ВЯРШЫНІ – ДЛЯ НАСТОЙЛІВЫХ І МУДРЫХ
Общество

ВЯРШЫНІ – ДЛЯ НАСТОЙЛІВЫХ І МУДРЫХ

Напрыканцы мінулага тыдня прайшло ўшанаванне юных талентаў Лунінеччыны – пераможцаў раённых, абласных і рэспубліканскіх алімпіяд, лепшых спратсменаў і юных самадзейных артыстаў.

Па традыцыі песняй “Сузор’е талентаў” свята адкрылі лаурэаты рэспубліканскіх конкурсаў “Вікторыя” і “Шаную цябе, Белая Русь”, удзельнікі ўзорнага ансамбля “Залатое птушаня”. З апошнімі акордамі мелодыі ў зале гарадскога Дома культуры ўсталявалася атмасфера ўзнёсласці, якую на працягу ўсяго мерапрыемства ўдала падтрымлівалі вядучыя Святлана Філонік і Аляксандр Крышталь.

Сваё захапленне здольнасцямі і дасягненнямі нашых юных землякоў прыйшлі выказаць старшыні райвыканкама і райсавета Васіль Агіевіч і Віталь Адзішчаў, начальнікі аддзелаў адукацыі і па справах моладзі Валянціна Верас і Наталля Верас, галоўны рэдактар “Лунінецкіх навін” Таццяна Вайцяхоўская, памочнік дэпутата Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Іван Архіпчык.

Звяртаючыся да сабраўшыхся, В.М. Агіевіч выказаў сардэчныя словы ўдзячнасці вучням, іх настаўнікам і бацькам за высокія дасягненні ў авалодванні ведамі, услаўленне сваёй малой радзімы. Першым, каму кіраўнік раёна ўручыў узнагароду, быў Мікалай Парфімовіч, які атрымаў Дыплом 3 ступені на заключным этапе рэспубліканскай алімпіяды па хіміі. Увогуле ж, удзел у трэцім этапе рэспубліканскай алімпіяды даў Лунінеччыне 17 перамог і 4 пахвальныя водгукі.

Адну за адной адкрывалі вядучыя сімвалічныя зоркі. Атрымлівалі заслужаныя ўзнагароды юныя матэматыкі, фізікі, хімікі, біёлагі, гуманітарыі, мастакі, спратсмены… Хвалюючыя словы адрасавалі ім старшыня райкама прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Нэлі Рафаловіч, намеснік начальніка аддзела адукацыі Алена Каханевіч, галоўны спецыяліст аддзела адукацыі Раіса Мазырчук, загадчыца вучэбна-метадычнага кабінета Ала Каюрава, метадысты гэтага кабінета Таццяна Кацуба, Вольга Скрыпель, Галіна Адзішчава, Ірына Жук. А зала сустракала і праводзіла кожнага цёплымі апладысментамі.
У асобнай “зорнай” групе былі настаўнікі, якія дапамаглі запаліць на небасхіле Лунінеччыны такія яркія зорачкі. На свяце выступіла настаўніца замежнай мовы ліцэя Ала Макарук. Яе словы былі адрасаваны не толькі вучням, але і іх бацькам, без чыёй падтрымкі наўрад ці адбыліся б гэтыя шматлікія перамогі.

Бацькі таксама не засталіся абыякавымі да ўсяго, што адбывалася на сцэне. Ад іх імя слова трымала Людміла Каховіч. Але, бадай, самым прачулым момантам стала сімвалічная сустрэча пакаленняў, калі разам сышліся самыя юныя пераможцы алімпіяд – малодшакласнікі – і старэйшыя вучні. Ад імя “больш сталай зорнай плеяды” выступіла вучаніца 11 “штрых” класа ліцэя Таццяна Наварыч. Яна ж прапанавала малышам прыняць своеасаблівую клятву упарта ісці да вяршынь ведаў, радуючы Радзіму новымі поспехамі і перамогамі.

Несправядлівым будзе не сказаць некалькі ўдзячных слоў у адрас юных арытстаў, якія на працягу ўсяго мерапрыемства радавалі высокім артыстызмам і выканаўчым майстэрствам. А як жа інакш? Усе яны – таксама пераможцы фестываляў і конкурсаў самага рознага ўзроўню. Без іх не абыходзіцца ні адно раённае свята. Гэта яны на сваіх кволых плячах трымаюць цяжар гожага аздаблення практычна ўсіх раённых мерапрыемстваў. Таму з асаблівай цеплынёй сустракалі гледачы лаурэата 3 ступені адкрытага міжнароднага конкурсу “Маладзічок” Аню Немец, дзіцячы танцавальны ансамбль з Мікашэвіч “Дыямант” (кіраўнік Валянціна Пашкевіч), лаурэата абласнога фестывалю фальклорнага мастацтва “Радавод” “Дварэцкія музыкі” (кіраўнік Мікалай Гушчэня), лаурэата шматлікіх міжнародных конкурсаў і фестываляў Крысціну Збралевіч і ўзорны ансамбль “Залатое птушаня”, пераможцу раённага конкурсу юных дэкламатараў Уладзміра Кіслюка, дыпламанта абласнога фестывалю фальклорнага мастацтва “Радавод” танцавальны ансамбль “Зорачкі” Лунінскай СШ (кіраўнік Таццяна Лабко), лаурэата 1 ступені абласнога фестывалю-конкурсу “Рытмы маладосці” Міхаіла Дубініча, дыпламанта абласнога фестывалю фальклорнага мастацтва “Радавод” Надзею Согаву, лаурэата абласнога фестывалю фальклорнага мастацтва “Радавод” узорны фальклорны ансамбль “Сунічка” з в. Вулька 1.

Пасля завяршэння мерапрыемства адбылася кароткая размова з начальнікам аддзела адукацыі Валянцінай ВЕРАС.

— Валянціна Ігнатаўна, сённяшняе мерапрыемства – доказ несумненнага плёну работы педагогаў нашага раёна. А якія навучальныя ўстановы далі Лунінеччыне найбольш яркі “зорны россып”?

— На першым месцы ліцэй – 49 дыпламантаў самага рознага ўзроўню, на другім СШ №2 г. Лунінца – 39, на трэцім – гімназія імя Нядзведскага з 37 пераможцамі. Прычым, многія настаўнікі здолелі “запаліць” адразу некалькі “зорачак”. Гэта – фізік Уладзімір Уладзіміравіч Зылевіч і біёлаг-географ Нталля Фёдараўна Корбут з гімназіі, Вера Канстанцінаўна Ільючык з Багданаўскай СШ, Галіна Уладзіміраўна Ходзіна і Валянціна Анальеўна Паўловіч з Вулькаўскай 2 СШ і іншыя. Сёлетні навучальны год і сапраўды быў для нас вельмі ўдалым. Прычым алімпіядны рух прыкметна пашырыўся. Упершыню удзел у навуковых спаборніцтвах бралі малодшакласнікі. І для іх гэта стала магутным стымулам на далейшым шляху да новых вяршынь.

— Выдатна, што магутнасць “алімпіяднага руху” адлюстроўваецца не толькі ў пашырэнні ўзроставага дыяпазону, але і ў, так бы мовіць, зоне ахопу ім самых розных сфер прыкладання дзіцячых здольнасцей.

— Так. Цяпер, акрамя навукоўцаў, трыдыцыйна ўшаноўваем і юных спартсменаў, атрыстаў, мастакоў, аматараў прыкладнога майстэрства… Гэта іх творамі сёння ўпрыгожана фае Дома культуры і сама зала. Паглядзіце, якія рукатворныя цуды падуладны нашым дзеткам, калі побач па-сапраўднаму захопленыя і теленавітыя настаўнікі. Ім – сардэчны дзякуй!

— Ведаю, што днямі падведзены вынікі работы з таленавітымі дзеткамі за год. Чым азнаменаваны завяршэнне чарговага навучальнага сезона?

— У нас паявіліся яшчэ два стыпендыяты – вучань 9 “штрых” класа ліцэя Мікалай Парфімовіч і дзевяцікласніца СШ №2 г. Лунінца Таццяна Кіндрук. На працягу наступнага навучальнага года яны штомесяц будуць атрымліваць стыпендыю ў памеры адной базавай велічыні. Застаецца спадзявацца, што ў будучым і адораных дзетак, і таленавітых педагогаў у нас будзе яшчэ больш!





Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть