Новости районаВыборы 2020

Што за абяцанкамі?

З Алесяй мы сябруем даўно. Так даўно, што шмат год таму з розніцай у адзін тыдзень гулялі адна ў адной на вяселлях. Практычна адначасова нараджалі дзяцей: і ў яе, і ў мяне – прыгажуні-дачушкі. Падабенства адлюстравалася нават у тым, што абедзве яе дзяўчынкі і мая малодшая закончылі адну і тую ж сталічную ВНУ. У розны, праўда, час. Нярэдка сустракаемся і сёння, дзелячыся трывогамі і спадзяваннямі. Найчасцей яны датычаць дзяцей, бо ў іх, вядома ж, больш насычаны і вірлівы побыт. Па-мацярынску кожная з нас спадзяецца, што ў гэтай амаль заўсёды непадуладнай чалавеку плыні нашы дзяўчаткі знойдуць спакойнае рэчышча шчаслівага жыцця.

Гарадок наш ціхі, і водгукі бурлівых палітычных падзей сюды даносяцца хіба што са сталіцы. Навінамі цікаўлюся, не прапускаючы іх ні на газетных старонках, ні ў тэлевыпусках, ні ў сеціве. Сяброўка ж аддае перавагу якраз сусветнаму павуцінню. Вывуджваць звесткі пра тое, што адбываецца ў краіне, не даводзіцца: шматлікія сайты настойліва прапаноўваюць іх, ледзь заходзіш на прасторы інтэрнета. Апошнім часам яны стракацяць немудрагелістымі відэа пра акцыі пратэсту.

Асабіста я, перажыўшы не адну выбарную кампанію, ужо навучылася, як кажа моладзь, “фільтраваць базар” і ведаю, што прафесіянальна “нарэзанае” відэа і правільна скадрыраванае фота іншы раз можа стварыць уражанне, што ўдзел у акцыі бярэ не адна сотня людзей, хаця на самой справе ўдзельнікаў не набярэцца і двух дзясяткаў.

Тонкасці маніпуліравання гэтымі навыкамі лёгка можна знайсці ў тым жа сусветным павуцінні. Вось і я, прыгледзеўшыся, заўважаю, што “шэсце пратэсту” – не што іншае, як звычайны паток людзей, якія па праспекту засяроджана спяшаюцца па сваіх справах. Сярод іх – парачка-другая “пратэстантаў” з не прынятымі дзяржавай сімваламі. Прафесійнае вока фатографа “схапіла” іх так, быццам яны ўпэўнена вядуць за сабой гэты натоўп.

Крыху пазней мае здагадкі пацвярджае дачка, якая ў чарговы раз просіць не верыць, усяму, што прапаноўвае сеціва, пераконваючы што дзясятак гарадскіх вар’ятаў ніколі не зробяць надвор’я ў краіне. Паўжартоўна, развітваючыся, просіць і назаўтра расказаць “пра тое, што “адбываецца” ў Мінску”.

Сяброўка, тым часам, не такая ўпэўненая. Пры чарговай сустрэчы заўважаю нават яе некаторую разгубленасць. Слова за слова, і яна прызнаецца, што колькі год таму ў час адной з перадвыбарных кампаній ледзь здолела выцягнуць сваю дачку з учэпістых лап анархічна настроенай маладзёжнай групоўкі, членаў якой спецыяльныя людзі вучылі паводзінам падчас акцый пратэсту, робячы асаблівы ўпор на тое, як рэагаваць на заўвагі вартавых правапарадку, “нечакана” ўспыхнуўшыя бойкі і г.д. Акалічнасць гэтая выявілася выпадкова, калі падчас аднаго з тэлефанаванняў дзяўчынка, якая тады была студэнткай, шэптам паведаміла, што яна на сходзе.

Што гэта быў за сход, матуля даведалася крыху пазней, а высветліўшы, не на жарт усхвалявалася. Давялося нямала прыкласці сіл, каб за некалькі дзён і ў сам дзень выбараў дачка была дома. Як расказвала, новаяўленыя “сябры” не пакідалі дзяўчынку і тут, бясконца тэлефанавалі, настойліва пыталіся, чаму яна не з імі і калі далучыцца. Адначасова абяцалі залатыя горы пасля таго, як усё закончыцца.

Своечасовае ўмяшальніцтва старэйшага, навучанага жыццёвым вопытам чалавека ў вобразе мамы дапамагло папярэдзіць непажаданыя наступствы. Дачка потым расказала, што практычна ўсіх яе сябрукоў у той вечар затрымалі на несанкцыянаваным мерапрыемстве. Адказваць давялося па законе, і адказнасць гэтая для многіх была нечаканай, не кажучы пра тое, што адмоўным чынам паўплывала на далейшы лёс.

Зразумела, што так і засталіся няспраўджанымі абяцанкі шматлікіх даброт і прэферэнцый, а самі “дабрадзеі” зніклі ў невядомым напрамку. Так ці інакш, перад законам паўсталі не яны, а тыя, каму здолелі замуціць розум расповядамі пра “прагрэсіўныя ідэі” і “неабходнасць перамен”. Дарэчы, якіх перамен, так дакладна і не растлумачылі, абмежаваўшыся патрабаваннем “змяніць гаранта”. І навошта думаць пра тое, што будзе потым?

Зразумела, за час, які прайшоў з мінулых выбараў кіраўніка дзяржавы, многія з тагачасных “прагрэсіўна настроеных” пасталелі, пачалі па-іншаму глядзець на жыццё – больш разважліва і грунтоўна, бо паспелі ўжо што-кольвечы ў гэтым жыцці дасягнуць. Але падраслі новыя, не менш гарачыя галовы, якія гэтак жа не памятаюць перабудовачнай разрухі, тавараў і прадуктаў па талонах і зарплаты, эквівалентнай 20 доларам ЗША. Яны не жадаюць бачыць усяго таго станоўчага, што ўдалося дасягнуць за гады развіцця, безаглядна ставяць на карту сваю будучыню і будучыню сваёй краіны, гатовыя за 30 сярэбранікаў аддаць усё, што змаглі здабыць старэйшыя пакаленні.

Я вельмі спадзяюся, што і сёння побач з імі акажуцца дарослыя, умудроныя жыццёвым вопытам людзі, здольныя растлумачыць ім, што шыла на мыла не мяняюць, што разбурыць узведзенае нашмат прасцей, чым пабудаваць. Гэтак жа, як і ўласную будучыню, беазглядна аддаўшы яе на водкуп няпэўным “ідэям перамен”.

Святлана МІХАЛЬЧЫК.

Теги



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть