання, асабліва ў вёсках.

Падрабязна быў прааналізаваны стан выхаваўчай работы. Сярод яе недахопаў – рост падлеткавай злачыннасці ў 2011 годзе. Зразумела, што зараз трэба шукаць новыя эфектыўныя метады ўплыву на асобу такіх дзяцей з тым, каб дапамагчы ім змяніць паводзіны.

Прагучала на нарадзе запэўніванне, што і надалей сістэме адукацыі з боку раённых улад будзе ўдзяляцца самая пільная ўвага, у тым ліку і ў напрамку ўмацавання матэрыяльна-тэхнічнай базы. Яскравае пацверджанне гэтаму – пачатак будаўніцтва новай школы ў Вульцы 2 і прыбудовы да лунінецкай СШ №1.

«Галоўнай кузняй кадраў” і «ўвасабленнем усяго лепшага на зямлі” назваў школы Лунінеччыны старшыня райвыканкама Васіль Агіевіч. Невыпадкова сёння галоўнае патрабаванне да настаўнікаў – дапамагчы вучню своечасова вызначыцца з прафесіяй. І пры гэтым абавязкова ўлічыць сацыяльны заказ, арыентуючы выпускнікоў на набыццё спецыяльнасцей, запатрабаваных грамадствам.

Ісці ў нагу з часам заклікае настаўнікаў і тэхнічны прагрэс. Васіль Міхайлавіч выказаў пажаданне не толькі развіваць у вучня цікавасць да ведаў, але і разумна выкарыстоўваць інтэрнет-рэсурс. Менавіта педагогі павінны вучыць разбірацца ў шматлікіх, іншы раз не адпавядаючых рэчаіснасці звестках і закліках, якія прапаноўваюць так званыя сацыяльныя сеткі.

З віншаваннямі да калег звярнулася старшыня райкама прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Нэла Рафаловіч. Яна ж уручыла Граматы райкама лепшым прафсаюзным лідэрам адукацыйных устаноў. Цёплыя словы адрасавала настаўнікам і галоўны рэдактар «Лунінецкіх навін” Таццяна Вайцяхоўская.

У наступным абмене думкамі ўдзельнічалі загадчыца ясляў-сада №10 г. Лунінца Любоў Шкабара, дырэктар ліцэя Мікалай Паўловіч, намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце гімназіі імя Уладзіслава Нядзведскага Лідзія Кіслюк, намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Лунінскай СШ Мікалай Аляксееў, настаўніца рускай мовы і літаратуры Люшчанскай яслі-сад-базавай школы Галіна Профіт, настаўніца пачатковых класаў Вялікачучавіцкай СШ Галіна Грыцкевіч і загадчыца аддзела гігіены і эпідэміялогіі РЦГіЭ Людміла Мароз.

Заключным акордам мерапрыемства стала творчая справаздача Міжлескай СШ. Падрыхтаваны вясковымі настаўнікамі канцэрт многія ўспрынялі як натхняльную нотку на наступныя высакародныя справы.

Таццяна ПЯТРОВА. Фота аўтара.


 


 


 



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть