Выборы-2018

Два дэпутаты ад Лахвы

У разгары вылучэнне кандыдатаў на дэпутацкі мандат у мясцовыя Саветы дэпутатаў. У раённым Савеце колькасць акруг засталася ранейшай – 40. Праўда, памяняліся іх межы, што і выклікала некаторае неразуменне з боку жыхароў.

Так, з “акруговай карты” раёна зніклі Баравецкая, Лахвенская, Любачынская, Малачучавіцкая, Цнянская і Сітніцкая акругі. Замест іх паявіліся пяць новых у Лунінцы і адна – у Мікашэвічах. Тэрытарыяльна межы рэарганізаваных акруг далучылі да суседніх. Заўважыўшы гэтую акалічнасць, у рэдакцыю патэлефанавалі некалькі жыхароў Лахвы з пытаннем, чаму іх пазбавілі ўласнай акругі? Аргументацыя, на іх думку, была важкай: Лахва – самы буйны населены пункт на тэрыторыі сельсавета, тут знаходзіцца сельвыканкам. “Нас пазбавілі многага. Дык што, цяпер і дэпутата свайго не будзе?”, – задавалі пытанне вяскоўцы.

Як растлумачыў старшыня Лунінецкай раённай выбарчай камісіі па выбарах дэпутатаў раённага Савета дэпутатаў дваццаць восьмага склікання Аляксандр Грамыка, перад неабходнасцю правесці тэрытарыяльныя  змяненні ў акругах Лунінеччыны паўстала яшчэ ў ходзе мінулай выбарчай кампаніі. Істотным чынам паўплывала на гэта змяненне балансу паміж гарадскім і сельскім насельніцтвам у бок перавагі першага, што з’яўляецца вынікам натуральнай міграцыі. Пры фарміраванні акруг кіраваліся, перш за ўсё, Выбарчым кодэксам Рэспублікі Беларусь. Згодна з колькасцю выбаршчыкаў, якіх 55 тысяч 33, у нашым раёне засталася максімальная колькасць акруг – 40. А вось спісы выбаршчыкаў на кожнай з іх давялося пераглядваць, бо, згодна з рэкамендацыямі, сярэдняя іх колькасць павінна быць 1375 (плюс-мінус 10 працэнтаў) чалавек.

Адначасова давялося захоўваць пэўную ўмоўную непадзельнасць акруг, іх візуальную тэрытарыяльную цэласнасць і кампактнасць на карце раёна. Вось і атрымалася, што некаторыя населеныя пункты былі па-дзелены на дзве акругі. У такой сітуацыі апынуліся не толькі Лахва, але і Вялікія Чучавічы, а таксама Дрэбск.

Гэта, аднак, не значыць, што названыя вёскі не будуць мець прадстаўніцтва ў раённым Савеце дэпутатаў. Наадварот,  тут паявіцца адразу па два выбраннікі ў прадстаўнічым органе ўлады. І ўпаўне можа стацца, што пражываць яны будуць якраз у той жа Лахве, Вялікіх Чучавічах ці Дрэбску. І гэтая акалічнасць на руку мясцовым жыхарам, бо,  аб’яднаўшы намаганні, дэпутатам лягчэй бу-дзе адстойваць інтарэсы сваіх выбаршчыкаў у мясцовым органе ўлады.



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть