Вяршыць правасуддзе справядліва
Общество

Вяршыць правасуддзе справядліва

Такім прынцыпам у рабоце карыстаецца старшыня суда Лунінецкага раёна Міхаіл ДЗЕНІСОВІЧ, які стаў героем маладзёжнай акцыі “100 пытанняў даросламу». Сустрэча з прадстаўніком юстыцыі адбылася ў актовой зале політэхнічнага каледжа. Да цікавага дыялогу далучыліся таксама навучэнцы гарадскіх школ.

Міхаіл Васільевіч пачаў размову са сваёй біяграфіі і кароткага знаёмства з разглядам судовых спраў. Асаблівую ўвагу звярнуў на парушэнні, якія часцей учыняюць падлеткі: брыдкаслоўе, бойкі, крадзяжы, курэнне ў забароненых месцах, абарот наркатычных сродкаў. Пытанні, якія даносіліся з залы, былі разнастайнымі. Датычылі яны афармлення крэдытаў на чужое імя, абароны спажывецкіх правоў, пакарання за падробку дакументаў і здзекі над жывёлінамі, знявагі пачуццяў веруючых, паслуг адвакатаў, давядзення да суіцыдаў і інш. На ўсе дзяўчаты і юнакі атрымалі кампетэнтныя адказы.

019— Якая самая гучная справа ў вашай рабоце?

—    Ведаеце, любая крымінальная справа мае вялікае значэнне для ўсіх удзельнікаў працэсу. Безумоўна, памятаюцца рэзанансныя злачынствы — забойствы, хабары, наркотыкі…

—    Прыгадайце максімальнае пакаранне для віноўнага?

—    13 год — за забойства.

—    Ці былі выпадкі, калі вы вынеслі апраўдальны прыгавор?

—    За 14 год судовай практыкі такое здаралася двойчы.

Не хаваў Міхаіл Васільевіч і асабістай інфармацыі. Па яго словах, у дзяцінстве марыў стаць, як бацька, — будаўніком. Ніколі б у жыцці не ўчыніў злачынства. Не курыць, але спрабаваў смак цыгарэт яшчэ ў арміі. Можа крыху выпіць, але толькі ў святы і ў добрай кампаніі. Дазаляе сказаць і моцнае слоўца, ды толькі гэта ніколі не стане набыткам публічнасці. У вольны час, які вельмі складана выкраіць, займаецца з дачушкай — 5-гадовай Настачкай. Разам яны гуляюць, чытаюць кніжкі. Ганарыцца старшымі сынамі: будучым выпускніком юрыдычнага факультэта Гродзенскай ВНУ і курсантам Ваеннай акадэміі. Сябруе старшыня суда са спортам — плавае ў басейне. Не супраць перагортваць старонкі любімых “12 стульев” Ільфа і Пятрова.

—    Назавіце 5 слоў, якія вас характарызуюць?

—    Дабрыня, справядлівасць, прынцыповасць, камунікабельнасць і любоў да дачушкі, жонкі — сям’і ў цэлым.

—    Аб чым марыце?

—    Каб і я, і ўсе, хто мяне акружаюць, былі шчаслівымі!

Здавалася, пытанні не закончацца. Але рэгламент парушаць не сталі. Акцыя “100 пытанняў даросламу” будзе працягнута.

020



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть